<p>Легальна ў Польшчу можна ўвезці паліва, якое можа змясціць стандартны бак прыватных аўтамабіляў, а таксама матацыклаў, якія накіроўваюцца ў краіны Еўразвяза. Таксама мы маем права мець паліва ў перанасной каністры, аднак яе аб'ем не можа быць большы за 10 літраў</p>

Легальна ў Польшчу можна ўвезці паліва, якое можа змясціць стандартны бак прыватных аўтамабіляў, а таксама матацыклаў, якія накіроўваюцца ў краіны Еўразвяза. Таксама мы маем права мець паліва ў перанасной каністры, аднак яе аб'ем не можа быць большы за 10 літраў, сообщает Беларускае Радыё Рацыя.

Такім парадкам, мы маем права на адзін поўны бак і невялікую запасную ёмістасць з бензінам. Гэта не так і шмат. Але цана паліва ў Беларусі на палову меншая, чым у Польшчы, а больш нізкія цэны спакушаюць кантрабандыстаў перавозіць паліва ў вялікіх аб’ёмах.

Трэба ведаць. Стандартныя бакі – гэта тыя, якія ўсталяваныя ва ўсіх аўтамабілях адной маркі і прызначаныя для непасрэднага выкарыстання паліва для руху машыны. Нельга камбінаваць з бакамі. У спрэчнай сітуацыі мытнікі могуць з дапамогай камп'ютарнай базы праверыць аўтамабіль, год яго вытворчасці і на падставе гэтага вызначыць тып паліўнага бака, які павінен у такой машыне быць усталяваны.

Калі мы маем паліва (напрыклад, з Беларусі), якое не абкладаецца мытам, то не можам яго выкарыстоўваць у іншых аўтамабілях, акрамя таго, у якім яно было прывезена. Таксама такое паліва не можна “зліваць” з аўтамабіля і захоўваць у іншых месцах. Вынятак складае сітуацыя, калі гэта патрабуецца для рамонту машыны. Названае паліва нельга перадаваць або прадаваць іншым кіроўцам для іншага аўтамабіля.

Што будзе, калі мы парушым правілы?

У выпадку, калі ў час мытнага кантролю выявіцца парушэнне нормаў правозу паліва (якое вызваленае ад мытаў) і калі гэтыя лішкі паліва не былі задэклараваныя, то мае месца нелегальны ўвоз тавараў на тэрыторыю Еўразвяза. Нелегальнага перавозчыка чакаюць мытныя і падатковыя аплаты на падставе крымінальна-падатковага заканадаўства.

Калі перакрочаныя нормы правозу паліва, якое можна правезці без дэкларавання, то парушальніку могуць выставіць абвінавачанне паводле арт.86 і арт.54 крымінальна-падатковага кодэксу (мытная кантрабанда). За продаж паліва, увезенага ў межах нормы, пагражае абвінавачанне паводле арт.89 і арт.73. За продаж набытага паліва – паводле арт.91 (за куплю і перапродаж скрадзенага тавару).

У Польшчы дастаткова часта сустракаюцца крымінальна-падатковыя справы на падставе парушэння нормаў увозу паліва. Часта здараецца так, што людзі ездзяць старымі машынамі маркі VW Passat, у якіх вялікія паліўныя бакі. Правезенае паліва перахоўваюць у «знаёмых» і прадаюць фермерам па больш высокіх коштах. І хоць, калі паліва ўвозіцца ў межах нормы, гэта не ёсць парушэннем заканадаўства, то перапродаж паліва можа выклікаць непрыемныя наступствы. Трэба ведаць, што палякі, якія займаюцца нелегальным абаротам паліва, яго купляй і перапродажам, знаходзяцца пад наглядам памежных службаў.

У памежнікаў есць добрае абсталяванне: адмысловыя машыны, квадрацыклы, біноклі, яны аб'язджаюць памежныя лясы і дасканала ведаюць тэрыторыю. У той момант, калі машыны з беларускімі нумарамі накіроўваюцца да сваіх «знаёмых», за імі могуць назіраць, а пасля… Вядома што…

Норма ўвозу ў Польшчу паліва ў грузавых аўтамабілях

У час выезду з Беларусі ў Польшчу перавозчыкі могуць мець у паліўным баку машыны не больш за 600 літраў паліва, а таксама да 200 літраў паліва ў стандартнай ёмістасці спецыяльнага прызначэння (напрыклад, калі прычэп мае маразільны агрэгат).

Калі ліміт будзе перакрочаны, трэба будзе заплаціць дадатковы падатак, акцызу, падатак VAT i аплату за паліва. Гэта дорага і займае шмат часу. Паліва з-за ўсходняй мяжы – больш таннае, таму ў Польшчы і ва ўсім Еўразвязе, дзе паліва значна больш дарагое, прадпрымальнікам вельмі цяжка канкураваць з перавозчыкамі з «усходу».

Але на практыцы польскія і беларускія «прадпрымальнікі» абыходзяць усе абмежаванні ды абіраюць іншую дарогу - праз Літву. Гэта ажно на 400 кіламетраў больш. Тут няма лімітаў. Шматлікія, акрамя стандартных бакаў, усталявалі ў сваіх машынах і дадатковыя. Перавезці 2000 літраў паліва (больш не атрымаецца) – гэта не праблема. Літоўскія мытнікі талерантна ставяцца да нестандартных бакаў. Хуткі абмен поглядамі і справа вырашана. Чэргі фураў на беларуска-літоўскай мяжы даходзяць да некалькіх кіламетраў, але мытнікі працуюць хутка і спраўна, бо "час – гэта грошы".