У Мінску ў хуткім часе павінен з’явіцца Музей беларусаў свету

30.07.2013 - Новости

У Мінску ў хуткім часе павінен з’явіцца Музей беларусаў свету

Першай ластаўкай, якая абвясціла добрую навіну, стала прэзентацыя ў Інстытуце культуры Беларусі выставы «Беларусы ў свеце»

Першай ластаўкай, якая абвясціла добрую навіну, стала прэзентацыя ў Інстытуце культуры Беларусі выставы «Беларусы ў свеце», паведамляе «Народная газета». У экспазіцыі з незвычайнай назвай — рэчы з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і працы суполкі беларускіх мастакоў у Латвіі «Маю гонар». Рэчы проста ўнікальныя. Дзе вы яшчэ ўбачыце фотаздымак вяселля беларусаў у Аўстраліі трыццацігадовай даўніны, афішу беларускага фестывалю ў Нью-Джэрсі 1977 года або шапачкі, якія насілі беларускія студэнты старэйшага ў Бельгіі Лувенскага ўніверсітэта?!

Выдатная калекцыя кніг, мастацкіх прац, асабістых рэчаў беларускіх дыяспар раней належала Рэспубліканскаму навукова-асветніцкаму цэнтру імя Францыска Скарыны, які ўзначальваў прафесар, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс. На жаль, на зломе стагоддзяў цэнтр быў расфарміраваны, а каштоўныя экспанаты размеркаваны па некалькіх ведамствах. У Мальдзіса даўно круцілася ў галаве ідэя вярнуць і сабраць разам здабыткі цэнтра. Выстава ў Інбелкульце, супрацоўнікам якога вучоны з’яўляецца сёння, — першы крок вяртання той багатай калекцыі.

— У нашым музеі захавалася каля шасцідзесяці працэнтаў матэрыялаў. Шкада, што астатняя частка калекцыі калі не знікла, дык разышлася маленькімі кавалачкамі па розных інстытутах, — расказвае Аляксандр Храмы, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея, які прадаставіў экспанаты для выставы. — Наш музей зробіць усё магчымае, каб у хуткім часе гэта выстава стала часткай музея альбо хаця б філіяла музея.

Вядома, праект немагчыма было б ажыццявіць без ініцыятыўных людзей, якія працуюць у Інбелкульце, такіх, як прафесар Адам Мальдзіс і начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ала Сташкевіч, а таксама без беларускай дыяспары — людзей, для якіх усё гэта робіцца. Яны перадаюць Беларусі кнігі, фільмы, рэчы, звязаныя з іх жыццём за мяжой, дораць карціны і іншыя аб’екты творчасці, якой займаюцца па-за межамі радзімы.

Дарэчы, першыя творы  для экспанавання ў будучым музеі ўжо перадалі майстры з латвійскай суполкі Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі. На карцінах — Старая Вільня, Іерусалім, Гімалаі і іншыя цудоўныя краявіды, якія давялося ўбачыць аднойчы нашым суайчыннікам за мяжой.

— Нам патрэбны выставы ў Беларусі, — гаворыць старшыня аб’яднання Вячка Целеш. — Так, мы экспануемся і ў Латвіі, і ў іншых краінах. Але тут мы ўсё роўна больш родныя.

Музей беларусаў свету патрэбны і самім грамадзянам Беларусі.

— Беларусы няшмат ведаюць пра сваіх суайчыннікаў за мяжой, кім могуць ганарыцца, — гаворыць старшыня таварыства «Беларусь — Бельгія» Тамара Антановіч. — Вось, да прыкладу, Лаўрэн Клыбік — унікальнейшы чалавек. У 16 гадоў прыехаў у Бельгію, атрымаў адукацыю фармацэўта, скончыўшы Лувенскі ўніверсітэт. Трымаў сваю аптэку, быў адным з першых, хто рабіў гомеапатычныя лекі, патрэба ў якіх была ў суседніх дзяржавах. Валодаў беларускай, рускай, нямецкай, англійскай, польскай, яўрэйскай мовамі. А каб вывучыць яшчэ і кітайскую, адкрыў рэстаран, запрасіўшы повара з Кітая. І вось што цікава, на reception у яго рэстаране заўсёды вісела карта Беларусі, дзе была адзначана яго родная вёска. Ён ганарыўся Беларуссю і тым, што беларус.

Упэўнена, гэта пачуццё гонару за родную краіну і людзей, якіх дала свету беларуская зямля, здольна захліснуць кожнага, хто наведае пакуль што выставу «Беларусы ў свеце», а ў будучым, спадзяёмся, і цэлы Музей беларусаў свету.

—  Вельмі прыемна аказацца сярод вас, дарагія землякі, і адчуць, што мы неабыякавыя адзін аднаму, — прызнаўся член Саюза мастакоў Украіны, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ювелір Пётр Якубук. — Там, за мяжой, мы не забываемся на радзіму. Размаўляем па-беларуску, ладзім беларускія імпрэзы і вечары. Займаемся самай разнастайнай творчасцю. Да прыкладу, я раблю каштоўныя жаночыя  ўпрыгожанні з крымскімі матывамі. Мару правесці сваю персанальную выставу на Беларусі. І сёння, аказаўшыся ў Мінску, ведаю, дзе гэта можна будзе зрабіць — тут, у Музеі беларусаў свету.

Рубрики: Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах