<p>Ці чакае “Юбілейную” ў хуткім часе вялікае засяленне народу, пакажа час.  Пакуль зразумела толькі адно: гасцініца нават для такога  нешматнаселенага горада, як Маларыта, не проста дарагі эксперымент,  а  неабходнасць.</p>

Летам да нашых знаёмых памкнуліся прыехаць сябры з Англіі. Гэткі намер маларыцкія гаспадары падтрымалі: вельмі ж доўгачаканымі былі госці. Вось толькі радасць ад будучай сустрэчы хутка разбілася аб квадратныя метры маленькай двухпакаёўкі. Не пакладзеш жа іншаземных гасцей спаць на падлогу. Трэба было тэрмінова шукаць жыллё для іх. Родзічаў ці сяброў, якія б згадзіліся прадаставіць англічанам на тыдзень свае гарадскія апартаменты, у знаёмых не было. Давялося шукаць здымную кватэру – задача для маленькага гарадка, як аказалася, таксама складаная. Але знаёмыя неяк выкруціліся, і па прыездзе замежных гасцей чакаў уласны куток на тыдзень. Пад час кватэрнага “вышуку” маларыцкія “сышчыкі” неаднаразова скардзіліся: была б у горадзе гасцініца,  дык не было б праблем. Іх словы быццам былі пачуты.
13 студзеня 2010 года ў Маларыце пачала працаваць гасцініца “Юбілейная”. У гэты дзень у яе засяліўся і першы пастаялец. Усяго ж гасцініца разлічана на 50 чалавек, якія могуць пасяліцца ў 34 нумарах. Апартаменты на любы густ і кашалёк: люкс, паўлюкс, аднамесныя, двухмесныя і нумары для інвалідаў.

“Люкс”-жыццё

“Люксаў” у “Юбілейнай” два. Гэта вялікія, накшталт двухпакаёвай кватэры, нумары. Пакой першы – гасціная, дзе пастаялец пры жаданні можа паглядзець тэлевізар. “Тэлебачанне ў гасцініцы спадарожнікавае, – заўважае Сяргей Папко, дырэктар гасцінічнай гаспадаркі. – Акрамя таго, у кожным нумары ёсць халадзільнік і тэлефон з мясцовай сувяззю. Калі ж  чалавеку спатрэбіцца пазваніць у іншы горад альбо на мабільны, яму неабходна будзе звярнуцца да адміністратара”. Далей – спальня з ложкам амаль на ўвесь пакой. Ну і, безумоўна ж, ванна. Яе памеры таксама адпавядаюць крытэрыю “люкс”. “Праблем з гарачай вадой у нас не ўзнікае, – дадае Сяргей Канстанцінавіч. – Ва ўсіх нумарах устаноўлены бойлеры, якія дазваляюць награваць ваду”. Дарэчы, “люксы” ў “Юбілейнай” – не блізняты. Двайняты: у адным белая мэбля, у другім – дубовая.
 - Пражыванне ў такім двухмесным нумары ў суткі для аднаго чалавека каштуе 162400 рублёў, – кажа Сяргей Папко. – Калі муж засяляецца з жонкай, жонка лічыцца на падсяленні і плаціць палову ад сумы, г.зн. 81200 рублёў.
 “Паўлюкс” адрозніваецца ад “старэйшага брата” памерамі хола, ён крыху меншы, і ваннай  – тут усталявана душавая кабінка. Ну і, вядома ж, цаной – пражыванне ў такім двухмесным нумары каштуе 128000 рублёў.

Раскоша для маладых

Звычайна “люксавымі” раскошамі людзі сябе не песцяць. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца звычайныя аднапакаёвыя нумары і двухпакаёвыя з асобнымі ложкамі. У іх ёсць усё, што патрэбна кліенту. Ды і аплата значна меншая.
 Тым не менш, пуставаць “люксы” не будуць. Паралельна шыкоўныя нумары будуць выкарыстоўвацца як пакоі для маладых.
 - Спадзяюся, жыхарам раёна ідэя спадабаецца, – зазначае Сяргей Канстанцінавіч, – першая ноч у маладой сям’і павінна быць асаблівай. Да таго ж, каб дадаць пакоям для маладых рамантыкі, мы плануем купіць вялікія шкляныя вазы і запаўняць іх пялёсткамі руж.
Заказваць такі нумар можна не толькі ў дзень вяселля, але і загадзя. Так, на 7 мая адзін з “люксаў” ужо забраніраваны будучай маладой сям’ёй.

“Асаблівыя” пакоі

Адно з галоўных  патрабаванняў часу для сучасных гасцініц – нумары для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У “Юбілейнай” такіх два. Яны аднамесныя і размешчаны на першым паверсе. У іх ёсць спецыяльныя пад’езды, па якіх “асаблівыя” людзі могуць трапіць у пакой з вуліцы на калясцы. Акрамя таго, ванна ў такіх нумарах абсталявана спецыяльнымі поручнямі. “Пакуль на пражыванне ў такім нумары паступіў усяго адзін заказ, але амаль перад засяленнем патэнцыяльны пастаялец з’ехаў з горада”, – расказвае кіраўнік гасцінічнай гаспадаркі. Дарэчы, засяліцца ў такі нумар можа і здаровы чалавек.

Бытавыя плюсы

Каб спрасціць быт пастаяльцаў, у гасцініцы ёсць прасавальная дошка і прас, электрычны чайнік і мікрахвалёвая печ, якімі кліенты могуць скарыстацца пры неабходнасці.
Чысціню ў пакоях падтрымліваюць чатыры пакаёўкі.
- Прыбіраем раз у суткі, – кажа Святлана Крэнь, пакаёўка. – Кліенты ў большасці ахайныя, гэта значна спрашчае нам працу. Пакуль што напружанымі былі толькі пераднавагоднія і навагоднія дні, калі гасцініца была амаль поўнасцю запоўнена.

