Уладзіміру АРЛОВУ – 60! Віншуем!

26.08.2013 - Новости

Уладзіміру АРЛОВУ – 60! Віншуем!

25 жніўня пісьменніку, гісторыку, патрыёту, аматару вандровак па Беларусі Уладзіміру Арлову споўнілася 60 гадоў!

25 жніўня пісьменніку, гісторыку, патрыёту, аматару вандровак па Беларусі Уладзіміру Арлову споўнілася 60 гадоў. Напярэдадні ён адказаў на некалькі пытанняў , nn.by.

— Ці будзеце Вы адзначаць 60-годдзе? Увогуле, у Вас прынята адзначаць дні нараджэння? Калі так, то мо ўзгадаеце самы памятны з іх і самы памятны падарунак.

УА: Зрабіць выгляд, быццам нічога не здарылася, было б не зусім па-мужчынску. Прыход на свет — галоўная падзея жыцця. Цяжка не пагадзіцца з Платонам: нараджэнне ёсць той доляй неўміручасці і вечнасці, якая дадзена смяротнай істоце.

Мне даводзілася сустракаць гэты дзень і на самоце, і ў вандроўцы далёка ад дома, але я ніколі не забываў яго адзначыць — хаця б няспешнай размоваю з самім сабой.

З гадамі чалавек нібыта ўсё бліжэйшы да багоў, герояў і дэманаў, і людзі цікавяць яго ўсё менш. Пакуль што не магу сказаць тое пра сябе. Прынамсі, людзі працягваюць цікавіць мяне, і некаторых з іх я хачу абавязкова ў апошнія жнівеньскія дні ўбачыць.

Дадам, што з 2008 я адзначаю і другі свой дзень нараджэння — 6 лістапада. Тады я — ужо з інфарктам і тромбам, што затаіўся ў адной з артэрыяў, — нейкім дзівам даляцеў з Лондана, дзе быў на канферэнцыі і, дарэчы, выступаў на тэму «Cыход паэта з яснай явы. Версіі Купалавай смерці», і ў Мінску адразу трапіў у рэанімацыю. Кардыяхірург Алег Паланецкі вярнуў мне адабраны рэаніматолагамі тэлефон і даў дзесяць хвілін да пачатку тэрміновай аперацыі. Па дарозе ў аперацыйную я думаў, што, калі сёння ўсё скончыцца тут, даведаюся, што дзеецца там. Не вельмі, прызнаюся, такая думка суцяшала, але літарацкі інстынкт, тым не менш, прымушаў запамінаць усе дэталі.

У Віславы Шымборскай ёсць пераствораны Андрэем Хадановічам верш «Заўтра без нас»:

...Наступны дзень
абяцае быць сонечным,
хоць тым, хто будзе жыць далей,
яшчэ спатрэбіцца парасон.

Як бачыце, парасон мне дагэтуль патрэбны.

Наконт любога іншага дня я ўжо вёў гаворку ў кнізе «Пакуль ляціць страла. 100 пытанняў пісьменніку» ў адказе пад назвай «На мачанку з Ігнатам Грынявіцкім». Там цэлы спіс: ад князя Усяслава Чарадзея і генерала Ордэна езуітаў Габрыэля Грубэра да ўжо згаданага забойцы Аляксандра ІІ, у якога я меўся высветліць, з чым былі тыя піражкі, порцыю якіх ён з’еў з гарбатаю ў цукерні насупраць Гасціннага двара, куды Соф’я Пяроўская сабрала бомбакідальнікаў, калі цар нечакана змяніў маршрут руху па пецярбургскіх вуліцах.

— З кім з гістарычных асоб Вам хацелася б у гэты дзень выпіць куфаль піва і пагаварыць пра жыццё?

УА: Хацеў бы сустрэцца з трыма жанчынамі: Дамінікай з майго апавядання «Тры мужы спадарыні Дамінікі», безыменнай шляхцянкаю з аповесці «Сны імператара» і пані Людвікаю з «Рандэву на манеўрах». І пілі б мы, бясспрэчна, не піва.

— Я ведаю, што кожнае лета Вы выпраўляецеся на беларускія выспы. Чаму на іх, а не на Мальту, Кіпр ці Тэнэрыфе?

