https://www.traditionrolex.com/8
<div class="annot">Як зрабіць адметнасцю каханне Адама з Марыляй замест запраўкі і крамы "Duty Free"?  </div>
Як зрабіць адметнасцю каханне Адама з Марыляй замест запраўкі і крамы "Duty Free"?
Турпраект “Культуры”: па колішнім Віленскім краі


На сёння ўнутрыбеларускі ды “знешні” турызм у нас існуюць адасоблена, нібыта падзеленыя нябачным мурам. Натуральна, гэта несправядліва. Многія тэматычныя маршруты немагчыма паўнавартасна ўвасобіць на тэрыторыі адной краіны: тады яны выглядаюць нібы “інвалідамі”, пазбаўленымі частак цела. Менавіта таму сёлетні традыцыйны велапраект “К” стаўся транспамежным, “пашырыўшыся” на тэрыторыю Літвы, дзяржаўная мяжа нашай краіны з якой складае амаль 700 кіламетраў.

“Абшары даўняга ВКЛ”

Зрэшты, маршрут — гэта не толькі пэўная сукупнасць населеных пунктаў, якія знаходзяцца блізка адно ад аднаго. Апрача лагістыкі, тут важныя таксама і канцэптуальныя повязі. Лішне нават казаць, што ў дадзеным выпадку ніякай праблемы з імі не паўстае.

Сёлета прыпадае адзін незаўважаны, але адметны юбілей: акурат шэсць стагоддзяў таму было ўтворана Віленскае ваяводства. Доўгі час у яго склад ўваходзілі і беларускія землі: Браслаўшчына, Лідчына, Ашмяншчына, Вілейшчына... Паводле Першага Усерасійскага перапісу насельніцтва (1897 г.), 56% жыхароў тагачаснай Віленскай губерні гаварылі па-беларуску…

На сучаснай карце тых рэгіёнаў балцкія тапонімы суседнічаюць са славянскімі. Па той бок мяжы, натуральна, — тое ж самае. Цягам доўгіх стагоддзяў гэтыя землі ўяўляюць з сябе бурлівы мультыкультурны “казан”, у які раз-пораз дадаваліся ўсё новыя “інгрэдыенты”. І самае важнае, што суіснаванне на адной тэрыторыі паўтузіна розных культур (былі ж яшчэ яўрэі, татары, нават караімы...) ва ўсе часы было выключна мірным.

І вось яшчэ цікавы факт. Цягам сваёй доўгай гісторыі Віленскі край належыў да самых розных дзяржаў і нават займеў на пару гадоў прывідную незалежнасць у віхурах пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Але ён ніколі не быў падзелены дзяржаўнай мяжой — ад часоў Вітаўта Вялікага і ажно да 1991 года!

Такі гістарычны “бэкграўнд” сам сабой стварае глебу для разнастайных міжнародных праектаў, у тым ліку — і ў галіне турызму.

І між іншым... Рыхтуючы гэтую вандроўку, мы зрабілі цікавае адкрыццё: аказваецца, у наяўнасці ёсць вельмі неблагая інфармацыйная база для падрыхтоўкі транспамежных маршрутаў. Што асабліва прыемна, створана яна была менавіта ў Беларусі, прычым на валанцёрскіх пачатках. Інтэрнэт-энцыклапедыя гісторыка-культурных адметнасцей “Радзіма” тэрытарыяльна ахоплівае не толькі нашу краіну, але і “абшары даўняга ВКЛ”, ведаючы ледзь не пра кожны стары каменьчык. А паколькі праект мае чатыры (!) моўныя версіі, ён прываблівае мноства карыстальнікаў з усяго свету; прыкладам, з яго дапамогай жыхары Аўстраліі шукаюць свае карані ў сучаснай Літве або Польшчы. Яно і зразумела, бо тут беларусы проста па-за канкурэнцыяй: аналагаў такому рэсурсу “ў абшарах даўняга ВКЛ” не знойдзеш! Хіба толькі яшчэ адзін грунтоўны валанцёрскі вэб-праект “Глобус Беларусі”, які, аднак, ахоплівае сучасную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь ды абмежаваны адной мовай.

