<p>Такое званне беларуская сталіца можа атрымаць дзякуючы таму, што ўжо менш чым праз 5 гадоў у нас будзе адзначацца 500-годдзе пачатку беларускага кнігадрукавання. У мінулую пятніцу ў Міністэрстве культуры праходзіла пасяджэнне працоўнай групы па падрыхтоўцы Мінска да гэтай намінацыі</p>

Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, паведамляе «Звязда».

Такое званне беларуская сталіца можа атрымаць дзякуючы таму, што ўжо менш чым праз 5 гадоў у нас будзе адзначацца 500-годдзе пачатку беларускага кнігадрукавання. У мінулую пятніцу ў Міністэрстве культуры праходзіла пасяджэнне працоўнай групы па падрыхтоўцы Мінска да гэтай намінацыі.

Такі статус зацвярджае ЮНЕСКА, і кожны год горад, што яго атрымлівае, мяняецца. Верагодна, Беларусь мае добрыя шанцы на перамогу сярод іншых намінантаў, бо юбілейная дата азначае пачатак не толькі беларускага, але і ўсходнеславянскага, усходнееўрапейскага кнігадрукавання.

Алесь Суша мяркуе, што гэты юбілей надзвычай важны, бо імя Францыска Скарыны стала брэндам. Падзея можа стаць вельмі важным штуршком для таго, каб яшчэ раз узгадаць яго дзейнасць, творчасць, а з другога боку — ацаніць, якім чынам культура Беларусі была інтэгравана ў культурнае жыццё Еўропы таго часу і ўсяго свету.

Пэўны час таму адзначалася 500-годдзе з дня нараджэння Скарыны. Дакладнай даты няма, але мерапрыемствы, што праводзіліся ў 1980-1990-х гадах, моцна паўплывалі на грамадска-палітычнае і культурнае жыццё краіны. Верагодна, гэтага трэба чакаць і праз 5 гадоў.

Статус творчасці Скарыны, мяркуе Суша, дазваляе дзейнасць па святкаванні юбілею перавесці на міжнародны ўзровень. Пэўныя даты варта ўнесці ў каляндар памятных дзён ЮНЕСКА.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі адзначае, што беларусам варта ўжо зараз добра задумацца, як адзначаць такую падзею, і кажа, што наперадзе вялікая праца, бо саміх выданняў Скарыны ў нас няшмат:

— У Беларусі спадчына Скарыны ў арыгінале прадстаўлена не ў поўнай ступені. У нашай краіне захоўваецца толькі 10 яго друкаваных выданняў. Усе яны былі аддрукаваны ў Празе. Захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Маецца таксама 2 рукапісныя спісы, натуральна, больш позняга часу. Аднак трэба адзначыць, што ў свеце выяўлена больш за 300 друкаваных выданняў Скарыны, ёсць звесткі пра больш чым 40 рукапісных спісаў. Усё гэта сведчыць пра тое, што Беларусь выглядае не самай багатай. Можна прыгадаць суседнія краіны, напрыклад, Расію, дзе выданні нашага першадрукара прадстаўлены нашмат шырэй. Таму неабходна рабіць захады па вяртанні спадчыны Францыска Скарыны. Спробы вярнуць асобнікі яго твораў з фондаў іншых дзяржаў вялікага эфекту не дадуць, і гэта заканамерна. Але ж выданні Скарыны, хоць і не часта, але з'яўляюцца ў прыватных уладальнікаў, якія маюць намер іх прадаць. У гэтай сітуацыі Беларусь павінна дзейнічаць актыўна, імкнуцца папаўняць сваю калекцыю, што мы зараз і робім. Прынамсі, такую інфармацыю мы маем і імкнёмся здзяйсняць адпаведныя крокі.

Размова вялася і пра іншыя спосабы вяртання спадчыны Скарыны — электронныя копіі, факсімільныя выданні. Разглядаецца магчымасць часовага вяртання — арганізацыі кніжных выстаў выданняў Скарыны, якія захоўваюцца за мяжой. Такая спроба была зроблена летась, калі 11 кніг Скарыны з германскага горада Гётгенс былі перададзены на часовае экспанаванне.

Абмеркаванне 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання адбывалася на адным з мерапрыемстваў ХV Міжнароднага з'езда славістаў. Прадстаўнік чэшскай дэлегацыі Юрый Марван адзначыў:

— Пра гэтую гадавіну варта сур'ёзна падумаць, бо яна можа адыграць важную ролю ў самасвядомасці беларускага народа. Важна, каб пра гэта даведаліся дзеці, каб усе ідэі, звязаныя са Скарынам, трапілі ў сярэднюю школу, сталі часткай навуковага плана. Трэба гэтую падзею зрабіць агульнай ідэяй усяго грамадства. І гэта сапраўды справа не толькі Захаду ці Усходу: навуковы досвед пераканаў мяне, што беларуская мова — у першую чаргу еўрапейская, а пасля ўжо ўсё астатняе. У дакументах ХVІ стагоддзя я ўбачыў, што чэхі абмяркоўвалі вашу мову і дакладна цытавалі беларускія сказы.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