Раванічы: падказка для Пушкiна, Астроўскі, Напалеон у ролі спонсара i батанічныя рарытэты

23.09.2013 - Новости

Раванічы: падказка для Пушкiна, Астроўскі, Напалеон у ролі спонсара i батанічныя рарытэты

За 30 кіламетраў на паўночны ўсход ад Чэрвеня ёсць вёска Раванічы. Лёс падараваў ёй багатае мінулае, ахутанае легендамі ды паданнямі. Адна з іх сцвярджае, нібы менавіта Раванічы «падказалі» Пушкіну сюжэт рамана пра высакароднага разбойніка Уладзіміра Дуброўскага

Астроўскі

Кажуць, у пачатку XIX стагоддзя жыў у Раванічах небагаты дваранін Павел Астроўскі. Падчас вайны 1812 года ў маёнтку Астроўскага вялікі пажар, акрамя усяго, знішчыў і дакументы на маёмасць. Вайна скончылася, ды толькі Павел Астроўскі так і не змог даказаць суду правы на маёнтак і стаў лічыцца «беззямельным шляхціцам», паведамляе «Мінская праўда».

Страціўшы ўласнасць, Астроўскі пачаў рабаваць заможных асоб, але рабаваў з разборам: у каго лішняе — адбіраў, а беднякам мог і апошняе аддаць. Хутка збяднелага двараніна арыштавалі — магчыма, не без «дапамогі» пана Памарнацкага, у якога Астроўскі жыў і працаваў настаўнікам. Арыштанта накіравалі ў Віцебск, пасля ў пскоўскую турму, аднак у 1832 годзе Павел уцёк адтуль. Уцекача доўга яшчэ шукалі па ўсёй Беларусі, але безвынікова. Пра новыя рабаўніцкія справы Астроўскага больш не было чуваць, і пошукі спынілі. Старажылы запэўніваюць, што Павел вярнуўся ў родныя Раванічы, бо род Астроўскіх працягваецца дагэтуль: у вёсцы нібыта жыве прапрапраўнучка знакамітага пана.

Гісторыю пра высакароднага разбойніка Астроўскага Пушкін пачуў ад свайго сябра Паўла Нашчокіна, калі гасцяваў у таго ў верасні 1832 года. Аповед так уразіў пісьменніка, што ён вырашыў прысвяціць раман прыгодам Паўла Астроўскага. Вярнуўшыся ў Пецярбург, Пушкін узяўся за пяро: першая частка рамана «Астроўскі» (дакладна вядома, што менавіта так першапачаткова называўся гэты твор) была закончана за два тыдні. Пазней Пушкін усё ж выправіў  свайго героя ў «самастойнае жыццё» пад імем Уладзімір Дуброўскі.

Але праславіліся Раванічы не толькі ў легендах, мястэчка мае багатае гістарычнае мінулае — і на гэты раз насамрэч высакароднае.

Напалеон у ролі спонсара

Калі ў Раванічы прыехаў новы гаспадар — пан Антоній Слатвінскі, маёнтак, здаецца, набыў другое жыццё. Прадпрымальны купец хутка скеміў, куды трэба ўкласці грошы, каб ужо праз год атрымаць прыбытак. Арыентуючыся «на рынак», пан пабудаваў у Раванічах пякарню, сыраварню, малачарню, бровар, у асабістым мылаварным цэху наладзіў вытворчасць мыла. Самым даўгавечным аказаўся спіртзавод — ён і дагэтуль працуе ў вёсцы.  

— Заводы па вытворчасці сыру, малака працавалі не толькі на рынак — яны забяспечвалі і патрэбы гаспадароў, — расказвае дырэктар Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак. (Каб абысці маёнтак Слатвінскіх, і гадзіны не хопіць, таму адразу адправіліся даследаваць месца.)  Антоній пабудаваў у маёнтку спецыяльныя каменныя лядоўні. Яны напаўняліся вялізнымі кавалкамі лёду, якія слугі пана нарыхтоўвалі яшчэ ўзімку. У лядоўнях, як у халадзільніку, захоўваліся мяса, сыры, заўсёды на стале пана былі ягады і садавіна.   

