https://www.traditionrolex.com/8
<p>Праграмай задумана стварэнне ў Нарачанскай курортнай зоне найбуйнейшага аздараўленчага, культурна-забаўляльнага і турыстычнага цэнтра, які змог бы канкурыраваць з вядомымі замежнымі курортамі. Але для гэтага айчыннай жамчужыне трэба даць належную аправу. І для гэтага ёсць усе перадумовы. Пачынаючы з 2011 года, тут карпатліва працуюць над стварэннем інфраструктуры для паўнавартаснага адпачынку па сусветных стандартах</p>

У Мядзельскім раёне, шчыра прызнацца, не была гадоў пяць. Такая магчымасць выпала на днях з нагоды прэс-тура для рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, што зладзіў Мінскі аблвыканкам па Нарачанскім краі. Таму асабліва кінуліся ў вочы тыя перамены, што адбыліся тут за гэты час, што з'явілася шмат новых турыстычных, культурна-забаўляльных, аздараўленчых аб'ектаў, павядамляе «Звязда».

Панскі маёнтак для працоўных

Напрыклад, узорам дбайнага гаспадарання і арганізацыі адпачынку прыезджых можна назваць аграсядзібу «Панскі маёнтак». Як распавёў яе гаспадар Генадзь Бойка, гэтаму будынку звыш 120 гадоў. Калісьці ў ім захоўваў збожжа мясцовы пан, а ў нядаўнія часы — калгас. Выкупілі памяшканне, як зазначыў Генадзь Раманавіч, нядорага і да гэтага часу працягваюць яго ўдасканальваць, добраўпарадкаваць. Хаця, на першы погляд, тут ёсць усё неабходнае для адпачынку: прыгожы сад, вадаспад, добрае харчаванне, міні-заапарк з паўлінамі, музей народнага побыту. Адначасова ў сядзібе могуць размясціцца да 50 чалавек, даспадобы тут адпачынак не толькі беларусам, але і замежным гасцям.

Кавярня «Беларуская хата» раённага спажывецкага таварыства таксама павышае культуру абслугоўвання насельніцтва, прываблівае наведнікаў разнастайнымі стравамі, у тым ліку і нацыянальнымі. Летась за 6 месяцаў таваразварот склаў крыху больш за 300 мільёнаў рублёў, а за аналагічны перыяд сёлета — звыш 500 млн рублёў.

Удасканальвае сваю базу і санаторна-аздараўленчы комплекс «Прыазёрны»: плануецца будаўніцтва пяці катэджаў гасцінічнага тыпу, аўтастаянкі, зоны адпачынку з фантанам і садова-паркавым ансамблем. І самае галоўнае, у санаторыі дбаюць пра якасць медыцынскага абслугоўвання. Летась тут адпачылі і прайшлі аздараўленне 11894 чалавекі, у тым ліку 6500 замежнікаў. Сёння 60% здраўніц Нарачанскага краю працуюць са 100-працэнтнай загрузкай. Сярэдняе запаўненне за адпаведны перыяд мінулага года было на ўзроўні 85%. Але на думку губернатара Барыса Батуры, у бліжэйшы час трэба дасягнуць 90-95-працэнтнага паказчыка.

1

З Еўропы праз Далёкі Усход — у Амерыку

На тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі», паміж азёрамі Мястра і Нарач, месціцца дэндралагічны сад на плошчы 16 гектараў. Яго тэрыторыя разбіта на пяць батаніка-геаграфічных зон (Еўропа; Сібір, Далёкі Усход; Сярэдняя Азія; Крым, Каўказ; Амерыка), дзе прадстаўлена расліннасць гэтых рэгіёнаў — усяго каля 400 відаў. Тут жа знаходзіцца вельмі цікавы аб'ект — Музей лесу. Экспазіцыя складаецца з 6 блокаў, дзе можна азнаёміцца з асноўнымі пародамі дрэў, што растуць у беларускіх пушчах. У кожнай кампазіцыі адлюстравана іх развіццё — ад насення да дарослага дрэва.

А нядаўна ў дэндрасадзе пасяліўся не надта жаданы жыхар — бабёр, якія наносіць урон тутэйшай флоры.
Як жартуюць супрацоўнікі, ён не толькі набыў тут маёмасць, але і пачаў пашырацца — будаваць трэці паверх. Змагацца з такім суседам, бясспрэчна, вельмі цяжка, але гэта сведчыць і пра тое, што тут экалагічна чыстая, прыдатная для жыцця тэрыторыя.

Містэрыя смаку

Значны штуршок да развіцця дала Дзяржаўная праграма развіцця Нарачанскага краю на 2011—2015 гады, куды інвеставана звыш 1 трлн рублёў. У 2012 годзе ў 2,3 раза больш аказана санаторна-аздараўленчых паслуг у параўнанні з папярэднім годам і больш чым удвая — турысцка-экскурсійных, культурных паслуг. Экспарт жа паслуг у цэлым павялічыўся на 52% і склаў 13,4 млн долараў ЗША пры прагнозе 9,5 млн. Паправілі здароўе і адпачылі ў здраўніцах Нарачы 75,5 тыс. чалавек.