На жаль, гэтымі напрацоўкамі мала хто карыстаецца, нягледзячы нават на тое, што кожны дзень мяжу з Літвой перасякаюць тысячы нашых суайчыннікаў…

Замак не стаў непрыступным

Першая неспадзяванка чакала нас ужо на выездзе з Мінска: у адзін вагон з намі загрузілася група веласіпедыстаў. Зрэшты, здзіўляцца тут ужо не выпадае. За апошнія гады гісторыка-культурны велатурызм стаў даволі распаўсюджаным хобі, якім усур’ёз прасякнуўся нават асіміляваны ў Мінску амерыканец Джон — ён ужо стаў легендай тутэйшага веларуху.

На пероне Ліды містар Джон дапамог нам адладзіць адзін з веласіпедаў, пацярпелы пад час катавасіі з разборкай-зборкай, і група пакаціла па маршруце: праз Белагруду, Мураванку, Жалудок... Падобныя самаарганізаваныя “пакатушкі” гэтая кампанія ладзіць рэгулярна.

Мы ж рушылі ў той куток былога Лідскага павета, які пакуль крыху абдзелены ўвагай “старонніх асоб”. Зрэшты, не зусім так, бо калі спытаць у тых тысяч суайчыннікаў, якія штодзённа перасякаюць мяжу з Літвой па Лідскай шашы, пра адметнасці ў ваколіцах Беняконяў, тыя назавуць хіба апошнюю на нашым баку запраўку, а на тым баку — краму са статусам “Duty Free”.

Апрача нас, да памежнай станцыі Беняконе (афіцыйна яна гучыць менавіта так, на літоўскі манер) дызель давёз толькі яшчэ аднаго веласіпедзіста. Ён рушыў адразу на прапускны пункт, да якога заставалася хіба пару кіламетраў, ну а мы мелі, прынамсі, некалькі паважных нагод, каб трохі затрымацца на роднай зямлі. Некалькі кіламетраў направа ўздоўж мяжы — і трапляем у невялічкую вёску Гайцюнішкі.

Зазвычай мясцовыя, у якіх ты пытаеш дарогу, ветліва называюць старую сядзібу не іначай як “замак”. На жаль, прымяняльна да Беларусі яны маюць рацыю толькі ў адным выпадку. Справа ў тым, што на пачатку XVII стагоддзя зацішныя Гайцюнішкі атрымаў за верную службу Вялікаму Княству тагачасны “навуковы кіраўнік” Віленскіх замкаў Пётр Нонхард — родам, як мяркуюць, з Галандыі. Ну а калі спрактыкаваны фартыфікатар вырашыў зладзіць сабе лецішча, атрымаецца з гэтага... натуральна, замак.

Тут нават няма нічога дзіўнага, зважаючы на тыя неспакойныя часіны. Але цуд у тым, што гэтая самавітая будыніна ацалела да нашай пары амаль у нязмененым выглядзе. Мабыць, турысты туды б валам валілі, калі б не... яе сучасная слава.

1

Дом-фартэцыя Нонхартаў у вёсцы Гайцюнішкі.

Вось ужо больш за паўстагоддзя ва ўнікальным помніку фартыфікацыйнага мастацтва месціцца вельмі спецыфічная медыцынская ўстанова закрытага тыпу — дакладней, яе адміністрацыйны корпус. Менавіта таму мы да апошняга сумняваліся, ці не давядзецца нам “пацалаваць замок”. Нічога падобнага! Цяперашняя функцыя помніка не стварае сур’ёзных перашкод для яго наведвання. Вартаўнік зусім не здзівіўся нашаму прыезду, хіба толькі спытаў пашпарты. Пахадзілі вакол, паздымалі ўдосталь...

