<p>Любіш са смакам паесці, пакаштаваць усе стравы і ведаеш пра працэс прыгатавання ежы ўсё? Адкажы на кулінарныя пытанні і атрымай прыз – кухонны камбайн фірмы Bosch ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала TIO.BY!</p>

Любіш са смакам паесці, пакаштаваць усе стравы і ведаеш пра працэс прыгатавання ежы ўсё? Адкажы на кулінарныя пытанні і атрымай прыз – кухонны камбайн фірмы Bosсh ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала TIO.BY!

УМОВЫ ВІКТАРЫНЫ

Пытанні выкладзеныя адначасова на сайтах budzma.org і tio.by.

Віктарына праходзіць у два туры – за два тыдні.

Адказы на пытанні трэба дасылаць на электронную пошту razam@budzma.org з пазнакай «Смачна есці!». Адказы прымаюцца на рускай альбо беларускай мове.

Па выніках дасланых адказаў за першы тыдзень вызначаецца прамежкавы пераможца, які атрымлівае каштоўны прыз.

Абсалютны пераможца (той, хто даслаў найбольшую колькасць слушных адказаў па выніках абодвух тыдняў), атрымае галоўны прыз – кухонны камбайн фірмы Bosсh.

ПРЫЗЫ

Прыз  2 (прамежкавы). Пераможца першага тыдня атрымлівае кулінарную кнігу Алеся Белага «Наша страва», дзе можна знасці дакладныя рэцэпты традыцыйных беларускіх  страў і, магчыма, адказы на пытанні другога тура кулінарнай віктарыны.

Таксама ён атрымлівае фотаальбом Сяргея Плыткевiча «Нечаканая Беларусь».

Прыз 1 (галоўны).  Галоўнаму пераможцу (хто даслаў найбольшую колькасць слушных адказаў — па выніках абодвух тыдняў) уручаецца кухонны камбайн фірмы Bosch. 

ТЭРМІНЫ ПАДАЧЫ

Дасылайце свае адказы на паказаную вышэй электронную пошту да пятніцы (уключна) кожнага тыдня. Будзьма з беларускімі стравамі!

Пытаннi 1 тура вiктарыны

1. Гэтая марская рыба на працягу стагоддзяў была другой па распаўсюджанасці і даступнасці ў Беларусі, моцна саступаючы «лідару» – селядцу, раней самай даступнай з марскіх рыб. Але калі селядзец хаця б у святы гасцяваў на сталах нават бедных сялян, то гэтую рыбу ведалі і гатавалі толькі шляхта або мяшчане. Затое ў народаў Паўночнай Атлантыкі гэтая рыба шмат стагоддзяў складала ледзь не аснову рацыёну, а за яе ролю ў развіцці мараплаўства і гандлю некаторыя называюць яе самай важнай рыбай у гісторыі сучаснай цывілізацыі. Спосаб яе прыгатавання, які лічыцца традыцыйна беларускім, – тушэнне або запяканне пад «футрам» з дробна пакрышаных кіслых яблык (або морквы, хрэну), цыбулі і смятаны. Што гэта за рыба?

2. Гэтым словам у старабеларускай кухні называлі як адзін з самых распаўсюджаных і пажыўных супаў, так і папулярны спіртны напой з мёдам і спецыямі. Другі варыянт назвы – верагодна, іранічнае пераасэнсаванне першага, намёк на тое, што гэты моцны напой гэтак жа неабходны «сапраўднаму мужчыне», як і самы звычайны суп.

3. Самая галоўная страва каляднага стала прыйшла да нас разам з усходнім (праваслаўным) хрысціянствам з Грэцыі тысячу гадоў таму. З часам так сталі называць і саму ўрачыстую перадкалядную вячэру і нават сам дзень напярэдадні Калядаў (24 снежня па новым або 6 студзеня па старым стылі), прычым і ў праваслаўных, і ў каталікоў.

4. Сёння мы п'ем гэты напой, а некалі хутчэй елі, як жэле, наразаючы нажом. Асабліва папулярнай гэтая страва была напярэдадні Калядаў і лічылася адной з 12 абавязковых страў святочнай вячэры. А рабілі яе з адной травы, якая ў народаў поўдня Еўропы лічыцца выключна кармавой.

