Возера Кромань і яго гаспадар

20.02.2011 - Новости

Возера Кромань і яго гаспадар

Масціты вучоны, прафесар, доктар хімічных навук, Яўген Міхайлавіч Рахманько з некаторага часу дырэктар Рыбалоўна-турыстычнага комплексу “Кромань”

Навуковец Яўген Рахманько не толькі ставіць амбіцыйныя мэты, але і дасягае іх.

Такімі людзьмі, як Яўген Рахманько, нельга не захапляцца. Бо ён — з ліку тых цягавітых беларусаў, хто можа ідэі і нараджаць, і ўвасабляць іх у жыццё. Масціты вучоны, прафесар, доктар хімічных навук, Яўген Міхайлавіч загадвае кафедрай аналітычнай хіміі ў Беларускім дзяржуніверсітэце. Ён жа — старшыня навукова-тэхнічнага вытворчага кааператыва “Аналіз Х”. А з некаторага часу і дырэктар Рыбалоўна-турыстычнага комплексу “Кромань”. Рахманько ўмее не толькі з прыбыткам працаваць па асноўнай спецыяльнасці, але і брацца за рызыкоўныя праекты. І дзеля чаго ж? “А каб даказаць, што не толькі руйнаваць мы ўмеем, але і аднаўляць прыродныя комплексы”, — шчыра, без усялякіх агаворак прызнаўся мне вучоны. Што ж, такі “ненавуковы эксперымент” заслугоўвае пільнай увагі. Ужо хаця б таму, што ў Беларусі — тысячы азёр. Велізарнае багацце, якому патрэбна сёння як дзяржаўная ахова, так і дбайныя гаспадары, здольныя працаваць на перспектыву.

Возера Кромань вядомы навуковец Яўген Рахманько ўзяў у арэнду напрыканцы 2003 года, каб арганізаваць там бізнес на рыбалцы. Як вядома, сярод мужчын нямала аматараў гэтай справы. А праз некаторы час гаспадар возера зразумеў: хуткага прыбытку з яго не атрымаеш, можна і ўвогуле застацца без фінансавага ўлову. І тады, не пакідаючы задуму пра платнае аматарскае рыбалоўства, ён паставіў мэту яшчэ больш амбіцыйную: адрадзіць возера Кромань да таго ўзроўню рыбнасці, які быў 200, а то і 500 гадоў таму.

Тут варта патлумачыць, што Кромань — гэта адзіны прыродны вадаём у паўднёвай частцы глухіх лясоў і балотаў старажытнай Налібоцкай пушчы. Возера вельмі прыгожае, амаль ідэальна авальнае па форме, крыху больш за кіламетр у шырыню і амаль паўтара ў даўжыню. Навуковец, вядома ж, цікавіўся: што за назва ў возера, якое значэнне мае? Пакуль пошукі тыя нічога не далі. А гісторыя ў месца славутая. Як сцвярджаюць гісторыкі, знатная шляхта, князі Вярэйскія, Радзівілы, Сапегі, Сангушкі, Храптовічы наведваліся на Кромань, у якім тады было вельмі шмат рыбы, у тым ліку — асятры, вугры, стронга (па-руску — “форель”). І ракаў там лавілі штогод нямала на вяльможныя сталы. Пазней, з пачатку 20-х і аж да 1939-га, каля возера — а яно на тэрыторыі Заходняй Беларусі — збудавалі селішча польскія асаднікі, былыя польскія жаўнеры і афіцэры: ім за розныя заслугі далі землі “ў крэсах усходнiх”. Потым было ўз’яднанне Беларусі ў верасні 1939-га, вайна… Дарэчы, дасёння ацалелі падмуркі хат асаднікаў, як і старая ліпа, якую, кажуць, пасадзіў у 1932 годзе сам вярхоўны галоўнакамандуючы Войскам Польскім Юзаф Пілсудскі.