На Беларусі ёсць усяго некалькі вартых увагі гістарычных цікавостак, недаступных для наведвальнікаў з той прычыны, што яны з’яўляюцца рэжымнымі аб’ектамі. Напрыклад, шыкоўны класіцыстычны палац у Снове, дзе месціцца шпіталь памежных войскаў: турысты могуць аглядаць яго хіба здалёк, праз паркан. Ды, як сведчыць досвед Гайцюнішкаў, ёсць магчымасць вынайсці і больш камфортныя спосабы знаёмства з помнікам.

Натуральна, згаданы вышэй характар прыстасавання адзінага на Беларусі дома-крэпасці пачатку XVII стагоддзя наўрад ці можна назваць аптымальным. Разам з тым, нельга не прызнаць: у якасці часовага варыянту ён цалкам пасуе. Стараннямі кіраўніцтва ўстановы помнік няблага адрэстаўраваны: знікла недарэчная прыбудова савецкага часу і не менш недарэчная жалезная лесвіца на фасадзе (праўда, яе “рэінкарнацыя” адбылася ў тарцы будынка, але цяпер яна ўжо не кідаецца ў вочы), старую бляху і шыфер замяніла металадахоўка, а на вежах ізноў з’явіліся флюгеры ды герб Нонхартаў. Дагляд за помнікам — таксама вельмі неблагі, і каб падысці да апошняга, не трэба прадзірацца праз зарасці...

Гэтага, на жаль, не скажаш пра яшчэ адну адметнасць Гайцюнішкаў — рэшткі пратэстанцкага храма, у якім быў пахаваны сам Пётр Нонхарт. Рамантычныя руіны з усіх бакоў атачае поле, засеянае бабовымі. Не без цяжкасці пераадольваючы перашкоду, пачувалі сябе першапраходцамі — ды, як аказалася, беспадстаўна. На тэрыторыі помніка былі выяўлены адразу некалькі слядоў чалавечай прысутнасці: парожняя пляшка ды ахоўная шыльда.

“Той самы” валун

Калі вярнуцца ў Беняконе ды перасекчы пад прамым вуглом трасу на Вільнюс (ізноў жа, не спяшаючыся на яе збочыць), можна неўзабаве апынуцца ў вёсцы Больцінікі. Пакуль яе назва асацыяцый не выклікае, але рупліўцы з Воранаўскага раёна ўжо прыкладаюць намаганні, каб змяніць гэты стан рэчаў.

2
Палацык Путкамераў у вёсцы Больцінікі.

Неагатычнаму палацыку Путкамераў, які таксама называюць замкам, з новым амплуа акурат пашчасціла: гэта ўстанова культуры. Не менш пашчасціла і жыхарам вёскі, якія, прыходзячы ў бібліятэку або на канцэрт, могуць бачыць самавітыя кафляныя печы ды іншыя аўтэнтычныя фрагменты інтэр’ераў старога шляхецкага дома. На жаль, падобных “шчаслівых выпадкаў” у нас чамусьці атрымалася не так і шмат.

Сціплы ды ўтульны “агмень культуры” мясцовага значэння мае ўсе шансы пераўтварыцца ў сапраўдны культурна-турыстычны цэнтр, вядомы далёка за межамі рэгіёна. Ды паціху ўжо пераўтвараецца. Пра гэта сведчыў хаця б толькі трактар, які займаўся ўпарадкаваннем парку, нягледзячы на выхадны дзень. Сядзіба рыхтавалася прыняць вялікі фэст, і ўласнік парку — мясцовая гаспадарка “Эліт-Агра”  — не заставалася ўбаку ад падзей. На сорам іншым падобным гаспадарам аб’ектаў спадчыны, якія нават палец аб палец не ўдарылі...

