https://www.traditionrolex.com/8
<p>Адзін чалавек, два колы, 6 000 кіламетраў</p>

Адзін чалавек, два колы, 6 000 кіламетраў. 34mag пагутарыў з 23-гадовым Аляксеем Ландрэсам, адчайным велааматарам, які сёлета ў траўні сам адправіўся ў падарожжа па Еўропе на ўласным ровары.

«Цяпер я ў Бельгіі, спыніўся у брусельскіх сяброў, якіх гэтак сама калісьці прымаў у Мінску, – дакладвае Аляксей праз акенца ў скайпе, пакуль на бэкграўндзе настойліва крычыць малое дзіця. – Сёння тут свята, адзначаюць Дзень Незалежнасці, плюс кароль у іх змяніўся ці нешта тыпу таго, таму пакуль што я адпачываю». У дарозе Аляксей ужо больш за два месяцы, але гэта толькі палова адрэзку – вяртанне ў Мінск плануецца толькі на восень. Украіна, Румынія, Балгарыя, Сербія, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Славенія, Аўстрыя, Германія і вось Бельгія – ва ўсіх гэтых краінах ужо застаўся гумовы след ягонага ровара. Што наперадзе – пакуль не вядома.

Ідэя адправіцца ў такое падарожжа з’явілася ў Аляксея яшчэ два гады таму, але з розных прычын ажыццявілася толькі цяпер. «Вельмі доўга калупаўся з дакументамі для візы, плюс яшчэ ў мяне атрымаўся даволі складаны маршрут – суцэльныя горы, – успамінае Аляксей. – Бывалі ўздымы па 30 км, ніводнага роўнага месца няма. Пасля Беларусі, дзе ўсё плоскае, як паверхня стала, з такім справіцца не кожны. Прыйшлося рыхтавацца».

«Ровар для мяне не проста хобі, а вандроўка – не проста забава, – папярэджвае Аляксей. – Я ўваходжу ў склад праўлення «Мінскага роварнага таварыства», таму хацелася паглядзець, што ёсць цікавага для раварыстаў у Еўропе і што з гэтага можна зрабіць у нас. У Беларусі цяпер ровар робіцца ўсё больш папулярным, а інфраструктура, на жаль, не развіваецца – гэта пацягне за сабой праблемы». Паводле Аляксея, ва ўсіх краінах, якія ён праязджаў, ужо ёсць добрыя ўмовы для раварыстаў – пачынаючы ад якасных дарог у Румыніі ды заканчваючы крутымі паркоўкамі ў Германіі.

Вялікую частку часу, як сапраўдны веламаньяк, Аляксей праводзіць у дарозе. Там жа, а не ў гарадах, і здабываюцца галоўныя ўражанні. «Самае прыгожае, што я бачыў за ўсё падарожжа, – гэта горныя дарогі, у любой краіне. Там шалёна класна, раю наведаць, – ажыўляецца вандроўнік. – Але наогул самае добрае, што адбываецца са мной падчас паездкі, – гэта людзі, у Еўропе яны добрыя і спагадлівыя. На знак падтрымкі мне ўвесь час бібікаюць кіроўцы аўтамабіляў, часам нават спыняюцца, каб даць папіць. Аднойчы ў кемпінгу як стомлены веласіпедыст я начаваў бясплатна. Яшчэ вельмі моцна запомніўся эпізод у Бялградзе, калі нейкі дзед у цэнтры горада выгульваў труса – не думаў, што калі-небудзь такое ўбачу».

lesha

Галоўная праблема ў падарожжы – начлег. З гэтым Аляксей змагаецца пры дапамозе хостэлаў і каўчсёрфінгу. Цэны хостэлаў вагаюцца ад 5 да 20 еўра за ложак у залежнасці ад краіны і шанцавання, а вось з каўчам ёсць асаблівасці. Для веласіпедыстаў існуе спецыяльны сэрвіс пошуку ўпісак па ўсім свеце – warmshowers.org, на якім акрамя начлегу можна нарвацца яшчэ і на дапамогу ў рамонце або проста на парады ў дарогу. Але ў моманты, калі ноч застае пасярод шляху, пад рукой абавязкова павінна быць палатка. «Пару разоў даводзілася начаваць у лесе каля дарогі, – прыгадвае Аляксей. – У Еўропе гэта нелегальна, але ў мяне праблем не было. Ну і калі праязджаеш гарады, часам засынаеш проста на лаўцы».

Калі ты таксама даўно марыш паехаць па Еўропе на ровары, акрамя візы варта памятаць яшчэ пра некалькі рэчаў. «У першую чаргу, трэба пракласці дакладны маршрут, напрыклад, з дапамогай Google Maps, – праводзіць інструктаж Аляксей. – Але неабавязкова ўвесь шлях праходзіць толькі на ровары – часам я сумяшчаю велакідкі з перасоўваннем аўтобусам або цягніком. Потым трэба вызначыцца з роварам – на вялікія адлегласці шмат хто, напэўна, абярэ горны, але я аддаю перавагу цыклакросу. Акрамя таго, трэба ведаць, колькі кіламетраў ты ў стане праехаць за дзень. Нельга проста стартануць без падрыхтоўкі, стомленасць будзе адбівацца на якасці падарожжа. Некаторыя дзяўчаты кажуць, што яны і 15 км за дзень не праедуць, а тут я часам па 200 выкладваю».

Раім наведаць паблік Аляксея Ландрэса «Вконтакте», дзе можна прасачыць за яго падарожжам і адгледзець стос клёвых пейзажных фотаздымкаў.

https://www.traditionrolex.com/8