<p>Палацава-паркавы комплекс у Свяцку — першы створаны ў пейзажным стылі англійскі парк на Беларусі, які акружаюць азёры (вада з двух верхніх перацякае ў два ніжнія), і шыкоўны палац з бакавымі галерэямі. Плошча гэтай прыгажосці — 12 гектараў</p>

Першы, хто параўнаў жанчыну з кветкай, — паэт, другі — ідыёт. Безумоўна, выконваць апошнюю ролю палымянага жадання няма, але гаварыць будзем зусім не пра жанчын і кветкі. Мільённы раз трэба ўзняць «вечназялёнае». Рэстаўрацыя — гэта праблема. Сонца не спяшаецца ў наша аконца, ці не так? Лёс Версаля. Падумалі пра Парыж? Дарэмна!

Чыстыя факты

Палацава-паркавы комплекс у Свяцку — першы створаны ў пейзажным стылі англійскі парк на Беларусі, які акружаюць азёры (вада з двух верхніх перацякае ў два ніжнія), і шыкоўны палац з бакавымі галерэямі. Плошча гэтай прыгажосці — 12 гектараў.

Помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва ХVІІІ стагоддзя не адзінокі. Ён — маленькае блізня аднаго сусветнага шэдэўра: ансамбль у Свяцку — малодшы брат парыжскага Версаля. Так, таго самага, які ўвасобіў ідэю абсалютызму эпохі «караля-сонца». Але гутарка ідзе не пра Людовіка ХІV, а пра неймаверную папулярнасць каралеўскай рэзідэнцыі: паглядзелі, што прыгожа, — і ў Патсдаме, і ў Вене захацелі тое ж самае. На Беларусі ж аналаг Версаля толькі адзін.

«Зорка» фотасесій

Любы гродзенец не дазволіць схлусіць: з гэтым мужчынам фатаграфуюцца абсалютна ўсе. Калі ты быў у Гродне і не сеў яму на калені, ці не абняў яго за плечы, ці не пацалаваў яго ў шчаку, ці не лёг з ім побач, то трэба смела лічыць: ты не быў у Гродне. Калі шчыра, літаральна адзінкі ведаюць, хто ён. Хто гэты бронзавы мужчына, які, размясціўшыся на лаве, глядзіць на бераг Гараднічанкі і на вуліцу Элізы Ажэшкі? Многія лічаць яго за Пятра І. Не, справу маем з італьянскім дойлідам Джузэпэ дэ Сака. Ён, сам з Вероны, і пабудаваў беларускі Версаль.

Галоўны архітэктар Вялікага княства Літоўскага, італьянец атрымаў замову ад магната Юзафа Валовіча, і ў 1779 годзе жамчужына дойлідства ў стылі барока ўжо стаяла сярод паркаў і азёр. За 20 кіламетраў ад Гродна.

Раней — хварэлі, цяпер — цалуюцца

Лёс палацава-паркавага ансамбля наўрад ці зайздросны. У канцы ХІХ стагоддзя беларускі Версаль знайшоў новых гаспадароў: Юзаф Валовіч прайграў Свяцк у більярд.

Але рэальна злыя жарты пачаліся пасля. Наблізіліся 1930-я. Беларускі Версаль згубіў ранейшы статус, набыў новы — стаў наркалагічнай клінікай (прычым адзінай ва ўсёй тагачаснай Польшчы). Плячыстыя мужчыны ў доўгіх плашчах і элегантных шляпах павольна шпацыравалі між азёраў. Свяцк ператварыўся ў вядомае сярод багемных персон месца. Што да звычайных смяротных — уваход ім быў адназначна забаронены.

1

Значныя змены адбыліся ў Свяцку ў савецкі час, калі тут арганізавалі медыцынскі цэнтр рэабілітацыі хворых на сухоты. Вось у такім выглядзе Свяцк і праіснаваў да нашых дзён: апошні пацыент пакінуў рэзідэнцыю ў 2005 годзе.

А далей часта гучыць: «Джузэпэ дэ Сака ў труне пераварочваецца!» Адны гавораць, што архітэктар не ўзрадаваўся, калі б убачыў цудоўны стан палаца (апошняе пацвярджае фота). Другія гавораць: «Усё гэта дробязі. Італьянец пачаў варушыцца, калі дадумаліся масава кідаць смецце». Паводле слоў мясцовай жыхаркі Святланы Зыгмантовіч, бліскучыя пакеты з-пад чыпсаў, пабітыя бутэлькі з-пад піва, разарваныя пачкі цыгарэт — гэта яшчэ «кветачкі», самае прыстойнае з таго, што ўпрыгожвала ганак беларускага Версаля, каскад азёраў і англійскі парк вакол іх.

На працягу чатырох гадоў палацава-паркавы комплекс фактычна заставаўся нічыйным. Днём з агнём давялося шукаць пакупнікоў. З 2009-га адкрытае акцыянернае таварыства «Азёрны» атрымала гэты архітэктурны ансамбль, і адразу ж жыццё каля Свяцка закіпела. Беларусы актыўна скардзіліся: маўляў, забаранілі не толькі наведваць комплекс, але і нават фатаграфавацца на яго фоне.