Асаблівым гонарам Антонія Слатвінскага былі сем агародаў з цяпліцамі і сад, дзе вырошчваліся парэчкі, агрэст, экзатычныя фруктовыя дрэвы. Сад адначасова служыў паркам — тут разводзілі болей за 30 найменняў кветак, а рэдкія дрэвы, якія пан прывёз з-за мяжы, лічыліся адзінымі экзэмплярамі ў Беларусі.

— Антоній выгадаў удвая, набыўшы Раванічы, але каб давесці тут усё да розуму, патрабаваліся немалыя ўкладанні. Цяжка нават уявіць, колькі грошай пан пусціў на парк плошчай 10 гектараў… Пра тое, адкуль Антоній мог узяць такія сродкі, нават ходзяць легенды, — кажа Алена Забаронак. — Адна з іх, напрыклад, сцвярджае, што Антонію пашэнціла знайсці клад, некалі закапаны ў гэтых мясцінах Напалеонам. Кажуць, неяк селянін пана паліў пні ў лесе, і раптам з аднаго палілася жоўтая гарачая «смала». Чалавек неадукаваны, селянін не зразумеў, што гэта расплаўленае золата, і пабег расказваць пану пра дзіўную знаходку. Той хутка скеміў, што да чаго, даў селяніну 25 рублёў і загадаў маўчаць пра ўбачанае. Вось так пан і разбагацеў — на знойдзеныя грошы перш за ўсё заклаў цудоўны парк, пабудаваў у гонар свайго святога касцёл Св. Антонія, распачаў будаўніцтва палаца. Але паспеў толькі закласці фундамент — гаспадарчыя справы Антонія прадоўжыў яго сын Людвіг, маршалак Мінскай губерні.

Усход і Захад у панскіх кабінетах

Людвіг пераняў прадпрымальніцкі талент бацькі: пабудаваў тэкстыльную фабрыку, млыны, наладзіў вытворчасць вугалю, смалы, шкіпінару… Штогод суконная фабрыка прыносіла 1400 рублёў даходу, млынарня —  200 рублёў. Спраўдзіў Людвіг і бацькаву мару — пабудаваць шыкоўны палац.

— Будучы маёнтак новы гаспадар вырашыў паставіць у глыбіні парку. Месца гэтае было выбрана не выпадкова: ад уязной брамы вяла шырокая ліпавая алея, якая заканчвалася авальнай клумбай з рэдкімі раслінамі. Перад гэтым кветнікам і вырас палац Слатвінскіх, — тлумачыць дырэктар музея. — Дарога, па якой некалькі стагоддзяў таму ездзілі паны, завярнула ўбок і «растварылася» ў ліпах. На жаль, час перакроіў тут усё па-свойму: няма ўжо той кветкавай экзотыкі — калі не ведаеш, наўрад ці здагадаешся, што некалі тут быў вялікі газон, звузілася ліпавая алея. Паводле задумы пана, цэнтральны будынак палаца быў двухпавярховы, побач — аднапавярховыя. Да палаца вяла шырокая двухмаршавая лесвіца, уздоўж якой стаялі дэкаратыўныя вазы з кветкамі. Асаблівую веліч сядзібе Слатвінскіх надавалі вадаёмы — Людвіг загадаў стварыць іх у пейзажнай частцы парку за палацам. На цэнтральным вадаёме быў востраў, а на ім альтанка. З гэтага месца можна было бачыць і сам парк, і схаваны ў яго глыбіні палац. Дзякуючы люстэрку вады агульнай плошчай каля 7 гектараў уладанні Слатвінскіх візуальна пашыраліся і здаваліся неабсяжнымі.

Паводле слоў Алены Забаронак, не пашкадаваў пан грошай і на палацавы інтэр’ер. Над аздабленнем пакояў і кабінетаў працавалі замежныя майстры: для ўпрыгожвання столяў у салонах выкарыстоўвалася ляпніна, а ў сталовай і ўвогуле кесоны. У асабісты кабінет Людвіг заказаў венецыянскую мэблю, а будуар для жонкі зрабіў ва ўсходнім стылі: прывёз турэцкія і персідскія дываны, драпіраваныя шалі.

