https://www.traditionrolex.com/8
<p>Эўракамісія ўжо амаль два гады таму даслала беларускім уладам запрашэнне пачаць перамовы пра візавую фасілітацыю і рэадмісію</p>

Пра гэта заявіў кіраўнік дэпартаменту Расіі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Гунар Віганд. Высокі еўрапейскі чыноўнік знаходзіўся 24–25 верасня з візітам у Мінску. Ён правёў перамовы з прадстаўнікамі МЗС і дэмакратычнай супольнасці Беларусі, паведамляе Svaboda.org.

Гунар Віганд — уплывовы чыноўнік з апарату кіраўніцы знешняй палітыкі Еўразвязу Кэтрын Эштан. Андрэй Дзмітрыеў, адзін з лідэраў апазіцыйнай грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», непасрэдна размаўляў з брусэльскім чыноўнікам:

«Спадар Віганд сказаў, што на сённяшні дзень Еўразвяз адкрыты для супрацоўніцтва з Беларуссю. Мы размаўлялі пра кошт шэнгенскіх віз. І ён сказаў, што знізіць іх кошт можна імгненна, як толькі беларускі бок падпіша дакументы, звязаныя з такой прапановай Еўразвязу. І тады візы будуць каштаваць удвая танней. І гэта будзе выгадна ўсім — і беларусам, і еўрапейцам».

Андрэй Дзмітрыеў сказаў, што ўдзельнікі сустрэчы прапаноўвалі, каб Брусэль, не чакаючы згоды беларускіх уладаў, зменшыў кошт уязных дакументаў у аднабаковым парадку. Аднак спадар Віганд адказаў, што такія рэчы немагчыма рабіць без згоды афіцыйнага Мінску.

«І гэта сапраўды так», — кажа «Свабодзе» дырэктар офісу «За дэмакратычную Беларусь» у Брусэлі Вольга Стужынская, якая даўно займаецца гэтай праблемай:

Еўракамісія ўжо амаль два гады таму даслала беларускім уладам запрашэнне пачаць перамовы пра візавую фасілітацыю і рэадмісію. Таму што кошт візы можа быць зніжаны да 35 з цяперашніх 60 еўра толькі пры ўмове, што беларускі бок пагодзіцца на гэты дыялог. Гэта магчыма толькі, калі абодва бакі пагаджаюцца. У аднабаковым парадку Еўразвяз не можа такога зрабіць. Таму што гэта дамова».

«Беларускія ўлады наўмысна не пачынаюць адпаведных перамоў», — кажа палітолаг Алесь Лагвінец:

«Для ўладаў Беларусі супрацоўніцтва з Еўрапейскім Звязам не ёсць прыярытэт. Яны б не хацелі шырэйшых кантактаў грамадзян Беларусі з грамадзянамі краін Еўрапейскага Звязу. Нават з апошніх заяў Лукашэнкі бачна, што ён хоча прыпыніць частыя вандроўкі беларусаў за мяжу дзеля набыцця тавараў штодзённага попыту».

Высокі еўрапейскі чыноўнік, дарэчы, паведаміў, што дамова аб палягчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі Еўразвязу з Арменіяй хутка ўступіць у сілу. На саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні напрыканцы лістапада плануецца падпісаць падобныя дакументы з Азербайджанам. І тады Беларусь застанецца ў найгоршым становішчы з усіх шасці краін «Усходняга партнёрства».

Уладзімір Глод

https://www.traditionrolex.com/8