<p>Мы — паўтара дзясятка валанцёраў у складзе ліцэістаў, студэнтаў, педагогаў, экскурсаводаў, журналістаў, архітэктараў і мастакоў — прыехалі ў Смаляны, каб распрацаваць непасрэдна на месцы канцэпцыю гісторыка-культурнага комплексу</p>

У цяперашнім аграгарадку Смаляны (ці, як кажуць мясцовыя жыхары, Смальяны), што на Аршаншчыне, у які бок ні кінь позірк — абавязкова натрапіш на гісторыка-культурную каштоўнасць ці яшчэ якую цікавінку. Але ж стаяць гэтыя дзівосы нікому не патрэбныя і паціху сабе разбураюцца. А то і ўвогуле трапляюць пад знос, як гэта ледзь не адбылося з каталіцкім кляштарам, перабудаваным у 1930-я гады пад машынна-трактарную станцыю.

Мы — паўтара дзясятка валанцёраў у складзе ліцэістаў, студэнтаў, педагогаў, экскурсаводаў, журналістаў, архітэктараў і мастакоў — прыехалі ў Смаляны, каб распрацаваць непасрэдна на месцы канцэпцыю гісторыка-культурнага комплексу, паведамляе «Звязда».

На змаганне за руіны

У Смалянах нас літаральна «акружылі» каштоўнасцямі. Пасялілі побач з адзіным дзеючым храмам — Спаса-Праабражэнскай царквой ХVІІІ стагоддзя. Драўляны дом, у якім мы жылі, пабудаваны ў канцы пазамінулага стагоддзя і спачатку служыў жыллём для святара. У савецкі час тут была пошта. З аднаго боку ад нашай «стаянкі» ўзвышаліся руіны дамініканскага касцёла другой паловы ХVІІІ стагоддзя, з другога — самотна стаяла адзіная ацалелая вежа замка князёў Сангушкаў «Белы Ковель», а побач з ёй — Аляксееўская царква ХІХ стагоддзя, пабудаваная з цэглы, якую... перацягнулі з замка. Ну як не натхніцца такой атмасферай?

— Мы вырашылі паспрабаваць пазмагацца за гэтыя руіны, — даводзіў да нас каардынатар валанцёрскага летніка гісторык Цімафей Акудовіч. — Яны ўжо ў вельмі дрэнным стане. Тут няма католікаў, каб аднаўляць касцёл і кляштар, але раптам у нас нешта атрымаецца?

1

Спачатку планавалася ўсе намаганні накіраваць на кляштар, распрацаваць канцэпцыю па кансервацыі і выкарыстанні яго руін, каб падаць заяўку ў Мінкульт на ўнясенне будынка ў спіс помнікаў архітэктуры. Але маладыя і поўныя сіл валанцёры вырашылі дзейнічаць, што называецца, па максімуме. Узяліся прыдумаць ні многа ні мала — цэлы праект «Смаляны — гісторыка-культурны комплекс». Такім чынам нам трэба было, па магчымасці, усе помнікі Смалянаў разам з драўлянай забудовай мястэчка апісаць, абмераць, сфатаграфаваць і ўсю гэтую інфармацыю ўпарадкаваць.

Архітэктурныя цуды... з дрэва

Работу арганізавалі па трох асноўных «франтах». Нехта займаўся архітэктурнай часткай, хтосьці ішоў апісваць мясцовыя старадаўнія могілкі. Таксама накіроўвалі ахвотных да смалянскіх старажылаў, каб сабраць успаміны відавочцаў — так бы мовіць, занатаваць «жывую гісторыю» і мясцовыя паданні.

Першы дзень пачаўся для мяне з архітэктуры. Прыхапіўшы фотаапараты, нататнікі і раздрукаваныя спадарожнікавыя карты мястэчка, мы з яшчэ адной журналісткай выправіліся на местачковыя вуліцы, каб апісваць драўляную забудову. Такой канцэнтрацыі дамоў з разнымі ліштвамі, карнізамі, ганкамі я не сустракала яшчэ нідзе! Складана паверыць, што ўся гэта карункавая прыгажосць выразана чалавечымі рукамі з дрэва. З самых цікавых нашых знаходак — вялікі яўрэйскі дом, пабудаваны ў 1920-я гады, у якім і цяпер жывуць людзі.

