<div class="summary">Мытнікі і памежнікі не могуць адказаць, колькі сёння каштуюць іх паслугі на мяжы</div>
Мытнікі і памежнікі не могуць адказаць, колькі сёння каштуюць іх паслугі на мяжы.

«Адны грамадзяне па зялёным канале, іншыя — па чырвоным. Гэта розныя стандарты», — адказваюць Еўрарадыё  мытнікі на пытанне, ці магчыма падлічыць сабекошт «паслугі».

Напярэдадні кіраўнік краіны прапанаваў браць па 100 долараў «з носа». Падлічыў Аляксандр Лукашэнка нават суму, якую беларусы вывезлі ў 2012 годзе, — 3 мільярды долараў на шопінг! Але мытнікі не ведаюць, колькі вывозяць грамадзяне, бо пра суму да 10 тысяч долараў можна не заяўляць.

У 2012 годзе Польшчу беларусы наведалі амаль 4 мільёны разоў, гэта паводле дадзеных Польскай турыстычнай арганізацыі. Літву — каля 1,3 мільёна разоў, гэта ўжо паводле звестак нашага Мінспорту і турызму.

Лічбы падаюцца неверагоднымі. Але згодна з дадзенымі Памежнага камітэта, толькі за паўгода мяжу з Польшчай, Літвой і Латвіяй, а таксама мяжу ў аэрапорце, нашы грамадзяне перасяклі каля 8,4 мільёна разоў! Гэта без уліку тых, хто ехаў у Расію ды Украіну.

Таму цалкам верагодна, што за 2012 год беларусы ездзілі ў Польшчу і Літву 5,3 мільёна разоў. Калі разам вывезлі 3 мільярды долараў, то ў сярэднім за адну паездку пакідалі каля 570 долараў. Амаль сярэднебеларускі заробак.

Дырэктар Інстытута эканомікі Акадэміі навук Пётр Нікіценка лічыць, што кіраўнік краіны проста выказаў сваё меркаванне, каб спецыялісты падумалі над сітуацыяй:

«Яму ж не прапануюць нейкіх іншых мер для паляпшэння сітуацыі. Дык ён сам спрабуе знайсці выйсце. Ён выказаў гэта, ведаючы палажэнне. Яму пачалі даваць нейкія прапановы. Добра, што ён гэта выказвае, каб грамадская думка выказалася. Таму да гэтай заявы трэба ставіцца як да таго, што ёсць праблема і пастаўлена пытанне».

Увогуле, на думку Пятра Нікіценкі, трэба глядзець, які тавар людзі ўвезлі. Бо канкурэнцыя — гэта не кепска.

«Калі завезлі тавар, якога ў Беларусі няма, то гэта адно пытанне. Ці калі больш якасны ўвезлі, то гэта будзе падганяць нашых вытворцаў».

Калі б за кожны выезд з беларуса пачалі браць па 100 долараў ужо сёлета, то за паўгода дзяржава зарабіла бы 840 мільёнаў долараў.

Віталь Ругайн