<p>Грамадзяне Беларусі могуць набыць «зялёную карту» выключна на тэрыторыі сваёй краіны. На жаль, няма адпаведных заканадаўчых нормаў, якія дазваляюць беларусам набыць такую страхоўку на тэрыторыі Еўразвяза. Таксама і жыхар ЕЗ не можа набыць «зялёную карту» на тэрыторыі Беларусі</p>

Слухач Радыё Рацыя задаў пытанне нашаму эксперту: «Што рабіць, калі на тэрыторыі Польшчы скончыцца тэрмін дзеяння аўтамабільнай страхоўкі для выезду за мяжу, так званай «зялёнай карты»? Часта падарожнічаю па трасе Гародня – Кузніца Беластоцкая – Беласток па справах бізнесу».

Грамадзяне Беларусі могуць набыць «зялёную карту» выключна на тэрыторыі сваёй краіны. На жаль, няма адпаведных заканадаўчых нормаў, якія дазваляюць беларусам набыць такую страхоўку на тэрыторыі Еўразвяза. Таксама і жыхар ЕЗ не можа набыць «зялёную карту» на тэрыторыі Беларусі.

У часе знаходжання на тэрыторыі ЕЗ на аўтамабілі беларусы абавязаны мець такую страхоўку. Можа здарыцца, што наш аўтамабіль трапіць у аварыю на тэрыторыі Польшчы. У такім выпадку вельмі важна, каб дакументы на аўтамабіль былі актуальнымі. Адным з такіх дакументаў з'яўляецца «зялёная карта».

«Зялёная карта» – міжнародны сертыфікат страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў механічных транспартных сродкаў. Калі мы згубім такую страхоўку, знішчым яе або скончыцца тэрмін яе дзеяння, то неабходна набыць іншую страхоўку ў якасці замены. Яна называецца «Ubezpieczenie OC Graniczne». Гэта страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў механічных транспартных сродкаў, якое выкарыстоўваецца ў тым выпадку, калі ўладальнік механічнага транспартнага сродка, зарэгістраванага за мяжой, не мае «зялёнай карты». Такая страхоўка набываецца на тэрмін, не меншы за адзін месяц. Яе кошт – 120 злотых (прыкладна 30 еўра).

Два прыклады, дзе на трасе Беласток – Кузніца Беластоцкая можна набыць такую страхоўку:

1. PZMot знаходзіцца непасрэдна каля мяжы на выездзе з Польшчы. Тэл. (85) 7224718, (85) 7224611. Працуе без перапынкаў і кожны дзень.

2. Страхавое агенцтва «Wena» ў Беластоку. Вуліца Krakowska 5 lok. 309. Тэл. (85)7445598 або (85)7423071 з панядзелка па пятніцу 8.00-17.00.

Калі аўтаўладальнік не мае «зялёнай карты», то ў выпадку праверкі дакументаў яго чакае вельмі вялікі штраф.