https://www.traditionrolex.com/8
<p>Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» у асаблівай рэкламе патрэбы не мае: сёння гэта самы наведваемы культурны аб’ект у краіне. Калі летась нясвіжскія славутасці наведала 431 тысяча гасцей, то сёлета плануецца ўжо каля паўмільёна. Мара дырэктара музея-запаведніка, кандыдата гістарычных навук Сяргея Клiмава, — дачакацца мільёна наведвальнікаў у год і зрабіць Нясвіж сапраўдным горадам-музеем</p>

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» у асаблівай рэкламе патрэбы не мае: сёння гэта самы наведваемы культурны аб’ект у краіне. Калі летась нясвіжскія славутасці наведала 431 тысяча гасцей, то сёлета плануецца ўжо каля паўмільёна. Мара дырэктара музея-запаведніка, кандыдата гістарычных навук Сяргея КЛІМАВА, — дачакацца мільёна наведвальнікаў у год і зрабіць Нясвіж сапраўдным горадам-музеем, паведамляе «Звязда».

Будучы дырэктар прапанаваў праграму развіцця запаведніка, якая прадугледжвае стварэнне новых музеяў (прыватных калекцый і дзіцячага), распрацоўку новых турыстычных аб’ектаў і маршрутаў, істотнае папаўненне фондаў. Гэта і дапамагло яму атрымаць адказную пасаду.

Як лічыць Сяргей Клімаў, маючы такую багатую гісторыю, Нясвіж сучасны павінен падстройвацца пад даўніну: гэта датычыць стварэння пешаходных зон, рэканструкцыі гістарычных будынкаў, добраўпарадкавання памятных мясцін. Вельмі дарэчы ў Нясвіжы было б і стварэнне горада майстроў. Прынамсі, на рынку гандляроў сувенірамі ён калі-нікалі ўзнікае — часта можна паназіраць за працай ганчароў (нават самому паспрабаваць сілы ў старажытным рамястве і крыху запэцкаць рукі ў гліне), разьбяроў, майстрых саламяных спраў і вышывальшчыц. Пры гэтым вельмі важна не парушыць тую аўру, якую мае ўся нясвіжская даўніна, — гэта прынцыповы падыход кіраўніка запаведніка, бо часам не ў патрэбным месцы абсталяваная гандлёвая кропка здольная істотна пагоршыць выгляд мясціны. Але тут, прызнаецца Сяргей Клімаў, «з мясцовай уладай і асабліва з Міністэрствам культуры адносіны будуюцца на аснове кампрамісаў і ўзаемаразумення таго, што Нясвіж — прызнаны аўтарытэт турыстычнай галіны».

Выдаткі на культуру

Вядома, такі буйны гісторыка-культурны музей-запаведнік патрабуе і адпаведнага фінансавання, а таксама, як падкрэслівае дырэктар, — неабходнай кваліфікацыі супрацоўнікаў. І невядома, што з гэтага больш важнае. Штат — 230 чалавек — нібы на добрым заводзіку. Гэта ўсе: ад дырэктара  да прыбіральшчыкаў і аховы. Значныя выдаткі з заробленага ідуць на аплату электрычнасці, камунальных паслуг, павышэнне заробкаў персаналу, утрыманне некалькіх трактароў і аўтамабіляў, іншай спецыяльнай тэхнікі: паспрабуйце пагрузіць і вывезці той жа снег з замчышча! Ды нарэшце — вельмі істотная справа — набыццё экспанатаў. Нясвіж быў, мякка кажучы, усхваляваны ў свой час, калі музей шырока прапанаваў сваё жаданне набыць ва ўсіх ахвотных прадметы даўніны — для будучага музея прыватных калекцый. Тут варта адзначыць, што на Гродзеншчыне музею ўжо ўдалося купіць калекцыю ў паўтары тысячы экспанатаў. Мне падалося, што дырэктар з гонарам сказаў аб тых 250 тысячах еўра, якія штогод адкладваюцца для папаўнення калекцый.

