<p>Па словах дырэктара музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Юрыя Зялевіча, сярод шматлікіх імпрэз святкавання – прэзентацыя кнігі, прысвечанай Беларусі ў вайне 1812 года</p>

2-га жніўня «Пружанскі палацык» арганізуе шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 20-годдзя заснавання музея, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Па словах дырэктара музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Юрыя Зялевіча, сярод шматлікіх імпрэз святкавання – прэзентацыя кнігі, прысвечанай Беларусі ў вайне 1812 года:

- Кніга нашага земляка, гісторыка Леаніда Міхайлавіча Несцярчука. Кніга вельмі цікавая. Тычыцца нашага раёна. Яна называецца «Беларусь у вайне 1812 года. Паміж Напалеонам і Аляксандрам». Будзе і сюрпрыз. Мы назвалі яго «Выстава дзвюх карцін». Можа быць, Шагал. Гэта дзве карціны з прыватнай калекцыі. Ёсць такая думка, што яны пэндзля Марка Шагала. Такая з’ява, як святкаванне музеем свайго юбілею, рэдкая ў Беларусі. Таму мы першапраходцы ў гэтым кірунку. Мы хочам прыцягнуць увагу грамадскасці да таго, што ёсць музей – такая спецыфічная культурніцкая ўстанова.

З нагоды юбілею ў Пружанскім музеі можна будзе таксама паўдзельнічаць ў круглым стале па мінулым, сучасным і будучым Палацыка, паглядзець спектакль «Прапанова» ды паслухаць канцэрты і віншаванні. Мерапрыемства завершыць вогненнае відовішчнае шоу.