Праўда, у пошуках цікавых і старажытных пабудоў мы крыху адхіліліся ад маршруту і заблыталіся ў карце, але на дапамогу нам прыйшлі мясцовыя жыхары. Яны не толькі зарыентавалі нас, але і распавялі пра некаторыя будынкі. Пасля рэйду сабраныя звесткі мы занеслі ў адмысловую базу дадзеных — яны спатрэбяцца для гістарычнай даведкі пра Смаляны.

Легенды і знаёмства з Тамашом

Другі дзень пачаўся рамантычна — з сустрэчы світання каля замка. Дарэчы, з ім, «Белым Ковелем», звязана некалькі легенд. Паводле адной з іх, існуюць падземныя хады, якія звязваюць замак, касцёл, царкву і цягнуцца ажно да Оршы. Яны настолькі вялікія, што каралева Бона Сфорца праязджала па іх на запрэжанай тройцы. А яшчэ старыя людзі кажуць, што калісьці ў Смалянах сялілася шмат буслоў. Але аднойчы нехта пачаў па іх страляць. З тых часоў буслы лятаюць над мястэчкам, але ніколі тут не гняздуюцца. І сапраўды, мы не ўбачылі тут ніводнай буслянкі.

Цягам дня рамантыкі паменела. На гэты раз я выправілася ў камандзе з дзвюма дзяўчатамі вывучаць... мясцовыя могілкі. З часам пахаванні разбураюцца і знікаюць, а між тым яны з'яўляюцца каштоўным матэрыялам для вывучэння гісторыі мясцін і асобных людзей.

2

Даследаванне могілак зводзілася да строгай сістэмы. Тэрыторыя была падзелена на квадраты, кожнаму валанцёру прызначаўся свой. Неабходна было апісаць усе надмагіллі, указаўшы нумар квадрата, рад, парадкавы нумар пахавання, перапісаўшы ўсе звесткі з помніка і сфатаграфаваўшы яго. Большасць пахаванняў сучасныя, але было і некалькі помнікаў, датаваных ХІХ стагоддзем. На іх польскія надпісы амаль сцерліся, і даводзілася праводзіць па іх крэйдай, каб літары хоць крыху праступілі...

Дарэчы, на могілках у Смалянах пахаваны знакаміты паэт Тамаш Зан. Мы паспрабавалі нават выйсці з ім на кантакт (вядома, жартуючы) і як жа здзівіліся, калі з-за помніка вялікаму філамату выйшаў... шэры кот. Ён лашчыўся да нас, з апетытам еў каўбасу з бутэрбродаў і за гэта нават гатовы быў адгукацца на імя Тамаш.

Пайшлі па касу, а знайшлі «скарбы»

Астатні час знаходжання ў летніку я прысвяціла апрацоўцы запісаў гутарак з мясцовымі жыхарамі. Сярод іх, дарэчы, ёсць і сапраўдныя краязнаўцы-аматары. Так, пайшоўшы ўдваіх з керамістам Іванам Дашковым шукаць касу, мы натрапілі на сталага веку мужчыну, які ўразіў нас сваёй фенаменальнай памяццю і веданнем гісторыі свайго краю.

Новы знаёмы павёў нас у гараж і паказаў свае «скарбы» — рэльефную кафлю і чарапкі ад глінянага посуду, знойдзеныя каля замка. У кераміста Івана ажно вочы загарэліся ад такога відовішча.

Увогуле жыхары ў Смалянах надзвычай ветлівыя і добразычлівыя. Ні разу не адмовілі нам у дапамозе, ахвотна дзяліліся ўспамінамі, частавалі ўраджаем са сваіх агародаў. Вельмі шкада было з'язджаць ад такіх цудоўных людзей. Не хацелася так хутка развітвацца з мястэчкам, з прыгатаванай на вогнішчы простай, але такой смачнай ежай, з песнямі, якія спявалі па вечарах...

...А раніцай у дзень ад'езду я пабачыла на замкавай вежы... двух буслоў! І ў сэрцы зарадзілася надзея: мабыць недарэмна мы прыехалі сюды. І, магчыма, у хуткім часе буслы зноў вернуцца ў Смаляны.

Дзіяна СЕРАДЗЮК. Фота Лізаветы ДУБІНЧЫНАЙ