Як распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама Алена Ястрэмская, праект “Скрыжаванні мастацтва і кахання” , які аб’яднаў беларусаў ды літоўцаў праз творчую спадчыну Адама Міцкевіча, нарадзіўся пад час візітаў суседзяў з Алітускага раёна Літвы ў Воранава.

— Нашы раёны сябруюць ужо даўно — каля пятнаццаці праектаў знаходзяцца ў працы,  — удакладняе яна, — але ідэя “Скрыжаванняў…”, дзе мы злучылі разам творчасць і каханне Адама Міцкевіча, нарадзілася нібыта сама сабой: мабыць, спрацавала магія нашых мясцін…

У выніку праект быў падтрыманы па Праграме транспамежнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” (у рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства), — стаўшы выдатным прыкладам працы аддзела, супрацоўнікі якога не пашкадавалі часу ды высілкаў на ажыццяўленне ініцыятывы (тое, як вядома, вымагае праходжання складаных працэдур).

Пра сутнасць праекта мы апавядалі колькі нумароў таму (гл. "К" № 30). Але нагадаем, што Тыдзень творчасці яднаўся ў ланцуг мерапрыемстваў асэнсаваннем паэзіі Адама Міцкевіча ды яго каханнем да тутэйшай шляхцянкі Марылі Верашчака.

…Дарэчы, пра заблытаныя адносіны Паэта і шляхцянкі Марылі. Па адной з версій гісторыі іх кахання, яны сустрэліся ўлетку 1818 ці 1819 года, калі Адам Міцкевіч прыехаў разам з сябрам Томашам Занам у Туганавічы. Дачка маршалка шляхты наваградскага павета Антонія і Францішкі (з дома Анцута), дачкі берасцейскага суддзі, Марыля Верашчака з Туганавічаў, пішуць, адразу паланіла сэрца паэта. Але шчасцю закаханых перашкодзілі папярэднія змовіны бацькоў: на той час дзяўчына была ўжо заручоная з графам Ваўжынцам Путкамерам, колішнім уласнікам маёнтка ў Больцініках, і гаворка пра разрыў гэтай дамоўленасці не магла і весціся. Пазней Адам і Марыля сустрэліся непасрэдна ва ўладаннях графа Ваўжынца (калі ён быў яе законным мужам), але былі асуджаны на расстанне…

Як бы там ні было, паколькі тыя прыватныя гісторыі паслужылі натхненнем для сусветнай літаратурнай класікі, няма нічога амаральнага ў тым, каб распавядаць пра іх усім цікаўным — гэта значыць, турыстам, — ці зрабіць знакавыя аб’екты месцам прыцягнення ўвагі людзей творчых, як тое і атрымалася пад час Тыдня мастацтваў.

На жаль, згаданую вышэй прыгожую камяніцу Міцкевіч не заспеў: новы сядзібны дом збудавалі амаль праз паўстагоддзя пасля ягонай смерці.

Затое кожны мясцовы жыхар ахвотна пакажа вам той самы каменьчык у далёкім кутку парку — “гаёчку Марылі”, дзе, нібыта, і адбываліся драматычныя спатканні... Камень як камень — звычайны валун, якія ў нас не рэдкасць. І як тут правесці атрыбуцыю: ці сапраўды ён той самы?

Але турысты — гэта людзі, зусім не схільныя руйнаваць легенды. І яны ахвотна павераць мясцовай традыцыі, якая шчыра перадавалася з пакалення ў пакаленне. Асабліва калі ўлічыць, што работнікі культуры — ды і ўвогуле мясцовыя ўлады — бачаць у тым валуне неймаверны патэнцыял для свайго рэгіёна ды вось ужо не першае дзесяцігоддзе “раскручваюць” яго ўсімі даступнымі сродкамі.

Нездарма і Тыдзень мастацтва “Скрыжаванняў…” у Воранаўскім раёне распачынаўся паэтычным вечарам менавіта ля валуна з высечаным на ім крыжом — “каменя Кахання” — у “гаі Марылі”, дзе мусіць пабываць кожны творца, што шукае натхненне. І, як зазначыла Алена Ястрэмская, рамантыку гэтых мясцін прызналі ўсе ўдзельнікі праекта.

— Нават спектакль “Пілігрымы кахання” акцёры сыгралі ў нас інакш, чым у Даўгаі, — дзеліцца каардынатар праекта, — бо атмасфера Больцінікаў, як прызналіся артысты, дапамагла ім больш зразумець пачуцці герояў…

Акрамя папулярызацыі рамантычнай спадчыны (інакш і не назавеш!), плён ад творчага праекта займела і сама сядзіба Путкамераў. У маёнтку да мерапрыемства быў праведзены касметычны рамонт памяшканняў: пафарбаваны сцены, адноўлена столь, пашліфаваны паркет, заменены свяцільні, куплена новая мэбля, шторы. Таксама істотна добраўпарадкавана паркавая зона вакол будынка — уласна “гаёчак Марылі”.

— Палацык і парк проста пераўтварыліся! Сёння нават можам прымаць маладых на фотасесію, — канстатуе Алена Ястрэмская, адначасова выказваючы спадзеў на “раскрутку” новай паслугі.

У далейшых планах аддзела — завяршэнне праекта па мадэрнізацыі ацяпляльнай сістэмы маёнтка.

Калі справа пойдзе, дык і для іншых сядзібных пабудоў, спадзяёмся, прызначэнне знойдзецца. Прыкладам, для лядоўні, дзе дах ужо яўна ліпее: можна арганізаваць там сувенірную крамку ды гандляваць дыскамі са спектаклем “Пілігрымы кахання”, карцінамі мастакоў, створанымі пад час пленэраў, зборнікамі паэзіі ды паменшанымі копіямі таго самага валуна, забяспечанымі нейкім адмысловым сертыфікатам.

Іронію прэч! Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака — гэта, прынамсі, рэальныя персанажы. У адрозненне, скажам, ад Рамэа ды Джульеты. Але ж якія натоўпы няспынна віруюць ля “таго самага” балкона ў Вероне... Ды і вы туды абавязкова зазірнеце пры нагодзе, нягледзячы на ўвесь свой скептыцызм.

...Пра ўсё гэта можна падумаць, седзячы на ўтульных лавачках, якія “раптоўна” ўзніклі вакол валуна — проста пасярод ляснога масіву. Яшчэ б далучыць да іх і інфармацыйныя ўказальнікі, бо месца спатканняў, натуральна, было абрана ўдалечыні ад старонніх вачэй, і шукалі мы яго досыць доўга.

Маем спадзеў, што наступны культурны праект гэты недахоп выправіць.

Пра яшчэ адзін варты турыстаў камень, які небясспрэчна звязаны з постаццю сусветнага класіка, — у наступнай серыі нашага рэпартажу. Пакуль жа хіба нагадаем, што Міцкевіч як шчыры рамантык і сам быў прыхільнікам містыфікацый...

Зрэшты, ёсць і той камень, аўтэнтычнасць якога не выклікае сумневу: гэта помнік на магіле Марыі Путкамер з Верашчакаў, што месціцца на цвінтары касцёла Яна Прадвесніка ў тых самых Беняконях. Прычым касцёл за тыя 150 гадоў, якія мінулі пасля смерці нашай гераіны, паспеў змяніцца: на месцы сціплага драўлянага будыначка на пачатку ХХ стагоддзя з’явіўся прыгожы неабарочны храм. А вось пахаванне — засталося і дбайна даглядаецца…

Адным словам, атрымліваецца яшчэ адзін цікавы маршрут, прысвечаны Міцкевічу. Але каб яго прадоўжыць, трэба вырашыць пэўныя фармальнасці. Таму, нарэшце, выязджаем на міжнародную трасу...

Ілья СВІРЫН, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8