Аўсянка, сэр!

Вырашана ў гасцініцы і праблема харчавання кліентаў. Дзейнічае паслуга “ежа ў нумар”. Сняданак, абед ці вячэра гатуюцца ў кафэ, якое размешчана на першым паверсе “Юбілейнай”. Пры жаданні кліент і сам можа завітаць у кафэ, якое працуе штодзённа з 7.30 і да 23.00 гадзін. Наведаць кафэ могуць не толькі пастаяльцы гасцініцы, але і любы, хто жадае.
- У нас ёсць дзве залы: агульная разлічана на 50 чалавек і банкетная – на 12, – расказвае Яніна Гіндуліна, тэхнолаг. –Мы з радасцю прымаем заказы на арганізацыю разнастайных свят. Акрамя таго, кожны чацвер запрашаем да сябе аматараў караоке.
Яшчэ адна карысная і прыемная паслуга, якую прадастаўляе кафэ, – абеды. З 12.00 да 14.30 кожны чалавек разам з калегамі або сам можа прыйсці і сытна паесці. “Зразумела, што выкладваць кожны дзень за абед “дзясятку” захоча не кожны маларытчанін, – расказвае тэхнолаг,  – таму,  гатуючы стравы,  мы імкнемся падбіраць інгрэдыенты так, каб ежа была па кішэні кліенту. Напрыклад, спажыць першае, другое і салату ў нас можна тысяч за сем”.

Стрыжку  і ў  боўлінг?

У хуткім часе ў гасцініцы пачне працаваць цырульня, разлічаная на чатырох майстроў.  Кліентам будуць прапанаваны паслугі цырульнікаў і спецыяліста па манікюру. Дарэчы,  наводзіць прыгажосць тут будуць тыя майстры, што працавалі ў памяшканні “Дзіоны” да яго зносу. Размяшчацца цырульня будзе на першым паверсе.
Ва ўласнасці “Юбілейнай” ёсць яшчэ і вялізны падвал. Безумоўна, пуставаць такое памяшканне не будзе. “На жаль, пакуль мы не можам яго задзейнічаць, – уздыхае Сяргей Канстанцінавіч, – пры праектаванні гасцініцы была дапушчана памылка і ў падвале зрабілі толькі адзін уваход. Атрымалася, што па тэхніцы бяспекі ў падвале, нават пры наяўнасці вокнаў, можа знаходзіцца толькі восем чалавек. Мы плануем унесці змяненні ў планіроўку – зрабіць яшчэ адзін уваход”. Як толькі ў падвале ўсталююць яшчэ адны дзверы, тут з’явяцца два більярдныя сталы. Або… “Адзін з прыватных прадпрымальнікаў прапанаваў адкрыць у нас боўлінг, – раскрывае сакрэты Сяргей Папко. – Думаю, маларытчанам гэтая задума спадабаецца”.

Пастаяльцаў  шмат

З дня адкрыцця гасцініцу паспела наведаць больш за 150 чалавек. У асноўным гэта мінчане і віцябляне,  якія прыязджаюць у Маларыту або раён у камандзіроўкі.
- Былі ў нас і пастаяльцы з Літвы, Польшчы, Славеніі, Расіі і Украіны, – расказвае Людміла Крэнь, адміністратар. – Звычайна ў дзень бывае адзін новы кліент. Хаця бываюць дні, напрыклад,  перад Новым годам,  калі гасцініца была запоўнена амаль поўнасцю. Засяляюцца звычайна з раніцы, толькі аднойчы мне даводзілася афармляць сям’ю ў палове другой гадзіны ночы. Людзі ехалі на Украіну, і ў дарозе ў іх зламалася машына. Таму “Юбілейная” стала для іх свайго роду выратавальным кругам.
Спыняюцца кліенты часцей за ўсё на дзень ці два. Хаця ёсць ужо і частыя наведвальнікі.  “Мінчанін, што прыязджае ў раён у камандзіроўкі, засяляўся да нас ужо тры разы, прычым,  дзён на 4-5 ”, – расказвае Людміла.

У гасцініцу праз www.

Зараз “Юбілейная” запоўнена на 10%. “Гэта вельмі мала для таго, каб гасцініца змагла пакрываць свае выдаткі”,  – прызнаецца Сяргей Канстанцінавіч. Растлумачыць пустату на калідорах проста. Пра гасцініцу амаль ніхто не ведае. Расказваць пра сябе дырэкцыя “Юбілейнай” вырашыла з дапамогай паказальнікаў “Гасцініца”, якія хутка з’явяцца ў ковельскім і кобрынскім маршрутах. Акрамя гэтага,  на працягу месяца ў “Юбілейнай” з’явіцца свой сайт у Інтэрнэце,  што дазволіць не толькі данесці да людзей гасцінічную інфармацыю, але і браніраваць нумары праз Інтэрнэт.
- Думаецца, што шмат новых кліентаў з’явіцца ў нас, калі пачнуць працаваць на поўную магутнасць заводы ў Хаціславе, – гаворыць Сяргей Папко.
Ці чакае “Юбілейную” ў хуткім часе вялікае засяленне народу, пакажа час. Пакуль зразумела толькі адно: гасцініца нават для такога нешматнаселенага горада, як Маларыта, не проста дарагі эксперымент,  а неабходнасць. Неабходнасць, якую жыхары і госці раёна чакалі шмат гадоў.

Даведка “ГЧ”

Назва гасцініцы – “Юбілейная” была абрана падчас трэнду. Звязана яна з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прапанаваў яе раённы савет ветэранаў.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА, "Голас часу" (Маларыта).