Што ж да павышэння кваліфікацыі сваіх падначаленых, Сяргей Клімаў перакананы, што вучыцца трэба лепшаму ў лепшых. А калі так — то навуковыя супрацоўнікі і экскурсаводы рэгулярна наведваюць мноства міжнародных форумаў па музейнай справе. Комплекс мае сталыя стасункі з Метрапалітэн-музеем, з Эрмітажам і Музеем Маскоўскага Крамля. Менавіта з замежжа прыйшоў вопыт стварэння аўдыягідаў — іх цяпер тут каля 190 на некалькіх мовах. Такой раскошай таксама не пахваліцца ніводны музей краіны.

Калі адчыніліся дзверы комплексу пасля рэстаўрацыі, на якую дзяржава выдаткавала немалую капейку, паўстала пытанне і пра самаакупнасць, да чаго праз тры гады калектыў пакрысе якраз і набліжаецца. Што гэта азначае? Тое, што калі бюджэт дае 100 працэнтаў фінансаў, то да іх дадаецца і яшчэ 70 працэнтаў уласных заробкаў. Адкуль? Напрыклад, толькі сувенірная крама за 7 месяцаў года зарабіла мільярд рублёў! А тысячы турыстаў? І да гэтых паказчыкаў музей-запаведнік рухаўся па ўласнай ініцыятыве. Калі казаць дакладна — па ініцыятыве кіраўніка. Дарэчы, і гэтыя паказчыкі — на ўзроўні буйнейшых музеяў свету.

У замку будзе сваё віно?

Вядома, сітуацыя з вытворчасцю нацыянальных сувеніраў у нас вымушае жадаць лепшага, але вось сёння сюды, у Нясвіж, ідуць больш за тысячу найменняў сувеніраў і рознага кшталту падарункаў ад 76 пастаўшчыкоў, як дзяржаўных, так і ад прыватнікаў, у асноўным айчынных. Прычым купляецца музеем не столькі тое, што прапануецца, а тое, што эксклюзіўна замаўляецца: і «фірменная» друкаваная прадукцыя, і кераміка, і шкло, і саломка. Напрыклад, шакалад «Чорная панна Нясвіжа», які набыць можна выключна ў гэтым горадзе. А яшчэ нядаўна быў зарэгістраваны таварны знак «Пане Каханку», таму неўзабаве можа з’явіцца ў Нясвіжскім замку і эксклюзіўнае віно. Сяргей Клімаў гарантуе, што і гэты тавар уганаруе толькі паліцы замкавай крамы.

Добры прыклад кіраўніка

Як гаворыцца, чым далей у лес — тым болей дроў. Незаўважна, паціху ўкамплектаваўся штат установы, а ў ім пераважна людзі маладыя: гісторыкі, археолагі, архівісты (дарэчы, плануецца рэгулярнае выданне музейнага навуковага зборніка). І тут новыя клопаты для горада і комплексу: людзям жа недзе трэба жыць, таму раён ужо выдзеліў пляцоўку пад 12-кватэрны дом, дапамагае з арэндным жыллём. Дарэчы, пакуль наваселля работнікі запаведніка не святкавалі. Не мае ўласнага жылля і сам кіраўнік.

І яшчэ адзін разлік Сяргея Клімава. Як вядома, найбольшы наплыў турыстаў адбываецца ў выхадныя. У суботу, напрыклад, прыязджаюць аўтобусы з Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы, Украіны. Людзі цешацца экскурсіямі, а ў нядзелю можна дадому выбірацца. І справа не толькі ў тым, што за дзень можна адведаць усе нясвіжскія славутасці, але і ў тым, дзе можна пераначаваць, дзе можна правесці вечар, асабліва моладзі… Але ўсё гэта вырашыцца. Бо істотнае тое, што культурныя справы вырашаюцца разам з эканамічнымі. Памятаеце ж прымаўку: «Не маеш грошай — няма чаго будавацца». А паколькі будуюцца людзі — значыць, ёсць у іх магчымасці.

Пятро РАМАНЧУК

https://www.traditionrolex.com/8