УА: Выспа павінна быць бязлюднай. Тады, калі высаджваецца наша сябрына, там — няхай усяго на пару дзён — утвараецца свой, заўсёды непаўторны свет, у якім мы ўсе разам сапраўды ляцім да зор.

Я бываў на Кіпры, але на Асвейскай выспе, далібог, спадабалася больш (між іншага, гэта адзінае ў нас месца, дзе здараецца фата-маргана). Хіба ў Ларнацы або Лімасоле да вас прыйдзе знаёміцца сям’я ваўкоў? А тамтэйшыя вялізныя здзічэлыя сады! Калісьці з выспы выселілі на бераг цэлую вёску — каб нарэшце ўсталяваць у ёй савецкую ўладу. Але засталіся сады, падмуркі, магілы. І, вядома, душы былых астраўлянаў. Мне там увесь час прыходзілі на памяць «Марсіянскія хронікі» Рэя Брэдберы. Мо і з тае прычыны, што якраз падчас нашага падарожжа адбылося амаль поўнае зацменне Месяца. Ноч пасля зрабілася такой светлаю, што я а другой гадзіне чытаў на беразе свежы нумар Arche.

— Спадар Уладзімір, Вы нястомны падарожнік. Якія самыя незвычайныя месцы Вам даводзілася бачыць у Беларусі?

УА: Незвычайныя мясціны? З адной толькі днямі вярнуўся: замацоўваў на Прыпяці, паміж Пінскам і Туравам, свае веды ў кіраванні пераробленым у яхту вельботам. У небе бачылі сціжму буслоў, напэўна, сотні дзве птушак, што менавіта 25 жніўня і выпраўляюцца ў вырай. А ў Тураве анёлы ноч навылёт атрасалі на дах адрынкі спелыя грушкі.

Або маленькая выспа на возеры Езярышча: сцяна непалоханых баравікоў, а праз сотню крокаў паганскае капішча. Над вадой і ў вадзе чорныя камяні ў загадкавым суладным парадку, а вакол — фізічна адчувальная пульсацыя паветра.

Што натхняе найбольш? Мае чытачы ведаюць: полацкае возера з глыбокім прыцемна-таямнічым імем — Люхава, з якім я ўсё жыццё адчуваю магутную трансцэндэнтальную сувязь. З дзяцінства памятаю, як па дарозе на Люхава зусім неістотныя, здавалася б, рэчы набывалі шматмернасць, вырасталі да сімвалаў, надоўга ўзбунтоўвалі душу. Цяпер, калі апаноўвае бяссонне, выходжу ва ўяўленні на тую дарогу, і мне дастаткова дайсці да мурашніка, дзе, пэўна ж, жывуць мурашы, якія памятаюць мяне рудабародым. Далей сцежка заглыбляецца ў сон.

Мне бывае смешна чытаць пра маё возера ў энцыклапедыях: я ведаю, што праўда, дый то даволі адносная, — толькі яго геаграфічныя каардынаты.

Тут асабліва адчуваеш час, што ператварае дні ў даты, гады — ва ўгодкі, людзей — ва ўспаміны, біяграфіі — у бібліяграфіі, а ты працягваеш плыць па яго рацэ і часам нават спрабуеш паварочваць супраць плыні.

Калі бяру ў старога знаёмага Васіля човен і кіруюся да самага вузкага месца, пратокі, дзе некалі быў мост, насустрач абавязкова вылятае пара шэрых чапляў.

Неяк я начаваў тут, на касе, прышвартаваўшыся да ацалелай палі. Усю ноч скрозь сон чуў, як рыпяць на мосце колы, як паганяюць коней, прыцішана гавораць і смяюцца людзі. Прачнуўся і зразумеў, што мая апошняя дарога таксама абавязкова пройдзе праз люхаўскі мост.

— Вы аб’ездзілі з сустрэчамі ўсю Беларусь. Потым быў час, калі трапілі ў «чорны спіс». А што цяпер, ці магчыма ладзіць сустрэчы?

