<p>Падляшская ваяводская ўправа атрымала на абсталяванне памежнага пераходу «Кузніца-Брузгі» 900 тысяч злотых</p>

Да канца года пешшу і на ровары польска-беларускую мяжу можна будзе перасекчы не толькі ў Белавежы, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

Падляшская ваяводская ўправа атрымала на абсталяванне памежнага пераходу «Кузніца-Брузгі» 900 тысяч злотых. 

Нягледзячы на тое, што адмысловая паласа для пешага перасячэння мяжы існавала на гэтым пераходзе яшчэ з 2006 года, яна не функцыянавала, кажа намеснік дырэктара аддзела інфраструктуры ваяводскай управы Эва Стаховіч:

– Існуе агароджа, якая аддзяляе паласу, па якой можна было б перасякаць мяжу пешшу. Тым не менш яе трэба абсталяваць, забяспечыць камунікацыю памежных служб, якія б мелі непасрэдны кантакт з галоўным будынкам.

23 кастрычніка будзе абраны выканаўца работ у пункце пропуску «Кузніца-Брузгі». На абсталяванне пешага памежнага пераходу адводзіцца 2 месяцы.

* * *

У бліжэйшай перспектыве на польска-беларускай мяжы новыя памежныя пераходы не ўзнікнуць.

Больш за 10 гадоў таму Польшча прапанавала Беларусі адкрыць яшчэ адзін памежны пераход у Ліпшчанах на аўтатрасе Гародня –  Аўгустаў, аднак прапанова не была прынята, кажа адна з удзельнікаў супольнай камісіі Эва Стаховіч з Падляшскай ваяводскай управы:

–  Працягваецца перабудова памежнага перахода ў Полаўцах, такія ж работы па стварэнні новай інфраструктуры ідуць з беларускага боку. Завяршэнне работ запланавана на сакавік 2015-га года. Рэканструкцыя прадугледжвае магчымасць пешага перасячэння мяжы. 

На сённяшні дзень паміж Польшчай і Беларуссю дзейнічае 6 аўтамабільных памежных пераходаў, 3 чыгуначныя і 1 пешы.

Зміцер Косцін