<p>Шчучынцы развіталіся з зімой.</p>

Яшчэ з ранку ажыла плошча Свабоды. З дынамікаў лілася вясёлая музыка. Шчучынцы і госці горада “даследавалі” гандлёвыя рады і асобныя палаткі, не міналі і беларускі падворак, дзе іх чакалі вясковыя пачастункі і, канешне ж, бліны. Па традыцыі галоўным пачастункам на Масленіцу з’яўляюцца бліны. Яны сімвалізуюць сонца, а гэта – добрая энергія, жыватворная сіла. Якім смачным здаецца на марозе гарачы блінок! А шчучынскія гаспадынькі напяклі іх з розным начыннем, на любы смак. Ды і сама галоўная гераіня свята Масленіца частавала гасцей блінамі. А вось пра гэта раскажам падрабязней.

Калі гукі фанфар абвясцілі аб пачатку святочнага прадстаўлення, народ стаў рухацца бліжэй да сцэны, на гэты раз яна размясцілася на прыступках Дома Саветаў. Вясёлыя скамарохі віталі гасцей вершамі ды жартамі, а народны ансамбль “Медуніцы” – прыгожай песняй пра зіму. А вось і “Масленка гадавая, госцейка дарагая” падзякавала шчучынцам, што яе год чакалі. І прызналася:

“Я таксама гэтага чакала,
Цеста мясіла, бліны выпякала.
Масліца збівала, на бліны мазала.
А цяпер вас пачастую!”

Якая вясёлая і шчодрая сёлета Масленіца (Г.Б. Феслер справілася з роляй цудоўна!) – пайшла па крузе частаваць гасцей свята блінамі. А на сцэне тым часам з’явіліся аматаркі прыпевак. Трапнымі радкамі пяюхі весялілі народ ды падміргвалі свайму непараўнанаму акампаніятару Генадзю Панову.

Щучин 1

Завітаў на свята жартаўнік і вастраслоў Несцерка (у сваім амплуа быў А.А. Чучва), цешыў гасцей байкамі ды сакавітым слоўкам. А смельчакоў, што пакаралі высокі слуп, падбадзёрваў добрай парадай. І першай тройцы пашанцавала – дабраліся да вяршыні слупа і сталі ўладальнікамі прызоў. Так што, дзяўчаткі, ёсць у нашым горадзе дужыя, спрытныя і смелыя хлопцы.

Хоць і сонечным выдаўся дзянёк, зіма сваіх паўнамоцтваў не склала – і марозік за шчокі шчыпаў, і сняжок вакол бялеў. Нават снежная горка на плошчы для дзіцячых забаў захавалася. Як жа не сустрэць было шчучынцам халодную прыгажуню Зіму з Дзедам Марозам ды Ветрам! Задобрылі яны ўдзельнікаў свята падарункамі за тое, што многа песень пра зіму ведаюць, а ўсё ж настаў час ім ў паўночную даль збірацца і даць дарогу Вясне.

Жаданая госця свята Вясна падзякавала ўсім, і дарослым, і малым, за тое, што так цярпліва яе чакалі. Прынесла яна “дзяўчаткам – па вяночку, а хлопцам – па свісточку, маладзічкам – па кросенцах, маладым мужчынам – па плужочку, каб зямельку ўзаралі, буйным зернем засявалі”. І як ні злавалася, ні супраціўлялася Зіма, прыйшлося ёй перадаць запаветны ключык сваёй малодшай сястрыцы.
Каб надзейна развітацца з зімой, шчучынцы спалілі яе пудзіла:

“Ярыла ўзыдзі! Агонь развядзі,
Старое спалі, новае зляпі!
Хай адыдуць халады
У маўклівыя гады!
Спалім пудзіла Зімы
І Вясну праславім мы!”

Вясна – заўсёды жаданая пара года. Людзі звязваюць з ёю вялікія надзеі – на добрыя перамены, на багаты ўраджай. Таму традыцыя сустрэчы вясны захавалася да нашых дзён і стала прыгожым народным святам. І шчучынцы не сумавалі ў гэты дзень. Пасля прадстаўлення адбыўся святочны канцэрт. Цудоўнымі песнямі і вясёлымі байкамі парадавалі гледачоў астрынскія артысты, любімыя “Медуніцы” і салісты раённага Дома культуры. Дзеці забаўляліся на гульнявых пляцоўках, глядзелі ў кінатэатры мульцікі, “раскашэльвалі” бацькоў на пушыстых коцікаў, зробленых умелымі рукамі выхаванцаў гуртка мяккай цацкі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Не праходзілі шчучынцы міма падворка раённага цэнтра рамёстваў і народнага мастацтва, дзівіліся фантазіі і майстэрству народных умельцаў!

Щучин 2

У гэты выхадны дзень на працоўнай вахце заставаліся работнікі культуры. За цудоўныя песні, за рэжысёрскія знаходкі, за добры настрой вялікі ім дзякуй!

Ала УЛАДЗІМІРАВА ("Дзяннiца")

Фота Сяргея ГАРДЗЕЙЧЫКА.