УА: Апошнім часам значна больш чуваць было пра «чорныя спісы» музыкаў, у якіх, здаецца, застаўся ўжо адзін Зміцер Вайцюшкевіч. А значна даўжэйшыя пісьменніцкія спісы па-ранейшаму ў сіле. Я, да прыкладу, ужо забыўся, калі сустракаўся з чытачамі ў мінскіх бібліятэках. Відаць, у мінулым стагоддзі. Тое самае можна сказаць пра філалагічны факультэт БДУ і ўсе астатнія філфакі.

Магу вам прапанаваць безліч гісторый, як сустрэчы забараняліся, як у апошні момант зрываліся пажарнікамі або дэканамі, што выконвалі ролю пажарнікаў, як у залю з крыкам «Что здесь происходит?» урывалася міліцыя, як у першых шэрагах сядзелі літаратуразнаўцы ў цывільным, як нас са Змітром Бартосікам на некалькі гадзінаў арыштавалі ў Драгічыне, пакуль вартавыя не высветлілі, што мы едзем выступаць ужо на той бок нейкага мосту, а значыць, у суседні Кобрынскі раён...

Але ў мяне ёсць чытачы, а таму выступы — і легальныя, і не зусім — безумоўна адбываюцца. З нядаўніх магу згадаць прэзентацыі перакладаў «Краіны Беларусі» ў галерэі «Ў» і «Кніжным салоне», фантастычную паездку ў лясны скаўцкі летнік..

Я з тых літаратараў, каму, відаць, проста неабходна адчуваць тое, што называецца зваротнай сувяззю з чытачамі. Буду ездзіць — пакуль ляціць страла.

— А ці ёсць сярод Вашых чытачоў людзі, якія сёння ва ўладзе? Можа, даходзілі нейкія факцікі. Здаецца, некалі ж і Аляксандр Лукашэнка дарыў таленавітай моладзі Вашу са Змітром Герасімовічам «Краіну Беларусь».

УА: Той самы персанаж аднойчы абвяшчаў праз тэлевізар дыктоўку для ўступных экзаменаў — «Скарына ў Падуі» — паводле маіх «Таямніцаў полацкай гісторыі». Аніякай радасці я не адчуў: тэкст быў надзвычай цяжкі і паводле лексікі, і паводле пунктуацыі.

Не думаю, што ў звязку са згаданай Вамі гісторыяй пра таленавітую моладзь, але нашы са Змітром Герасімовічам «Краіна Беларусь» і «Вялікае княства Літоўскае» сапраўды займелі чытачоў з уладных і ўвогуле дзяржаўных структур. Беларускае і англійскае выданні «Краіны» я падпісваў некалькім айчынным дыпламатам. Пасля прэзентацыі «Княства» да мяне падышоў чалавек у строгім гарнітуры. Ён адрэкамендаваўся і працягнуў паперку з узгодненым тэкстам аўтографа для шэфа: віцэ-прэм’еру такому і такому з пажаданнем таго і таго. Я прапанаваў на ўсякі выпадак не пісаць пасаду: маўляў, цяпер чалавек пры ўладзе, а заўтра невядома дзе. Ідэя не надта спадабалася, аднак чалавек у гарнітуры кудысьці патэлефанаваў і недзе там пагадзіліся. Яшчэ на адной прэзентацыі ў абласной бібліятэцы аўтографы ўзялі два беларускамоўныя палкоўнікі КДБ з першага рада. Мне ўяўляецца, што людзі з усіх гэтых структур з розных меркаванняў, але хацелі б мець у сваіх бібліятэках своеасаблівы гістарычны пашпарт краіны, якой яны, як умеюць і як могуць, служаць.

Увогуле ж, чытацкая аўдыторыя — шматслойны пірог, і самы дарагі для мяне слой у ім — моладзь. Прычына відавочная.

— Так здаралася з беларускімі і не толькі літаратарамі, што яны сыходзілі ў палітыку. Ці няма ў Вас такога жадання?

УА: Няма. Зрэшты, у сучаснай Беларусі ў палітыку ператворана, па сутнасці, усё, да чаго я маю дачыненне, — літаратура, гісторыя, праблемы мовы...

— Дарэчы, чаму Вы не прысутнічаеце ў інтэрнэце? Ні блога не маеце, ні старонак у сацыяльных сетках?

