<p>Роўна год таму Лунінецкае ДРБУ № 101 адкрыла паромную пераправу праз Прыпяць каля вёскі Кораб’е</p>

ПАЎНАВОДНАЯ Прыпяць спрадвеку адразала паўднёвыя раёны ад цэнтральнай часткі рэспублікі. У пасляваенныя гады толькі два аўтамабільныя і два чыгуначныя масты, што каля Мазыра, Пінска і Лунінца, дазвалялі дабірацца транспартам у гэты аддалены куток, паведамляе «Белорусская Нива».

У летні перыяд на рацэ дзейнічалі часовыя калгасныя паромныя пераправы, якія скарачалі шлях на лугі, палі і сенажаці. Найбольш магутны паром знаходзіўся каля тураўскай вёскі Чэрнічы, але падчас вясновай паводкі ён закрываўся, і, каб дабрацца ў старажытны горад, трэба было рабіць амаль двухсоткіламетровы аб’езд праз Мазыр. Толькі ў канцы дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя бадай што самы вялікі ў Беларусі аўтамабільны мост упрыгожыў тураўскае наваколле. А значна раней узведзены аўтамабільны мост на дарозе з Пінска ў Столін адкрыў шлях у гэты паўднёвы густанаселены раён Беларусі. Не аднойчы на дзяржаўным узроўні абмяркоўвалася пытанне будаўніцтва маста праз Прыпяць паміж Столінскім і Лунінецкім раёнамі, што значна скараціла б адлегласць у палескую глыбінку. Распрацоўваліся праекты, зацвярджаліся планы пракладкі новай аўтадарогі, але гэты праект так і застаўся нерэалізаваным.

І ўсё ж некалькі гадоў таму аўтадарожнікі зноў вярнуліся да гэтай ідэі, і ў выніку роўна год таму Лунінецкае ДРБУ № 101 адкрыла паромную пераправу праз Прыпяць каля вёскі Кораб’е.

Дзеля гэтага з двух бакоў ракі ў Лунінецкім і Столінскім раёнах праклалі гравійную пад’язную дарогу да парома, распрацавалі графік работы пераправы. Рабочы дзень тут у летні перыяд пачынаўся ў 7 гадзін і доўжыўся да дзевяці вечара. Увосень, у сувязі з меншым патокам транспарту, рабочы дзень паромшчыкаў з Лунінецкага ДРБУ № 101 скарочаны. Яны пачынаюць пераправу на гадзіну пазней і на дзве раней заканчваюць. Праца наладжана пазменна. Матрос Віталь Бандарэц адкрываў гэтую пераправу і зараз працуе тут.

— Першыя два месяцы мы перавозілі аўтатранспарт бясплатна, — адзначае Віталь Паўлавіч, — а потым увялі плату 12 000 рублёў за кожны легкавік. Справа ў тым, што мы перапраўляем толькі легкавы аўтатранспарт, таму што пакуль не створаны ўмовы для транспарціроўкі высакагрузных аўтамабіляў. Летась амаль да новага года не спынялі работу. А як рака пачала замярзаць, пераправу закрылі да вясны. Адкрыццё вясновага сезона стрымала зацяжная паводка. Усё навокал было доўгі час пад вадой, нават у некаторых мясцінах гравійную дарогу перамыла. Немагчыма было аўтамашынам пад’ехаць да пераправы. Толькі ў канцы красавіка пачалася рэгулярная паромная пераправа. Усё гэта мы ўлічылі і да будучай вясны пастараемся ўзмацніць пад’язныя шляхі.

2

— Ужо год адпрацавалі на пераправе. Ці апраўдвае яна сябе?

— Ды яшчэ як, асабліва ў летнія месяцы, падчас масавага адпачынку людзей. Нашай пераправай карысталіся як беларускія аўтааматары, так і грамадзяне Прыбалтыкі, Расіі, Украіны. У найбольш гарачыя дні ледзьве паспявалі перапраўляць аўтамашыны. Бывала, што без перапынку з раніцы і да вечара, ні на хвіліну не спыняліся.

— А цяпер паток аўтамашын значна меншы?

