<p>Абласныя аэрапорты зацікаўленыя ў гэтым, але нацыянальная авіякампанія панясе страты</p>

Скончыўся капітальны рамонт у аэрапорце Магілёва. Цяпер туды, як і ў іншыя абласныя аэрапорты, могуць прылятаць вялікія пасажырскія лайнеры. Але ніякіх рэйсаў пакуль няма, паведамляе Euroradio.

«Мы выконваем палёты з Гомеля, Брэста і Гродна на Калінінград. Таксама ёсць разавыя рэйсы», — кажа намеснік гендырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец.

Самі ж аэрапорты не супраць запусціць чартары ў Турцыю і Балгарыю і нават запрасіць на свае лётнішча замежных перавозчыкаў, у тым ліку лаўкост-кампаніі.

«Але наша паважаная «Белавія», нацыянальная кампанія, баіцца запускаць рэйсы з абласных аэрапортаў. Але і не дае, каб нехта чужы сюды лятаў», — распавядае дырэктар аднаго з абласных аэрапортаў.

Гендырэктар «WizzAir Украіна» Акош Буш у інтэрв'ю forbes.ua кажа, што атрымаць прызначэнне ў краінах СНД цяжка і вельмі дорага. Некаторыя дзяржавы абараняюць нацыянальных перавозчыкаў.

«Беларусь кажа адкрыта: мы не зацікаўлены ў новых перавозчыках, мы не дадзім прызначэнняў».

Як даведалася Еўрарадыё, на абласныя аэрапорты кампанія WizzAir не выходзіла.

«Я магу пацвердзіць, што ніякіх абвяшчэнняў датычна Беларусі зроблена не было, і мы не можам каментаваць перамовы ці чуткі аб будзь-якім развіцці маршрутнай сеткі», — каментуе Еўрарадыё сітуацыю прадстаўнік WizzAir Даніэль Карвальё.

Белаэранавігацыя разам з прадстаўнікамі абласцей нядаўна праводзіла нараду па пытаннях развіцця палётаў з абласных аэрапортаў. Але, як паведамляе крыніца Еўрарадыё, гендырэктар «Белавія» на гэтай нарадзе не з'явіўся з-за неадкладных спраў. Таму нічога канкрэтнага вырашыць не атрымалася.

Кіраўніцтвы абласных аэрапортаў сумняваюцца, што танным авіяперавозчыкам дадуць лятаць у Беларусі.

«Таму што ўсе людзі сыдуць з «Белавія» нават у Віцебск ці Брэст, не важна — калі цяпер лятаюць з Вільні. А што будзе, калі з'явіцца ў абласных гарадах? Усе рынуцца сюды. Але некалі лопне шарык».

У краіны Балтыі лаўкосты прышлі, і рынак там падзяліўся. Паводле слоў віцэ-прэзідэнта кампаніі AirBaltic Яніса Ванагса, дзякуючы канкурэнцыі вырас пасажырапаток:

«Нельга сказаць, што мы нічога не згубілі. Але для пасажыра гэта добрая навіна, бо падаюць кошты. Для эканомікі краіны гэта таксама добра, бо прыход новых пасажыраў значыць прыход свежых грошай. З іншага боку, лаўкостары прыходзяць у аэрапорты за кошт субсідый. І стаіць пытанне, ці можам мы дазволіць такія субсідыі? Ніжэйшыя тарыфы на абслугоўванне ці формы наўпроставых выплат. Ці будуць гэтыя грошы вяртацца ў нашу эканоміку? Але плюсы ад прыходу лаўкостара большыя, чым мінусы».

Сёлета з Мінска ў Барселону пачала лётаць адна нібыта лаўкост-кампанія — Vueling Airlines, але з зусім не нізкімі коштамі. На верасень можна набыць квіток у два бакі за 400 еўра, і гэта без багажу! Квіткі на гэтыя ж даты лаўкостам з Вільні каштуюць удвая танней.

Пры гэтым квіткі ў Барселону з Кіева абыдуцца ў 310 еўра ў два бакі. А вось для сваіх Vueling Airlines сапраўды лаўкост. Напрыклад, з аэрапорта Барселоны ёсць прапановы за 40-50 еўра ў адзін бок.

 Віталь Ругайн