УА: Пакуль што мне хапае таго, дзе я прысутнічаю. Хоць чуткі пра маю поўную адсутнасць у сеціве крыху перабольшаныя: вось днямі пачаў ажываць сайт. Не верыце — набярыце arlou.org.

— Асабіста я, як чытач, хачу пабачыць і пачытаць вялікі раман ад Уладзіміра Арлова. Можна спадзявацца?

УА: І я спадзяюся.

— Чаму Вы ўвайшлі ў журы прэміі Гедройца? Няўжо самому як аўтару не хочацца атрымаць гэтую прэмію?

УА: У сувязі са сказаным вышэй разлічваю, што ў нейкі момант з «суддзі» ператваруся ў «падсуднага».

— Раней Вы казалі, што твор «Незалежнасць — гэта…» самы папулярны сярод тых, што просяць прачытаць на сустрэчах. А Вы лічыце, што незалежнасць — гэта ўжо назаўсёды, ці яе трэба працягваць пільнаваць?

УА: Незалежнасць — гэта назаўсёды найвялікшая каштоўнасць для нацыі, бо без яе нацыя не здольная выканаць сваю гістарычную місію ці, калі хочаце, Божае наканаванне. Ад нашай жа незалежнасці кожны дзень адшчыкваюць па драбку, а часам і адгрызаюць цэлы шмат.

Незалежнасці не будзе без гістарычнай памяці, а цяперашняя ўлада будуе «лінію Сталіна» ды яе філіялы, не «плануючы» ставіць помнік Каліноўскаму. Незалежнасці не будзе без мовы, а няўхільна скарачаецца беларускамоўнае навучанне. Я выдатна разумею, што Беларусь ніколі не была і не будзе моналінгвістычнай, гэтаксама як не была і не будзе монакультурнай і монаканфесійнай. Але ж мы ёсць сведкамі штодзённай дыскрымінацыі менавіта мовы тытульнай нацыі.

Днямі тэлефаную ў даведку ў аэрапорт, і з таго боку дзяўчо зусім не агрэсіўна, а разгублена просіць гаварыць па-руску, бо баіцца нешта няправільна адказаць: не ведае, што за месяцы жнівень і верасень, перапытвае пра нядзелю. І раптам пачынае прабачацца: а дзе яна магла вывучыць мову, калі школа руская, радыё па-руску, тэлебачанне па-руску?

Дарэчы, пра тэлебачанне. Колькі мы чулі пра новы беларускамоўны канал! Усе абяцанкі аказаліся цынічнай хлуснёй. Можна дзень пры дні раз-пораз уключаць «Беларусь-3» і не сустрэць анічога ні беларускамоўнага, ні наогул беларускага хаця б тэматычна. Затое вас чакаюць здзеклівыя неспадзяванкі. Ідзе мульцік паводле казкі Уладзіміра Караткевіча «Чортаў скарб»: цітры праплылі па-беларуску, а фільм дубляваны на рускую мову...

Але не дачакаюцца. Мова перажыве і цяперашнюю хвалю русіфікацыі.

— І апошняе. Што б самі пажадалі сабе на гэты дзень нараджэння?

УА: Паспець, пакуль не сустрэнуцца канцы маёй бясконцасці.

***

Уладзімір Арлоў. Правілы жыцця

• У жанчынах цаню ўсё, што ў іх ёсць.

• У мужчынах — вернасць самому сабе.

• У сабе мне найбольш падабаецца зацятасць. Найменш — яна ж, калі пераходзіць пэўную мяжу.

• Мае настаўнікі — дрэвы на беразе Люхава: два дубы, вольха і ясень. Побач з імі стаяў клён, але ў той год, калі была аперацыя на сэрцы, у дрэва трапіла маланка і яно загінула. Сёлета я пасадзіў побач з ягоным «надмагіллем» два маладыя клёнікі.

• Ці ёсць у мяне вучні? Дакладна ведаю, што былі, калі паўгода выкладаў гісторыю ў школе.

• Еўразійскі шлях прывядзе ў нацыянальны нябыт. Бачу Беларусь у Еўрасаюзе, але гэта няблізкая будучыня.

• Цяжка, калі цябе ніхто не кахае. Трагічна, калі нікога не кахаеш сам.

• Як заваяваць жанчыну? Існуе такая формула: здзівіць, спалохаць, насмяшыць. Я ў яе не веру. На наша мужчынскае шчасце жанчыны настолькі розныя, што шукаць універсальны рэцэпт заваёвы, далікатна кажучы, наіўна.

• Пасля 2008 года стараюся слухацца дактароў і п’ю штодзённую жменьку лекаў. На дзясятым дзясятку Чэслаў Мілаш пісаў, што рабіў тое самае, і згадваў сяброў, якія з парадаў медыкаў толькі смяяліся. Аднак прачытаць тыя словы мэтра сябры ўжо не маглі.

• Любімая страва — у залежнасці ад гадзіны дня, пары года, ад таго, хто яе гатаваў. Можа быць проста аўсянка з мёдам. Дранікі з рознымі дадаткамі і прыбамбасамі. Бараніна ў размаітых «іпастасях», прыкладам, барановая смажанка пад чарнаслівам, якую ядуць кароль і пісьменнік у «Ордэне Белай Мышы».

• Любімы напой — сухое чырвонае віно, пажадана з Новага Свету: каліфарнійскае, аўстралійскае, аргенцінскае, чылійскае... Калі п’ю паўднёваафрыканскае, уяўляюцца любоўныя гульні львоў у саванне. Часам доўгімі зімовымі вечарамі пад бел-чырвона-белае сала магу сабе дазволіць старой добрай старадарожскай. Штодзённы ж улюбёны напой — амаль чыфіравага мацунку гарбата з малаком.

• Добрая літаратура — гэта тая, якую цікава чытаць і якая прымушае страпянуцца цябе самога, абсалютна нечакана нараджаючы асацыяцыі, сюжэты, дыялогі... Апошні прыклад — раман Жузэ Эдуарду Агуалузы «Прадавец мінулага».

• Чытаю і перачытваю заўсёды некалькі кніг. Зараз падыду да стала і пералічу. Біблія. «Цынамонавыя крамы» Бруна Шульца. «...І цуды і страхі» Вольгі Бабковай. Свежы нумар «Иностранной литературы», дзе знайшоў дыялогі Адольф Біёя Касарэса з Борхесам. Але галоўная настольная кніга — тая, якую пішу. Пішу ад рукі, а перапісваць перасяду да камп'ютара.

• Найлепшых сяброў ужо даўно няма. Я напісаў пра іхнія розныя, але аднолькава трагічныя лёсы ў кнізе «Імёны Свабоды». Генадзь не вярнуўся з Афганістана. Валера загінуў на мінскай вуліцы пад коламі машыны генпракурора.

• Калі не ў Беларусі, то хацеў бы жыць у Англіі, але, спадзяюся, да гэтага не дойдзе.

• З кіно гляджу найперш класіку другой паловы ХХ стагоддзя. Нядаўна яшчэ раз паглядзеў «Акупацыю» Андрэя Кудзіненкі і ягоную «Масакру».

• Нельга прабачыць адрачэненне свайго і адданую службу тым, хто яго нішчыць.

• Калі кепскі настрой, то я плаваю. У метафізічным сэнсе таксама.

• Баюся не паспець.

• Дзяцей трэба выхоўваць сваім прыкладам і добрымі кнігамі.

***

Уладзімір Арлоў

Нарадзіўся ў 1953 у Полацку. Пісьменнік, гісторык. Скончыў гістфак БДУ. Працаваў у газеце «Хімік», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Аўтар больш дваццаці кніг прозы, паэзіі, эсэістыкі. Разам з мастаком Змітром Герасімовічам уклаў кнігу «Краіна Беларусь». Жанаты, мае двух сыноў.

Зміцер Панкавец

Рубрики: Поздравляем

Страны: Беларусь


Комментарии

Аватар

27.08.2013 13:17
Галіна Патаева, турфірма Віаполь
ответить

Паважаны Уладзімір, усяго Вам найлепшага. Вашы кніжкі - матэрыял для экскурсаводаў па Полаччыне і не толькі; а «Краіна Беларусь» - найлепшы падарунак для турыстаў. Дзякуй Вам і за выратаванне нашай Маркса. А гэтае інтэрвью - "капля солнца в холодной воде"... Галіна Патаева

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах