<p>Заходжу ў музей, стаю, разглядваю карту Смаргоншчыны, што вісіць перад уваходам. Супрацоўнік музея заўважае маю зацікаўленасць і ўключае падсвятленне: адразу бачныя асноўныя помнікі гэтага краю</p>
Заходжу ў музей, стаю, разглядваю карту Смаргоншчыны, што вісіць перад уваходам.

Супрацоўнік музея заўважае маю зацікаўленасць і ўключае падсвятленне: адразу бачныя асноўныя помнікі гэтага краю, паведамляе "Рэгіянальная газета".

– Ну, праходзьце, – запрашае мяне адна з аўтараў праекта музейнай экспазіцыі Святлана Чагадаева. – Вось наш Крэўскі замак, і гэтая зала праз яго распавядае гісторыю феадальнай Смаргоні. Далей зала, дзе паказаная вытворчая дзейнасць і духоўная культура жыхароў краю. Трэцяя зала прысвечаная сусветным войнам, а чацвертая – нашым вядомым землякам.

1

У першай зале. Цагліну нават далі патрымаць у руках. Яна вельмі важкая.

2

У другой зале.

3

4

У залах яшчэ пахне навізной, бо экспазіцыя запрацавала толькі 3 ліпеня.

– Будаўнікі сышлі некалькі дзён таму, а мы ўжо адкрыліся, – дадае спадарыня Святлана. – Калі пабачылі “чысты” варыянт, дзівіліся, як так хутка паспелі ўсё прыбраць і падрыхтаваць.

І сапраўды, усё быццам бы на сваіх месцах, быццам бы сто гадоў так і ляжыць. І выглядае экспазіцыя даволі проста: няма тут 7D-эфектаў ці яшчэ чаго-небудзь ультрасучаснага. Дзіву даешся, калі разумееш, што гэта экспазіцыя распрацоўвалася дзевяць гадоў і стала магчымай толькі дзякуючы вялікім намаганням усіх, каму яна была неабыякавая.

Ад Батлейкі да сённяшняга дня

Канцэпцыя будаўніцтва і стварэння экспазіцыі пачынаецца на наступны дзень пасля стварэння музея, – тлумачыць галоўны захавальнік музея Павел Картавік.

Пасля заснавання ў 1984 годзе мы знаходзіліся ў будынку касцёла, некалі гэта было памяшканне кальвінскага збору. Наш музей быў музеем-тэатрам “Батлейка”. Адпаведна, усе экспанаты збіраліся для таго, каб прадставіць гісторыю гэтага тэатра.

Канцэпцыю распрацавалі супрацоўнікі нашага музея разам з тэатральным музеем імя Бахрушына ў Маскве. Але яе не зацвердзілі ў Міністэрстве культуры.

Куток "Батлейкі".

5

Тады вырашылі замест музея-тэатра “Батлейка” зрабіць увогуле музей беларускага народнага тэатра. Старая канцэпцыя пайшла ў заняпад і трэба было распрацоўваць новую.

Аднак у 1989 годзе храм аддалі вернікам, мы страцілі будынак і пераехалі сюды (цяпер музей месціцца па вуліцы Кутузава, 23 – рэд.). Але гэта памяшканне не будавалася для музея. Раней тут былі абутковая фірма і крама.

Пасля пераезду ў 1992 годзе нам зноў змянілі профіль, і па сённяшні час музей носіць назву гісторыка-краязнаўчага. Ён распавядае гісторыю свайго краю. З 1992 года пачалася распрацоўка новай канцэпцыі.

Канчаткова канцэпцыю зацвердзілі ў 2004 годзе. Праз год унеслі некаторыя дапаўненні і пачалі непасрэдна над ёй працаваць.

Наша канцэпцыя мае некаторыя адметнасці. Мы вырашылі адмовіцца ад храналагічнай пабудовы экспазіцыі і рабіць яе па тэматычным прынцыпе. Гэта значыць, што гісторыя роднага краю распавядаецца праз гісторыю аднаго аб’екта.

Напрыклад, гісторыя феадальнага перыяду ў нас паказваецца праз гісторыю Крэўскага замка.

Для таго, каб пабудаваць экспазіцыю, аддзел культуры заключыў дамову з медыяартстудыяй горада Віцебска. Мастакі гэтай установы, якую тады ўзначальваў мастак Улазімір Іваноў, мелі вялікі досвед у будаўніцтве экспазіцый для музеяў.

Таму дамову аб пабудове нашай экспазіцый заключылі менавіта з ёй.

Як стваралася экспазіцыя

6

Мы пачалі збіраць экспанаты, якія на нашу думку павінны былі быць у экспазіцыі. Большую частку нам перадавалі самі людзі, меншую частку здабывалі ў этнаграфічных экспедыцыях, штосьці дапамагала набываць дзяржава.

Вельмі каштоўны экспанат Першай сусветнай вайны, арыгінальныя часопісы “Вялікая вайна ў вобразах і карцінках”, які выходзіў у 1916-1917 гадах у друкарні Мамантава (Масква), набылі за кошт нашага Смаргонскага райвыканкама.

Цяпер мы не выставілі іх толькі таму, што пакуль не давезлі шкло, пад якое маглі б іх пакласці.

7

Першыя будаўнічыя працы былі праведзеныя ў 2008 годзе. Потым на два гады яны спынілася, бо не хапала фінансавых сродкаў.

Аднак, калі Аляксандра Вярсоцкага перавялі з пасады намесніка старшыні Смаргонскага райвыканкама ў аблвыканкам на пасаду начальніка ўпраўлення культуры, ён, ведаючы нашу праблему, дапамог, і працы зрушыліся з мёртвай кропкі.

Дзяржава выдзеліла грошы і вялікія. Літаральна за 2012-2013 год усё было перароблена кардынальна. Калі не ўлічваць перапынкі, пабудова заняла каля года.

8

9

Падзякі

Трэба падзякаваць усім, хто дапамагаў ствараць экспазіцыю. На жаль, аднаго з галоўных стваральнікаў экспазіцыі, былога дырэктара нашага музея Марыі Майсевіч не стала. Многія шмат зрабілі! Дзякуй Надзеі Маркавай, былому галоўнаму захавальніку фонду музея, Святлане Чагадаевай, навуковаму супрацоўніку.

Асноўны клопат па ажыццяўленні праекта экспазіцыі выпаў на новага дырэктара Любоў Белуш. Праз 2 месяцы будзе год, як яна працуе.

Пасляслоўе

– Мы гэтую экспазіцыю распрацоўвалі ледзь не 10 гадоў таму, – кажа, развітваючыся, Святлана Чагадаева. – Канешне, з’явіліся новыя тэхналогіі і, магчыма, многія рэчы мы б цяпер зрабілі зусім па-іншаму. Людзі прыходзяць да нас. Тут ужо пабывала шмат настаўнікаў. Музей вельмі важны, бо калі распавядаеш на пальцах – гэта адно. А калі можна яшчэ і ўбачыць ці нават патрымаць у руках – зусім іншае. Я лічу, што  нават невялікаму гарадку музей патрэбен. Трэба выхоўваць людзей. Як сказаў Амар Хаям:

“Бо калі я гарэць не буду, бо калі ты гарэць не будзеш, то хто вакол развее цемру?”

Настасся РОЎДА

Фота Настассі РОЎДЫ