— Раванічы атрымаў у спадчыну сын Людвіга — Гвідон, таксама добры прадпрымальнік. Пры ім у Раванічах працавалі гута, крухмальны, лесапільны заводы. Пакінуў Людвіг сыну і вялікую калекцыю мастацкіх рарытэтаў: саксонскі, сеўрскі фарфор, кнігі, карціны, у тым ліку сямейныя партрэты Богуш-Сестранцэвіча, — расказвае Алена Забаронак. — Гістарычную каштоўнасць меў статыстычны архіў, прысвечаны Міншчыне. 

Ад Гвідона маёнтак перайшоў па прамой лініі яго сыну Іосіфу, затым унукам Міраславу і Людвігу. Пасля 1917 года Слатвінскія назаўсёды пакінулі Раванічы.

Батанічныя рарытэты

Аб былой велічы раваніцкага маёнтка сёння нагадваюць хіба што два флігелі, рэшткі лесвіц, адна з якіх запрашае ў палац, а другая вядзе ўглыб парку да вадаёмаў, ды каменныя вартаўнікі — калоны, яны трымаюць на сваіх плячах палацавую тэрасу. У гады вайны палац быў пашкоджаны — праўда, у 1952 годзе яго адрэстаўравалі, сюды пераехала школа, пасля размясцілася бальніца.

А больш за 15 год таму помнік гісторыка-культурнай спадчыны зноў апусцеў, і будынак перадалі ААТ «Раванічы». Болей палац не выкарыстоўваўся — сёння толькі вецер гаспадарыць у пустых пакоях ды нараджае легенды пра прывіды. Не пашкадавалі панскую ўласнасць сілы прыроды — у 2009 годзе ўраган загубіў унікальныя 200-гадовыя дрэвы, якія лічыліся надзвычай рэдкімі для нашай краіны.

— Людвіг, як і бацька, любіў прыроду, таму шмат часу і грошай аддаваў парку. Мала хто нават чуў пра такія рэдкія дрэвы, як явар Leopoldii, тсуга канадская, таполя белая, берасклет еўрапейскі, чубушнік карончаты, спірэя Дугласа і спірэя Вангута, дуб чарэшчаты пірамідальны, ірга каласацветная, лістоўніцы даурская і еўрапейская — Раванічы былі адметныя такімі рарытэтамі. Людвіг ператварыў бацькоўскі парк у сапраўдны батанічны сад: тут раслі даволі рэдкія елка жорсткая і елка калючая блакітная ніцая, а з Балканскага паўвострава па заказу гаспадара нават прывезлі хвою румелійскую, — тлумачыць Алена Забаронак.

Да 2009 года ў парку расло яшчэ некалькі рэдкіх дрэў — сёння няма і іх…

— Бура нарабіла бяды, — прыгадвае мясцовы жыхар, дырэктар Раваніцкага Дома культуры Рыгор Ладуцька. Дарэчы, Дом культуры размясціўся ў паўночным флігелі маёнтка — у часы Слатвінскіх тут жылі работнікі пана. —  Ветрам паваліла елку калючую блакітную і елку калючую блакітную ніцую, дуб чарэшчаты пірамідальны, аксаміт амурскі…  Малымі мы наведвалі школу, якая пэўны час размяшчалася ў палацы, з павагай ставіліся да ўсяго, што засталося ад паноў, бераглі дрэвы. Але супраць прыроды нічога не зробіш. Зараз у парку расце толькі трэцяя частка тых дрэў, што некалі пасадзілі Слатвінскія: у асноўным ліпы, таполі, дубы.

…Маёнтак у Раванічах, як і кожны гістарычны помнік, мае права на будучыню, лічыць намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксана Качановіч. Тым больш што ў Чэрвеньскім раёне ёсць людзі, гатовыя даць новае жыццё маёнтку і парку.

— Ад Міністэрства культуры мы ўжо атрымалі дазвол выставіць на аўкцыён палац і паўднёвы флігель маёнтка, — тлумачыць Аксана Качановіч. — Перш чым арганізоўваць аўкцыён, неабходна падрыхтаваць шмат дакументаў, але апускаць рукі нельга. Спадзяёмся, з дапамогай зацікаўленых людзей маёнтак будзе адноўлены і зноў стане прыцягальным для знаўцаў архітэктурнага мастацтва і турыстаў.

Галіна ГРЫЦКЕВІЧ

Рубрики: Экскурсии

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах