<p>Выстава падрыхтавана сумесна з Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь</p>

19 верасня 2013 г. а 18-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава, прысвечаная 150-годдзю паўстання 1863–1864 гг. Выстава падрыхтавана сумесна з Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь.

Праект арганізаваны на падставе выставы, якая падрыхтавана і прэзентавалася ў Рэспубліцы Польшча, а таксама матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і прыватных калекцыянераў.

У мінулым  ёсць падзеі, якія застаюцца цікавымі і актуальнымі для грамадства доўгія гады. Яны вымушаюць пастаянна  звяртацца да тэмы, нанова яе пераасэнсоўваць. Да ліку такіх падзей адносіцца паўстанне 1863—1864 гг. на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага – тэрыторыях сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы, Украіны.

Дадзеная экспазіцыя мае на мэце данесці гледачам рознабаковую гісторыю падзей, што адбываліся на нашых землях, спрабуе акрэсліць  яе з розных ракурсаў, яна нібы складаецца з некалькіх частак. Бо, як слушна заўважыў яшчэ 110 гадоў таму адзін з навукоўцаў, «для поўнай гісторыі паўстання 1863 г. яшчэ не настаў час»…

Экспазіцыя складаецца з двух тэматычных частак. Адзін з раздзелаў складаецца з матэрыялаў выставы, якая праходзіла ў Польскай Рэспубліцы. Гэтая выстава падрыхтавана Галоўным архівам старажытных актаў сумесна з Генеральнай дырэкцыяй Дзяржаўных архіваў і іншымі архівамі Польшчы.

Яна прэзентуе рукапісныя і друкаваныя дакументы, а таксама іканаграфічныя матэрыялы і фотаздымкі з польскіх архіваў. Архіўныя матэрыялы дапаўняюць фотаздымкі, атрыманыя з Нацыянальнага лічбавага архіва Рэспублікі Польшча, і экспанаты з калекцыі Аддзела мастацкіх рамёстваў і гістарычных каштоўнасцей Варшаўскага гістарычнага музея. Гэтая частка адлюстроўвае падыход да падзей 1863–1864 гг. польскіх навукоўцаў.

Другі раздзел экспазіцыі складаецца з матэрыялаў, падрыхтаваных Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. Яна дэманструе творы графікі, узоры фалерыстыкі, сфрагістыкі і іншыя помнікі ХІХ ст.

1