5. Гэтая страва да канца XVIII ст. лічылася абавязковым – і прытым зневажальным – атрыбутам літоўцаў і беларусаў, прадметам з'едлівых насмешак нашых суседзяў і партнёраў па Рэчы Паспалітай – палякаў. Лічылася, што толькі свінні і «ліцьвіны» могуць гэта есці. У папулярнай некалі жартоўнай калядцы апісваецца, як вешчуны прынеслі немаўляці Ісусу свае дары, а ўслед за імі нашы продкі – гаршчок гэтай стравы, чым насмяшылі ўсіх. Але ў ХІХ ст. пад уздзеяннем рамантычнай польскамоўнай літаратуры яна паступова пачала ўспрымацца таксама і як «польская нацыянальная», а ў наш час нікім не ўспрымаецца як нешта ганебнае ці «адсталае». У рускай нацыянальнай кухні яна таксама вядомая – там яна часцей за ўсё  гатуецца з «высакароднымі» відамі белай рыбы. Што гэта за страва?

6. У беларускай літаратуры ХХ ст. гэтая страва часта выступае сімвалам галечы, хоць гэта не зусім справядліва. Бо ў заможных сем'ях яе раней гатавалі (сушылі) і пра запас, выкарыстоўваючы затым у супах або ў якасці гарніру. У Вугоршчыне, напрыклад, яе аналаг «тархоня» – у выглядзе гарніру або кампанента складаных страў – лічыцца адной з галоўных «візітовак» нацыянальнай кухні. Магчыма, дрэнную рэпутацыю яна набыла праз нядбайнасць у прыгатаванні або занадта спрошчаную, сапраўды ад беднасці, рэцэптуру. На жаль, цяпер беларускія гаспадыні, а тым больш рэстаратары, яе амаль не гатуюць. Што гэта за страва?

7. Лічыцца, што гэта польская каралева і вялікая княгіня літоўская аказала ледзь не найбольшы ўплыў на далучэнне нашай кухні да вытанчаных заходнееўрапейскіх кулінарных традыцый у першай палове XVI ст. Нараджэнка краіны – адной з сусветных лідараў высокай кухні, яна прынесла з сабой моду на цытрусавыя, гародніну і асабліва зеляніну. Пагалоска прыпісвае менавіта ёй увядзенне ў нашу культуру капусты (што, вядома ж, перабольшанне – нашы продкі елі гэтую гародніну і за шмат стагоддзяў да яе), а таксама салаты – а вось гэта, мабыць, праўда. Ёй жа належыць шмат каштоўных ініцыятыў у развіцці нашай эканомікі, але рабіла яна гэта, на жаль, з чыста эгаістычных меркаванняў, імкнучыся павялічыць сваё багацце, і яе ж можна лічыць галоўным ініцыятарам увядзення прыгоннага права. Хто ж гэта выдатная жанчына?

8. Гэтая клубневая расліна з'явілася ў нас пад уплывам французскай і нямецкай кулінарнай моды ў пачатку XVIII ст. і некалькі дзесяцігоддзяў была даволі папулярнай, пакуль не саступіла лідарства бульбе, якая аддалена яе нагадвае. Дзякуючы гэтаму падабенству беларуская (і літоўская) назва гэтай расліны перайшла на бульбу, і да гэтага часу менавіта гэтым словам «другі хлеб» называецца ў беларускай мове. Якая ж «імпартная» расліна была своеасаблівым папярэднікам бульбы ў беларусаў?

9. Гэты спіртны напой апошнім часам некаторыя лічаць «нацыянальным беларускім», прыпісваючы яму незвычайную папулярнасць у Вялікім княстве Літоўскім. Ён сапраўды быў там вядомы, але не варта перабольшваць яго распаўсюджанасць. І тым больш наўрад ці можна казаць аб гістарычным прыярытэце Беларусі. Першапачаткова гэты напой чырванаватага колеру вырабляўся ў Гданьску і быў, па сутнасці, джынам – ядлаўцовай гарэлкай. Больш за ўсё ён быў папулярны ў Германіі, асабліва ў студэнцкім асяроддзі, дзе яго назва служыла сінонімам выпіўкі наогул, як у сучасным слэнгу «бухло» і да т.п. Назва яго паходзіць з нямецкага дыялекту і азначае «пойла з ядлоўца». У Беларусі яго папулярнасці спрыяе вядомы музычны праект – зрэшты, у Германіі і Аўстрыі сёння таксама ёсць музычныя калектывы з такой самай назвай. Што гэта за напой?

10. Гэты карняплод быў калісьці вельмі папулярны ў Беларусі, а таксама ў іншых краінах поўначы і ўсходу Еўропы, а ў Першую сусветную вайну выратаваў ад голаду мільёны людзей. Мабыць, асацыяцыя з галоднымі гадамі і спрыяла яго паступоваму забыццю. Ён асабліва багаты вітамінам С, які не разбураецца і пры працяглым зімовым захоўванні, і ў беларускай кухні традыцыйна выкарыстоўваўся ў складзе супу (малочнага або мяснога), беларуская назва якога – грыжанка – паходзіць з літоўскай назвы гэтага карняплода. Што гэта за карняплод?