Турызм у цэнтральным рэгіёне развіваецца ў трох кірунках: адпачынак і аздараўленне, аграэкатурызм, наведванне славутых аб'ектаў і мясцін. Гэтыя абставіны станоўча ўплываюць на развіццё эканомікі, будаўніцтва, гасцінічную і сельскую гаспадаркі, гандаль, стварэнне новых вытворчасцяў. Ва ўнітарным прадпрыемстве «Ілаўскае» Мядзельскага раёна першымі распрацавалі рэцэптуру і пачалі выпускаць кальвадос «Містэрыя» з айчынных яблык, а таксама натуральнае віно на аснове соку буякоў. Адкрыта вытворчасць па перапрацоўцы і выпуску кансерваў і далікатэсаў з рыбы, якой надзвычай багатыя тутэйшыя азёры. Нядаўна цэх па перапрацоўцы свініны і ялавічыны, які належаў «Нарачанскаму курортгандлю», па рашэнні кіраўніцтва Мядзельскага раёна перадалі ААТ «Нарачанскі». Хацелася б, каб тут захавалі тэхналогію, якасць і лепшыя традыцыі вырабу каўбас, вэнджанай і вяленай прадукцыі і нават перасягнулі майстэрства сваіх папярэднікаў.

У Мядзельскім раёне ёсць усе перадумовы для выпуску экалагічна чыстай прадукцыі, якая б магла стаць брэндам. Рэгіён месціцца ў прыродаахоўнай зоне, дзе забаронена прымяненне гербіцыдаў і пестыцыдаў. Але справа ў тым, што ў Беларусі пакуль няма стандарту: што лічыць экалагічна чыстай прадукцыяй. Ён пакуль распрацоўваецца. Прадпрымальнікі, не дачакаўшыся канчатковых вынікаў, пачалі актыўна займацца адпаведнымі вытворчасцямі. Разам з тым яны не вельмі ініцыятыўныя ў стварэнні сезонных пунктаў рознічнага гандлю і грамадскага харчавання. Лічаць, найлепшым варыянтам будаўніцтва капітальных стацыянарных аб'ектаў, разлічаных на работу круглы год. За мяжой у курортных зонах накшталт нарачанскай, як правіла, устанаўліваюць канструкцыі, збудаванні, якія можна лёгка разабраць у зімовы перыяд.

0

Работа над памылкамі

Нягледзячы на набыткі апошніх гадоў, у турыстычнай сферы Міншчыны шмат што трэба вырашаць. На жаль, яшчэ адстае ад надзённых патрэб сістэма інфармаванасці аб рынку айчынных турыстычных паслуг. Аднак радуе тое, што на месцах актыўна асвойваюць інтэрнэт. Спецыялісты Мядзельскага райвыканкама, напрыклад, стварылі турыстычны партал Нарачанскага краю, які суправаджаецца інтэрактыўнымі картамі турыстычных аб'ектаў, аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, аўтастаянак.

У вобласці налічваецца 54 гасцініцы, але ж недастаткова такіх, што прапаноўваюць якасна высокі ўзровень абслугоўвання турыстаў і ўмоў для пражывання. «Але работа над памылкамі вядзецца. Над атрыманнем сертыфікату адпаведнасці катэгорыі «тры зоркі» працуюць у пяці райцэнтрах: Салігорску, Слуцку, Валожыне, Вілейцы, Уздзе. Да канца года павінна завяршыцца рэканструкцыя абласной спартыўна-аздараўленчай базы «Галактыка» ў Валожынскім раёне на 240 месцаў, а таксама закончыцца будаўніцтва гасцініцы на 100 месцаў у Мядзеле», — канстатаваў кіраўнік сталічнага рэгіёна.

Слова за прафесіяналамі

Перашкаджае далейшаму развіццю турыстычнай галіны і яўны дэфіцыт кваліфікаваных кадраў. Прычына — у адсутнасці сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, адпаведнай сусветным стандартам. Так, летась на Міншчыне толькі 16 экскурсаводаў і ўсяго адзін гід-перакладчык прайшлі прафесійную атэстацыю. Праблему трэба вырашаць неадкладна. Адзін з варыянтаў — накіроўваць кадры на абучэнне, у тым ліку і за мяжу.

У вобласці зарэгістравана чвэрць аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання прыдарожнага сэрвісу ад тых, што ёсць у Беларусі. Летась увялі ў эксплуатацыю 34 аб'екты, сёлета з'явяцца 4 сучасныя комплексы з самым шырокім спектрам паслуг. Да канца 2015-га будзе пабудавана яшчэ 69. Здавалася б, нямала, але гэтага, на думку губернатара, недастаткова, улічваючы геаграфічнае становішча вобласці і запатрабаванасць паслугі. Працягваецца работа над удасканальваннем якасці абслугоўвання турыстаў: устаноўка тэрміналаў для разліку па банкаўскіх пластыкавых картках, пашырэнне асартыменту і паляпшэнне якасці тавараў. На 120 аб'ектах меню распрацавана на беларускай, рускай і англійскай мовах, а на 116 арганізаваны продаж сувенірнай і друкаванай прадукцыі.

Словам, праграмай задумана стварэнне ў Нарачанскай курортнай зоне найбуйнейшага аздараўленчага, культурна-забаўляльнага і турыстычнага цэнтра, які змог бы канкурыраваць з вядомымі замежнымі курортамі. Але для гэтага айчыннай жамчужыне трэба даць належную аправу. І для гэтага ёсць усе перадумовы. Пачынаючы з 2011 года, тут карпатліва працуюць над стварэннем інфраструктуры для паўнавартаснага адпачынку па сусветных стандартах.


https://www.traditionrolex.com/8