https://www.traditionrolex.com/8
<p>Усталёўка забарончых знакаў на ўезд у Брэсцкую крэпасць на ровары працягвае хваляваць аматараў экалагічнага транспартнага сродку. Раварыстам не толькі не вылучылі зону для перамяшчэння, але і паказалі знакам на выхад</p>
Усталёўка забарончых знакаў на ўезд у Брэсцкую крэпасць на ровары працягвае хваляваць аматараў экалагічнага транспартнага сродку. Раварыстам не толькі не вылучылі зону для перамяшчэння, але і паказалі знакам на выхад, паведамляе «Брестский Курьер».

Сама забарона ездзіць па тэрыторыі мемарыяла на роварах існавала і раней. Пра гэта выказваўся і дырэктар Рыгор Бысюк, пра гэта можна было пачытаць і ў правілах наведвання мемарыяльнага комплексу, якія то тут то там сустракаюцца на шляху перасоўвання турыстаў.

Аднак у веласіпедыстаў гэтыя забароны не выклікалі ніякай рэакцыі, як і ў архітэктараў, якія на розных этапах працавалі над ідэямі злучэння цяперашняга горада і крэпасці. Ва ўсіх праектах так ці інакш прысутнічала думка, што без веладарожак вялізная тэрыторыя крэпасці існаваць проста не можа. Тыя раварысты, што прысутнічалі на мерапрыемствах праекта «Брэст-2019», ледзь не за здзейснены факт прымалі, што хутка яны будуць перасоўвацца тут зусім легальна. Але і нелегальны стан не моцна напружваў, тым больш што многія пра яго і не падазравалі. Праезд на крэпасці на ровары ўяўляўся настолькі ж нармальным, як праезд па гістарычным цэнтры, скажам, Вільні, таксама закрытым для аўтатранспарту.

І вось замест таго, каб нарэшце скасаваць састарэлую маральна забарону, адміністрацыя мемарыяльнага комплексу яе актуалізавала, аформіўшы ў адмысловы дарожны знак. І патлумачыла не якімі-небудзь аб’ектыўнымі прычынамі тыпу наяўнасці дарожна-транспартных здарэнняў па віне раварыстаў, а звыклымі лозунгамі: «Людзі ідуць сюды з пэўнай мэтай, а не таму, каб накручваць кіламетры, смяяцца і крычаць», - цытуе Рыгора Бысюка газета «Тут і цяпер».

Раварысты на форумах не знайшлі логікі ў заявах адміністрацыі. Маўляў, і раварысты бываюць розныя, і пешаходы далёка не ўсе ідуць у крэпасць аддаць даніну памяці. Чаму, - здзіўляюцца берасцейцы на двух колах, - смяяцца на ровары ў крэпасці нельга, а піць гарэлку ў рэстаране «Цытадэль» і рабіць вясельныя фота на фоне  Вечнага агню – можна?

У пошуках кампрамісаў

На неадназначную падзею адрэагавалі не толькі асобныя велааматары, але і арганізаваныя суполкі. Так, кампанія «За вела-Брэст» арганізавала збор подпісаў за скасаванне забароны. У заяве кампаніі гаворыцца пра беспадстаўнасць аргумента, што роварны рух абражае памяць палеглых абаронцаў. І звяртаецца ўвага, што «многія велатурысты з Еўропы, Беларусі, СНД пракладваюць турысцкія маршруты з улікам магчымасці наведаць Брэсцкую крэпасць».

Разам з тым удзельнікі кампаніі выказалі згоду на абмежаванне роварнага руху па цытадэлі. Абмежаваны ён можа быць як веладарожкамі, так і спецыяльнымі маршрутамі агляду турыстычных аб’ектаў. Каардынатары згадзіліся на тое, што крэпасць – не месца для забаўляльных пакатушак.

Кампанія «За вела-Брэст», такім чынам, прапанавала варыянт, які можа задаволіць абодва бакі канфлікту. Праўда, адным з бакоў будзе не ўся роварная супольнасць, а толькі велатурысты.

 З працы дадому

Але ўласна турыстаў сярод роварных наведвальнікаў крэпасці набярэцца не так і шмат. Асабліва сярод саміх берасцейцаў, якія ўсе турыстычныя магчымасці гэтага аб’екта вычарпалі яшчэ ў школе. Адны едуць сюды па справах, іншыя скарачаюць дарогу з дома ў цэнтр, трэція – самыя шматлікія – проста адпачываюць ад аўтамабіляў.

Цалкам лагічна, што людзі не зразумелі гумару сітуацыі. Масавых пратэстаў гэта не выклікала, але між сабой многія раварысты пастанавілі: будзем ездзіць, як ездзілі. І сапраўды ездзяць, што засведчыла, напрыклад, наш фотакарэспандэнт Мілана Харытонава, якая неўзабаве пасля ўсталёўкі знакаў паехала іх фатаграфаваць.

Як кажа каардынатар кампаніі «За вела-Брэст» Уладзімір Красько, адбываецца стандартная сітуацыя, калі народ ігнаруе нелагічнае, з яго пункту погляду, патрабаванне. Праўда, нічога і не робіць, каб абсурдную норму змяніць. Бо, акрамя збору подпісаў кампаніі «За вела-Брэст» і абурэння на форумах, ніякіх іншых грамадскіх дзеянняў супраць забароны не з’явілася.

Магчыма, для адміністрацыі крэпасці нават на руку, што актыўная частка насельніцтва (а раварысты пераважна такой і з’яўляюцца) вырашыла знакі праігнараваць. Моладзь і так не надта заахвочваюць ідэалагічныя крычалкі, а калі яны яшчэ цалкам трацяць лагічны падмурак, як у дадзеным выпадку, то маладая аўдыторыя для выхаваўцаў-патрыётаў будзе цалкам страчаная.

А выхаванне атрымліваецца тут чыста савецкае, калі бацькі кажуць малому «Нельга!», а на пытанне «Чаму?» даюць няўцямныя адказы.

Ці проста маўчаць.

Іна ХОМІЧ

https://www.traditionrolex.com/8