https://www.traditionrolex.com/8
<p>Традыцыя сямейных паходаў у членаў Маладзечанскага турыстычнага клуба «Пілігрым» нарадзілася ў 1991 годзе. З таго часу дзе толькі не былі, па якіх мясцінах не падарожнічалі. Прычым як на роварах, так і пешшу, на байдарках</p>
Традыцыя сямейных паходаў у членаў Маладзечанскага турыстычнага клуба «Пілігрым» нарадзілася ў 1991 годзе. З таго часу дзе толькі не былі, па якіх мясцінах не падарожнічалі. Прычым як на роварах, так і пешшу, на байдарках, паведамляе «Мінская праўда».
 
Юрый Самсановіч ходзіць у паходы разам з турыстычным клубам «Пілігрым» больш за 20 год.
 
На гэты раз маршрут праходзіў па тэрыторыі адразу трох абласцей: Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай. «У дарогу мы адправіліся з Маладзечна, — расказвае дырэктар турклуба Сяргей Бялкоў. — У групе было 14 чалавек. Старэйшаму падарожніку споўнілася 60, малодшаму — 12».
 
Першай на іх шляху была вёсачка Заброддзе, што ў Вілейскім раёне. Менавіта тут жыве ўжо больш за 30 год сямейная пара Цітовічаў. Барыс Барысавіч — дыпламаваны графік, іканапісец і ландшафтны дызайнер. Валянціна Пятроўна па адукацыі рэжысёр. Яны стварылі ў самой вёсцы і яе наваколлях мемарыял у памяць загінулых салдат мінулых войнаў. «Не было яшчэ выпадку, каб хто-небудзь з гаспадароў, спаслаўшыся на недахоп часу альбо іншыя справы, адмовіў турыстам у экскурсіі, — гаворыць Сяргей Бялкоў. — Нам цікава ўсюды: і на  лазарэтных могілках, і ў капліцы, якая адначасова выконвае ролю музея Першай сусветнай вайны».
 
Тут, у Заброддзі, падаржнікі і заначавалі. А яшчэ запомніліся Папоўцы, дзе нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Канстанцін Зубовіч, запомнілася вёска Войстам, у якую ехалі старой брукаванай дарогай.
 
Было што паглядзець і ў гарадскім пасёлку Свір, дзе да нашых дзён захаваліся сляды гарадской забудовы — драўляная царква ХІХ стагоддзя, мураваны касцёл Святога Мікалая 1909 года, а яшчэ — Напалеонаўская гара, з якой звязана шмат легенд. «Мясцовыя людзі кажуць, што яна насыпная, — расказвае Сяргей Бялкоў. — Узнікла тут у часы вайны з Напалеонам і была зроблена ў форме арла. Два крылы можна разгледзець і цяпер. Але што яны ў параўнанні з панарамай, якая адкрываецца з гэтага месца! Здаецца, уся Мядзельшчына, а з гары відаць на пяць-сем кіламетраў, ляжыць ля тваіх ног».
 
Не менш уражанняў засталося і пасля наведвання Нацыянальнага парка «Нарачанскі», дзе турысты пазнаёміліся з азёрамі Глубля і Глубелька, Мёртвым возерам, возерам Глухое. «За час падарожжа мы праехалі 320 кіламетраў, — кажа Сяргей Бялкоў. — Акрамя Мядзельскага, наведалі яшчэ і Пастаўскі раён. Не скажаш, што маршрут быў просты. Навічкі стамляліся, баяліся нават, што не хопіць сіл. Але праз нейкі час, як жартавалі самі, адкрылася другое дыханне, і дарога стала куды весялейшая».
 
У складзе групы былі ў асноўным маладзечанцы і мінчане. Жыхар сталіцы Юрый Самсановіч, напрыклад, ходзіць з «Пілігрымам» у паходы больш за 20 год. Не адзін — разам з трыма сынамі. Мае ў групе вельмі адказную пасаду. Ён — роварны майстар.
А вось студэнтка Каця Сакаловіч была ў падобным падарожжы першы раз. Кажа, адразу нават крышку шкадавала, што асмелілася на паход на ровары без пэўнай падрыхтоўкі. Пасля першага дня нылі і ногі, і спіна. Але яна не сышла з дыстанцыі. Разам са сваёй сяброўкай і яе мамай працягвала падарожжа. Не шкадуе ніколечкі. Кажа, што стома — гэта дробязь. У паходзе яна набыла і вопыт, і новых сяброў.

Марына СЛIЖ

https://www.traditionrolex.com/8