“Занырнем” яшчэ раз у гісторыю возера — геалагічную. Кромань нездарма называюць пярлінай Налібоцкай пушчы: у возеры надзвычай чыстая вада і незвычайная будова. І як магла ўтварыцца ўпадзіна глыбінёй каля 27 метраў, калі наўкол абсалютна раўнінны лес — тое застаецца загадкай. Паводле старажытнага падання, возера ўтварылася на месцы старога касцёла, які раптам сыйшоў пад зямлю. Існуюць і розныя павер’і, напрыклад, пра тое, што дно Кромані зноў павінна паўстаць, выраўняцца. А больш уражлівыя людзі, кажуць, часам чуюць там гул званоў са дна возера. Між іншым, у Яўгена Міхайлавіча ёсць уласная версія паходжання возера, і яе, правёўшы гідрахімічныя доследы, пацвердзілі супрацоўнікі ўніверсітэта. “У даледавіковы перыяд тут былі горы з глыбокай цяснінай якраз у тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца возера Кромань, — лічыць ён. — Пазней, як прыйшоў ледавік, уся гэтая тэрыторыя пакрылася тоўстым пластом лёду. Кавалкі разбуранай пароды, лёду запоўнілі катлавіну, а пасля яго раставання і ўтварылася возера. Думаю, што дагэтуль вельмі глыбока пад землёй можа быць лядоўня, якая падсілкоўвае возера прэснай вадой. І таму верагодна, што з часам Кромань стане яшчэ глыбей — вядома ж, калі працэсы яго зарастання не стануць дамінаваць”.

Вось якраз такога знікнення возера, з-за яго зарастання, Яўген Міхайлавіч і асцерагаецца, паколькі сам не толькі заўзяты рыбак, але і яшчэ вялікі аматар прыроды. “Я нарадзіўся недалёчка ад Карэліч, у вёсцы Заполле, адкуль да возера Кромань кіламетраў дваццаць, — расказвае ён. — Раней тут вадзілася вельмі шмат рыбы: ляшчы, плоткі, акуні, яршы, шчупакі, карасі, ліні. Былі і ракі, а да сярэдзіны 60-х і вугор. На жаль, з часам усё стала мяняцца, і далёка не ў лепшы бок. Вугор знік пасля таго, як перагарадзілі плацінай Нёман. А ракі перавяліся, бо возера забруджвалася і паступовага зарастала. І добрую буйную рыбу вылавілі браканьеры: возера ж было нічыйным…. Наогул, калі можна так сказаць, Кромань стала паступова ператварацца ў яршова-пескаровы вадаём”.

З самага пачатку справы, калі Яўген Рахманько ўзяў возера ў арэнду, ён планаваў частку грошай укладваць у яго аднаўленне. Найперш абвясціў бязлітасную барацьбу браканьерам. Затым запусціў у возера шчупака, ляшча, карася. Пабудаваў утульныя дамкі для адпачывальнікаў, абсталяваў месцы для кастрышчаў, масткі для лоўлі рыбы з берага, для аматараў лоўлі на глыбіні арганізаваў пракат лодак. І нават стварыў уласны тэлеканал "КРОМАНЬ ТВ", з перадач якога можна шмат даведацца пра ўнікальнасць Налібоцкай пушчы, гісторыю краю, а таксама пра сакрэты рыбнай лоўлі.

Як запэўнівае Яўген Міхайлавіч, сёння Кромань па рыбных запасах — адно з лепшых азёр Беларусі. Прынамсі, па лоўлі шчупака, плоткі і ляшча. Гаспадар Кромані лічыць, што дзякуючы яго намаганням возера “аднавілася да антрапагенных часоў”, — гэта значыць да тых, калі яно было недаступным для браканьераў.

Увесну пачнецца яшчэ адзін этап аднаўлення Кромані: у яго запусцяць віды рыбы, якія былі там толькі гадоў 100–200 таму: асятра, стронгу, вугра. Так што хутка, са слоў Яўгена Міхайлавіча, Кромань будзе “сучасным Эльдарада” для прыхільнікаў усіх відаў рыбалкі. А ўнікальная прырода, выдатны сэрвіс на яго базе і ўвогуле зробяць адпачынак незабыўным.

Іна Ганчаровіч

Источник: Штотыдневiк «Голас Радзімы»

Рубрики: Активный Туризм Технологии

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах