<p>Roncero Toledo Kristian размаўляе і піша па-беларуску, але дагэтуль ўражваецца «цеканню» і «дзеканню» нашых краёў</p>

Generation.by працягвае адзначаць на планеце гарачыя беларускамоўныя кропкі. Пасля беларускамоўнага японца зноў вяртаемся ў Еўропу. Наступны малады герой — з краіны баскаў, якая шукае сваю свабоду пад гарачым сонцам паміж Іспаніяй і Францыяй.

Roncero Toledo Kristian размаўляе і піша па-беларуску, але дагэтуль ўражваецца «цеканню» і «дзеканню» нашых краёў.

«Дык ты хочаш вывучаць беларускую мову? Ох! Бог з табой!»

Матывацыі для вывучэння беларускай у мяне былі розныя. З аднаго боку, было цікава, бо я ў той момант ўжо вывучаў рускую і польскую мовы. Потым мае першыя сябры ў Беларусі калісьці размаўлялі паміж сабой па-беларуску, слухалі беларускую музыку, і мне хацелася быць часткай гэтага. Потым у мяне ўзнікла жаданне застацца ў Беларусі (хоць на годзік), і я разумеў, наколькі вартая адаптацыя на гэту культуру. Я — баск, і нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову, нягледзячы на тое, што выдатна мы разумеем французскую ці іспанскую.

Я шукаў усе магчымасці для навучання беларускай мовы, і гэта рэальна было складана.

Спачатку, пакуль я атрымліваў сваю першую адукацыю, я атрымаў дзве стыпендыі, каб вучыцца летам у МДЛУ з рэпетытарам (гэта быў цуд!). Пачаў слухаць музыку, паспрабаваў чытаць нешта.

Потым я захацеў больш сістэмна вывучаць, шукаў па ВНУ ў Мінску такую магчымасць, але не знайшоў. Нейкая важная жанчына ў адным вартым універсітэце паглядзела на мяне і сказала: «Дык ты хочаш вывучаць беларускую мову? Ох! Бог з табой!»

І ўрэшце, мне прыйшлося амаль у сярэдзіне кастрычніка пачынаць першы курс беларускай філалогіі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Хаця я амаль не ведаў мову.

«Цеканне» і «дзеканне»

Што самае складанае ў вывучэнні беларускай мовы? Усё :) Шмат: нейкія гукі, лексіка, вопыт. Напэўна, самае складанае для мяне (акрамя склонаў, якія з іншага свету) былі фанетычныя правілы: асабліва «цеканне» і «дзеканне».

«Дзьмухавец» — напэўна самае смешнае беларускае слова. Таксама падабаюцца «лазня», «гуртаваць», «гучанне», «сябар/сяброўка», «хлопец».

Каб вучыць беларускую мову, вельмі добра падыходзяць беларускія народныя казкі — яны вельмі цікавыя. Замежнікі могуць там пабачыць культурныя рознасці і падабенствы з сваёй радзімай. І песні заўсёды дапамагаюць.

Мы пачынаем, і адразу яны пераходзяць на рускую

У Беларусі спачатку бываў некалькі разоў і потым вучыўся год у Берасці. Зараз не маю магчымасці вяртацца туды, бо вучуся ў аспірантуры ў Леоне (Іспанія).

У Берасці было некалькі людзей, з якімі я мог размаўляць. Усе астатнія саромеліся карыстацца сваёй мовай (не разумею чаму, бо я сам замежнік і я раблю памылкі).

Зараз я маю мала магчымасцяў размаўляць па-беларуску. Раз у тыдзень, здараецца, гаворым з сябрамі па скайпу, і бываюць часам магчымасці скарыстацца ёй. Але, праўда,  часткова мы ўжо пабудавалі нашы камунікацыі на рускай мове, і складана перайсці на беларускую. Мы пачынаем, і адразу яны пераходзяць на рускую, бо ім прасцей... а з часам і я таксама. Хаця гэта дрэнна!
Падобна на эмоцыі, якія я маю, калі размаўляю па-баску.

1

Я баск, і ў нас адмысловая моўная палітыка, і робяцца ўсе намаганні, каб наша мова не знікла, і яны вельмі моцныя. А ў Беларусі я сустрэў шмат людзей, якія саромеюцца размаўляць сваёй мовай (асабліва тыя, што з Палесся). Я нават чуў ад людзей, што беларуская мова непрыгожая, як украінская ці руская. Я лічу, што гэта самае жахлівае, што можна сказаць. Бо твая мова — гэта тваё нутро: думкі і адчуванні, мы ўсе абавязкова пражываем іх па-рознаму, гэта наша асаблівасць, наш сусвет.

Калі я размаўляю па-беларуску, ці калі нехта са мной гаворыць, нешта ў душы свеціць... не магу гэта апісаць... але гэта падобна на эмоцыі, якія я маю, калі размаўляю па-баску.

Вольга Малафеечава