<p><span id="ctl00_ctl00_ctl00_ContentPlaceHolder1_ContentPlaceHolder1_FirstColumn_A_ctl01_lblLead">На падворку амерыканскай амбасады выступілі вядомыя беларускія музыкі </span></p>

Раней, пакуль быў амбасадар ЗША, «Амбасовішча» ладзілася на тэрыторыі амбасадаравай рэзідэнцыі ў Раўбічах. Калі ў выніку дыпламатычнага канфлікту амбасадар пакінуў краіну, у рэзідэнцыі адпала патрэба. Таму «Амбасовішча» перабралася на тэрыторыю амбасады ў Мінску. Ладны падворак лёгка змясціў некалькі сотняў гасцей. Адкрываў «Амбасовішча» часовы павераны ў справах ЗША спадар Ітан Голдрыч.

Вёў «Амбасовішча» супрацоўнік амерыканскай амбасады Алесь Круглякоў, паведамляе Polskie Radio S.A.

Патрыцыя Курганава, пра якую згадваў ва ўступным слове спадар часовы павераны, напраўду ўразіла ўсіх гасцей. Не толькі сваім чароўным голасам, але і сілаю духу: невідушчая дзяўчына мужна ідзе дарогаю свайго таленту, чым падае прыклад іншым людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Вядоўца Алесь Круглякоў у перапынках між выступамі распавядаў цікавыя байкі пра фестываль. Напрыклад, як «Амбасовішча» дапамагло ўтварыцца новай сям’і.

На «Амбасовішчы» выступілі гурты «Рэха», «Паніхіда», Зміцер Вайцюшкевіч, амерыканскі гурт Картэр Бразэрс. Быў сярод удзельнікаў і папулярны моладзевы гурт «Хэндмэйд». Лідар гурта Яўген Валошын прызнаўся, што ён упершыню на амерыканскай зямлі.

Усіх, як кажуць, парваў выступ Лявона Вольскага ў дуэце з саксафаністам Паўлам Аракелянам. Вольскі выканаў добра вядомыя ўсім песні. А калі публіка не адпусціла музыкаў са сцэны воклічамі «біс», нечакана праспяваў адну з песень са славутага хуліганскага цыклу «Саўка ды Грышка».

Адметна, што песня «Расея – зараза» прагучала роўненька пад сценамі рэзідэнцыі расійскага амбасадара ў Мінску, якая знаходзіцца літаральна за плотам амерыканскай амбасады. Аднак ніякай рэакцыі з расійскай тэрыторыі не паследвала, таму фестываль «Амбасовішча» прайшоў у нязмушанай ды вясёлай атмасферы.

Арцём Багданаў