<p>Гараджане  едуць у вёску ж не толькі каб адпачыць ад гарадскога шуму і  напіцца  чыстага паветра, але ж яшчэ і пазнаёміцца з самабытнай  культурай.</p>

Гаспадыня аграсядзібы “Сітнікі” Алена Сцяпанаўна Гнядзько да пенсіі працавала загадчыцай магазіна, а муж Іван Васільевіч — прадаўцом. Быў такі сямейны працоўны саюз. Сёння ў яе іншы клопат — сустракаць, частаваць, прывячаць гасцей у доме, дзе створана ўсё для адпачынку ці забаў тых, хто спяшаецца на вясковыя блінцы. У памагатых у Алены Сцяпанаўны цяпер унучка-студэнтка Анжэліка. Яна не толькі падкідае ідэі, але і ўвасабляе іх у жыццё. Алена Сцяпанаўна і не пярэчыць, называючы гэта сямейным бізнесам. Хаця аддачы ад укладзеных сродкаў (крэдыт узялі ў банку) яшчэ не паспелі адчуць, але пахваліцца ўжо можна і першымі кліентамі; людзьмі, якія, пагасцяваўшы ў вёсцы, не назаўсёды забылі дарогу сюды, а просяцца яшчэ і яшчэ. І гэта найлепшая адзнака іх працы: дагадзілі.

Агро1

Улетку адной сям’і з Мінска з маленькімі дзецьмі так спадабаўся наш дом, што аж да восені жылі тут, — расказвае Алена Сцяпанаўна. — Перад тым як прыехаць у аграсядзібу, пацікавіліся, якія выгоды ёсць у доме. А я ім расказваю, што ўсё, як і ў горадзе: гарачая вада, душ, туалет. Яны хацелі, каб і фельчарска-акушэрскі пункт быў побач, і прыпынак аўтобуса. Сырадою можна было купіць, свежанькіх агурочкаў, памідорак прама з градкі пакаштаваць, клубніц, парэчак. І каб пакупацца можна было на возеры, і ў лесе чарніц, грыбоў назбіраць. Усё гэта ў нас ёсць. А таму іх адразу ж задаволіла наша аграсядзіба. Як прыехалі, так і засталіся на цэлае лета. І дзецям раздолле на свежым паветры, і бацькам добра. А галоўнае — грошы невялікія.

Дачка Алены Сцяпанаўны — Алена Іванаўна — зараз у дэкрэтным водпуску, гадуе маленькага Мікітку, але думкі аб уладкаванні аграсядзібы не адпускаюць і яе. Гэта ўжо другая такая сядзіба ў вёсцы. “Першапраходцам” у гэтай справе была Надзея Капская, зараз аграсядзіба “У Надзейкі” таксама карыстаецца таксама добрым попытам.

У свой час Алена Іванаўна Гнядзько, якая працуе старшынёй Ананіцкага сельскага Савета, падтрымала ідэю Надзеі заняцца аграэкатурызмам. А сёння ўжо і сама іншы раз дапамагае сваёй маці, якой спадабаўся гэты клопат.

У доме яшчэ лунае навагодні водар. У прасторным пакоі ззяе кафляй падлога. Тут яшчэ гасцюе ёлка да самай столі, зіхаціць шарыкамі і гірляндамі. Алена Іванаўна ідзе наперадзе, расчыняючы дзверы пакояў.

— Гэта нашы спальні. Адна, другая, трэцяя, чацвёртая. Гэта пасцелі з сучаснымі матрацамі, коўдрамі. Для тых, хто любіць, каб было як дома. А тут вясковы быт. Даўнейшыя ложкі з бабулінымі коўдрамі, горкай падушак і вышыванымі накідкамі.

Гараджане едуць у вёску ж не толькі каб адпачыць ад гарадскога шуму і напіцца чыстага паветра, але ж яшчэ і пазнаёміцца з самабытнай культурай. Гэта — адзін з накірункаў аграэкатурызму. А калі ўлічыць, што гэты дом ужо паспеў стаць любімым месцам адпачынку студэнцтва сталічных ВНУ, то няхай дакранаюцца да гэтай жывой культуры.

— Гэтыя посцілкі ткалі яшчэ мае бабулі Алена і Марфа. А гэтым ручнікам больш як па 100 гадоў, — расхінае Алена Іванаўна ручнікі з кужалю, вышываныя чырвоным крыжыкам. — Канешне, я не дам выціраць рукі, а палюбавацца — калі ласка.

У хаце бабулі Марфы стаіць яшчэ і куфар. Сапраўдны, даўнейшы. Ен і пахне даўніной.

