<p>Шэсць скульптараў з розных месцаў Беларусі працуюць у межах агульнай тэмы «Жывапіс, тэатр, музыка». Кожны з іх ужо выбраў для сябе канкрэтны вобраз, які цяпер увасабляе ў жыццё. «Камяні дыктуюць, што з іх вычасаць», — адзін за адным сцвярджаюць удзельнікі пленэра</p>

Горад майстроў развярнуўся ля вёскі Пушкары пад Гродна. Пленэр каменнай скульптуры праходзіць з 2 па 30 верасня. Вынікі працы майстроў павінны палепшыць выгляд горада.

Шэсць скульптараў з розных месцаў Беларусі працуюць у межах агульнай тэмы «Жывапіс, тэатр, музыка». Кожны з іх ужо выбраў для сябе канкрэтны вобраз, які цяпер увасабляе ў жыццё. «Камяні дыктуюць, што з іх вычасаць», — адзін за адным сцвярджаюць удзельнікі пленэра, паведамляе «Вечерний Гродно».

Уладзімір Ламейка з Салігорска вырашыў зрабіць велізарную скульптуру Пятрушкі. Ён мяркуе, што магчыма размясціць яе ля тэатра лялек. Але ж надзець на руку такую ляльку, пэўна, не атрымаецца.

1

Гродзенец Уладзімір Панцялееў стварае камень для пацалункаў, праз які закаханыя змогуць не толькі выказаць сваё каханне, але і памірыцца. Мясцовым жыхарам добра вядомы ранейшыя творы Панцялеева — «Жаба-падарожніца», «Купідон», «Гараднічанка», «Гараджанін ХVIII ст.», «Лебедзі».

2

Карней Аляксееў з Магілёва спрабуе перадаць сваё бачанне гісторыі кахання Арфея і Эўрыдыкі.

Мінчанін Аляксандр Батвінёнак стварае выяву дамы з маскай і лірай.

Алегарычная «Гарадзенская мелодыя» Уладзіміра Піпіна з Мінска паўстае ў выглядзе дзяўчыны. На думку аўтара, каб нешта стварыць на пленэры, варта адчуць атмасферу асяроддзя. З гэтай мэтай ён у вольны час вандруе па Гродна. Больш за ўсё яму спадабалася Каложа ды мясцовыя дзяўчыны, як запэўнівае скульптар. Месца пленэра ў Пушкарах Уладзімір параўноўвае са Швейцарыяй па прыгажосці наваколля.

Ігар Засімовіч з Мінска выводзіць «Формулу прасторы», якую інакш называе «Піруэт». Яна складаецца з трох камянёў — вертыкаль, гарызанталь, глыбіна — і нагадвае спіраль.

3

4

На невялічкім астраўку, абсыпаным валунамі, майстры штодня працуюць з ранку да вечара.

На пленэры важна цесна супрацоўнічаць, размаўляць адзін з адным, дзяліцца досведам, вучыцца адзін у аднаго. Гэтым ён адрозніваецца ад адасобленай працы скульптара па замове. «Цяпер пайшла мода на пленэры», — гавораць майстры. Месяц таму скончыўся пленэр скульптараў па камені ў Смаргоні. А вось у нашым горадзе ён праходзіць у другі раз, першы ладзіўся ў канцы 80-х гадоў мінулага
стагоддзя.

5

6

Марына ХАРЭВІЧ