— У сярэднім да шасцідзесяці аўтамашын штодня перавозім. Але трэба падкрэсліць, што гэта ж першы год дзейнасці пераправы. Яшчэ многа хто не ведае пра яе існаванне. Нават у атласах аўтамабільных дарог Беларусі яе пакуль няма. Але яна даволі запатрабаваная, бо скарачае шлях з цэнтральных рэгіёнаў нашай краіны на поўдзень і далей ва Украіну амаль на сотню кіламетраў. Так трэба ехаць да маста праз Прыпяць каля Пінска і далей на Столін, а тут прамы шлях без аб’ездаў. Нават у гэты асенні час у выхадныя ў нас максімальная загрузка парома.

— А ці ёсць нейкія абмежаванні ў карыстанні вашай паромнай пераправай?

— Безумоўна. Яшчэ не ўсё ў нас адрэгулявана, для перавозу вялікагрузных фур наш паром малаваты па габарытных параметрах. А такіх аўтамашын на гэтым участку вельмі многа. Тут пралягае зручны шлях для міжнародных перавозак. Выкарыстанне паромнай пераправы даволі зручна для дальнабойшчыкаў, што накіроўваюцца з Расіі ці Прыбалтыкі на поўдзень. Але ў нас ёсць і абмежаванні. Пакуль мы можам прымаць аўтафургоны не болей 14 метраў у даўжыню з максімальнай вагой кожнай адзінкі не болей 15 тон. Таму многія міжнародныя аўтапаязды вымушаныя карыстацца аб’язным шляхам.

— У вас складзены графік перавозу ці па меры накаплення аўтатранспарту курсіруеце паміж берагамі Прыпяці?

— З адкрыцця пераправы ў нас дакладны графік руху. Праз кожныя паўгадзіны курсіруем ад берага да берага, нават калі і не поўная загрузка парома. Прадугледжана і ўшчыльненне графіка работы ў найбольш напружаны перыяд.

— Якія асаблівасці карыстання пераправай?

— Спачатку запускаем аўтамашыны, а толькі потым пасажыраў. Перад заездам на паром пасажыры павінны выйсці з аўтамашын і толькі пасля пераправы на другім беразе, калі аўтамашына выедзе з парома, садзіцца ў яе.

— А як перапраўляеце пешых турыстаў, веласіпедыстаў, матацыклістаў?

— Бясплатна перапраўляем пешых турыстаў, веласіпедыстаў, а таксама гаспадароў конных павозак. А вось матацыклісты на правах аўтамабілістаў.

За адзін рэйс паром бярэ да 18 легкавых аўтамабіляў.

— Ці апраўдваюцца затраты на эксплуатацыю яго?

— Першы год паромная пераправа асаблівага прыбытку нашаму дарожнаму ўпраўленню не дала. Гэта і зразумела, патрачаны значныя сродкі на абсталяванне, стварэнне пад’язных шляхоў. Але вялікая выгада для навакольных гаспадарак, жыхароў гэтага рэгіёна, усіх, хто паромам карыстаецца. Важна ўлічыць і тое, што каля дзевяноста тысяч жыхароў Століншчыны атрымалі магчымасць значна скараціць шлях да сталіцы і іншых гарадоў Беларусі. А што тычыцца рэнтабельнасці нашай работы, то, на думку эканамістаў, мы выйдзем не толькі на самаакупанасць, але чакаецца і прыбытак ад дзейнасці пераправы. Варта яшчэ дадаць, што не ўсіх аўтааматараў задавальняе гравійная дарога да парома, асабліва на тэрыторыі Столінскага раёна. Але, думаецца, што гэта часовая справа. Пастаянны паток аўтамашын нават у гэты асенні час сведчыць пра запатрабаванасць нашага парома ў людзей. Так што мы настроены працаваць да моцных маразоў, пакуль Прыпяць не скуюць ільды. Цяпер жа штораніцы ў 7 гадзін наш кацер першым гудком абвяшчае чарговы працоўны дзень на прыпяцкай пераправе.

Уладзімір СУБАТ

Лунінецкі раён

Фота аўтара