— Мы з Анжэлікай вырашылі паставіць яго вось у гэтую нішу. І не толькі для форсу. Будзем складваць сюды просціны, навалачкі, усю бялізну. Усё будзе функцыянальна. Як вы думаеце, спадабаецца нашым кліентам? А тут мы размясцілі піяніна. Гэта пакой для ўрачыстых банкетаў. Трэба павесіць на акно жоўтую фіранку-сетку, — раўніва акінула позіркам яна вялізнае на паўсцяны акно.

А я хадзіла з пакоя ў пакой, не верачы, што ў звычайным доме ў адзін паверх можна зрабіць такія выгоды. Падлога блішчыць, хоць глядзіся як у люстэрка. Кожная дошачка з любоўю пакрытая лакам, вытанчаныя шпалеры. Што ні пакой, то свой дызайн. У вялізнай зале мяккая канапа, насупраць камін. І не які-небудзь муляж, а сапраўдны: кладзі бярозавыя дроўцы, удыхай церпкі пах бяросты і адпачывай целам і душой.

Алена Іванаўна тым часам дэманструе гарадскія выгоды: дзве душавыя кабінкі, туалеты, прасторную кухню з халадзільнікам, мікрахвалёвай печкай, пральнай машынкай, сучаснай мэбляй.

Спускаемся па крутой лесвіцы ў залу, дзе стаіць більярдны стол, на зялёным сукне пакінутыя кіі. У більярднай засталося толькі тое-сёе давесці да ладу, завяршыць апошнія штрышкі.

Завяршыць яшчэ трэба будаўніцтва лазні і барбікюшніцы, альтанкі. На сотках пасеяць лекавыя травы для фітачаёў і пасадзіць пладовыя дрэвы. Ужо растуць шыпшына, баярышнік, грэцкі арэх і бабуліны півоні.

— Мне бабуля Алена некалі дала куст півоняў. Такія ружовыя, буйныя-буйныя кветкі. Я раздзяліла гэты куст і вясной тут пасадзіла, а яны так цвілі, так цвілі! У маёй бабулечкі лёгкая рука была, — Алена Іванаўна пералічвала бліжэйшыя планы па ўпарадкаванні тэрыторыі, гаварыла аб тым, чым тут будуць здзіўляць усіх, хто выбірае для адпачынку іх сядзібу.

Сама ж Алена Сцяпанаўна, здаецца, не выпускае з рук шыдэлка. Вяжа танюткія настольнікі з белых шпулек нітак. Адным куфар накрыць, другі на круглы стол для гасцей. Яе карціны, вышытыя крыжыкам, у кожным пакоі; некаторым вышыванкам паўвека.

Каля парога ў радок самавязаныя пантофлі. Гараджане ўжо ацанілі бабулін абутак, цёплы, лёгкі, нешта сярэдняе паміж шкарпэткамі і тапкамі. Тыя, хто не першы раз гасцюе ў “Сітніках”, пераступіўшы парог, адразу нырае ў цёплы дамашні абутак.

Сядзібу бабулечкі Алены моладзь любіць яшчэ і за смачныя стравы. Тут часта гатуецца мачанка з блінцамі.

— Не ведаеце, як яе гатаваць? Смажу сальца, тады дабаўляю цыбульку, грыбочкі, — Алена Сцяпанаўна так падрабязна раскладвае па палічках рэцэпт сваёй “фірмы”, нічога не ўтойваючы, што, здаецца, у хаце запахла і цыбулькай, і грыбамі-баравікамі, толькі што прынесенымі з лесу…

— Мама, раскажы пра наліснікі з яблычкам, — уступае ў гаворку і Алена Іванаўна.

— Перш запякаю яблыкі са свайго саду, тады вымаю лыжачкай сярэдзіну.

І паплыла гамонка. Быццам я патрапіла на чужы баль…

Жадаючых пагасціць у гэтай сядзібе хапае. Спачатку Анжэліка выклала інфармацыю ў інтэрнэце.

— А сёння ўжо працуе “сарафаннае радыё, — кажа Алена Сцяпанаўна. — Студэнты вельмі любяць сядзець у верандзе вечарам летам. Дзверы насцеж расчыняць, у вокны месячык глядзіцца, у траве конікі сакочуць, і цішыня…

Я забыла сказаць аб галоўным: усе вясковыя выгоды (у доме, дарэчы, яшчэ ў дадатак і прыродны газ) па кішэні нават студэнтам, якія ляцяць сюды як пчолы на мёд, аблюбаваўшы гэты мілы куточак, дзе можна адрывацца на ўсю катушку, смажыць шышлыкі, уплятаць блінцы з мачанкаю, гарлапаніць свае песні, або, стаіўшыся, слухаць за бэзавым кустом пошчак салаўя. Ды ці мала можна паслухаць сэрцам у вёсцы, калі сэрца гэтага жадае?

Анна ЯБЛОНСКАЯ («Пухавiцкiя навiны»).

НА ЗДЫМКУ: А.С. Гнядзько — гаспадыня аграсядзібы “Сітнікі” са сваімі вышыванкамі.