Тым не менш вяселлі ехалі: у кожную сонечную суботу — да шасці пар. А што? Дзень вяселля — самы доўгачаканы, самы шчаслівы ў жыцці закаханых. Вядома, успаміны пра яго грэюць душу доўгія гады пасля. Таму факт застаецца фактам: гродзенскія нявесты хочуць цалавацца каля палаца ХVІІІ стагоддзя, і толькі так. А забарона наведваць беларускі Версаль не зрабіла шлюбныя фота больш рэдкімі.

Вольнаму воля

Відаць, апошняе абумовіць будучыню Свяцка пасля рэстаўрацыі. У 2015 годзе некаторыя залы аддадуць пад вяселлі. Актавая зала ператворыцца ў рэстаран. Адно крыло будынка запоўняць шыкоўныя нумары з кандыцыянерамі, інтэрнэтам і многімі іншымі атрыбутамі цывілізацыі. Кабінеты для лячэння і СПА-комплекс размесцяцца ў другім крыле. У гаспадарчых пабудовах, якія датуюцца 1841 годам, адкрыецца кавярня.

Адновяць канюшні. Хочаш вудзіць — калі ласка, хочаш паляваць — калі ласка, хочаш пікнік — таксама калі ласка. Поле для крыкета і міні-гольфа, веласіпедныя дарожкі — гэта аснова адпачынку. Ці не так?

Сёння праект рэстаўрацыі знаходзіцца на стадыі распрацоўкі. А «першыя ластаўкі» ўжо залятаюць. Гродзенскі гісторык і краязнаўца Ігар Лапеха выявіў істотную памылку. Так, арганізатары плануюць дэмантаваць «ламаны» дах. Маўляў, гэта надбудова савецкіх часоў. Але гісторык стаіць на сваім. І Новы Замак, і музычны флігель, і палацы Сангушак, Сапегаў, Радзівілаў у Гродне — усе будынкі Джузэпэ дэ Сака маюць мансардны «ламаны» дах, які з’яўляецца адметнасцю эпохі барока.

Пакуль падстаў не верыць арганізатарам няма. Тое, што ўжо ажыццявілі, заслугоўвае пахвалы: чатыры вадаёмы ачысцілі ад смецця і глею, паставілі новыя водапрапускальныя шлюзы, умацавалі берагі, усе стокі зрабілі з дрэва.

І смех і грэх

Заўсёды ёсць два варожыя лагеры: «за» і «супраць». Як кажуць, класіка жанру. Адны — займаюць бок дасведчаных скептыкаў: «Так-так, а як жа па-іншаму? Колькі шклопакетаў перавядуць! Ламінат. Зараз і да сайдынгу з касітонамі дадумаюцца! Быў мармур, а стаў пластык. А што вам такое, калі што якое? Эканамічна выгадны варыянт. А лезці на ражон ахвотных няма даўно».
Другія ж — гатовы даць лазню першым. Маўляў, зноў ныцікі не задаволены: «Не рэстаўруюць — дрэнна.

Рэстаўруюць — яшчэ горш. Карацей, носам круцяць. Гэй, хопіць! Былі руіны — стане акуратнае месца, куды прыемна зайсці, каб паглядзець. Гісторыі жахаў пра газасілікатныя блокі, улюбёныя шклопакеты і многае іншае — у сад». Так, блокі пад штукатуркай ніхто не ўбачыць. Шклопакеты лёгка зрабіць у стылі «а ля сівая старажытнасць». Таму лютым ворагам «варварскай рэстаўрацыі» дзеля большай гістарычнай ідэнтычнасці можна параіць змагацца з электрычным асвятленнем. Яго ж у 1779-м дакладна не было!

Некаторыя прыгадваюць замак у Мальбарку. Тыя, хто былі там на экскурсіі, заўжды адкрывалі рот, калі даведваліся: «Замак практычна цалкам аднавілі пасля вайны». Відавочна: ніякіх блокаў і модных вокнаў. Ратаваць гісторыю — неймаверна дорага. Няма аніякай розніцы, Германія гэта ці Беларусь. Бурштынавы пакой у Санкт-Пецярбургу таксама можна было аднавіць з пластыку. Шкада, не падказалі.

Пра што сумуем?

Маёнтак Валовічаў — праблема не толькі фінансавая. Так, 3 мільярды 500 мільёнаў беларускіх рублёў патрацілі. Але банкіры ёсць банкіры, і грошы будуць. Пра што сумуем?

Уявіце. Час застывае, нібы спыняецца. Ён павісае разам з вечарам над кветкамі і азёрамі. Шырокія алеі.

Глухая цяплынь, залацістая машкара. Засень. Палац. Нават у адбымках дажджу беларускі Версаль рамантычны. Таямнічыя прывіды. Унікальны дух і рамантыка ХVІІІ стагоддзя. Дзе ёй месца? Сёння яна жыве ў колішнім палацы Юзафа Валовіча. Ключавое слова — «сёння», гэта значыць — «пакуль». Як-ніяк заўтра рэзідэнцыя ператворыцца ў «Шматфункцыянальны аздараўленчы комплекс «Свяцк».

Галоўнае — расказваць пра беларускі Версаль родным-знаёмым, не адкладваць на «потым», збірацца, накіроўвацца, спяшацца, ісці, бегчы, ехаць, ляцець.

Маргарыта СІДАР

Звязда"