https://www.traditionrolex.com/8
<p>Як паўплывала закрыццё музея на культурнае жыццё Гальшан і што можна ўбачыць  там сёння?</p>

Больш за два гады таму ў Гальшанах (Ашмянскі раён) зачыніўся музей з самым вядомым беларускім прывідам — Белай Паннай. Жылы корпус францысканскага кляштара, дзе размяшчаўся філіял Нацыянальнага мастацкага музея, прызналі аварыйным і небяспечным для людзей. Не сакрэт, што турыстаў найбольш інтрыгавала гісторыя здані жанчыны ў белым. Белая Панна часам з’яўлялася перад заезджымі гасцямі і тым самым падагравала немалы інтарэс да ўсяго мястэчка.

Як паўплывала закрыццё музея на культурнае жыццё Гальшан і што можна ўбачыць  там сёння, высвятляла карэспандэнтка “ГС”.

Мастакі страцілі крыніцу натхнення, а мясцовыя гіды — кліентаў

“У Гальшаны прыяз-джае менш людзей, — расказвае былая супрацоўніца музея Таццяна Завадская.  — У свой час мы рэгулярна адкрывалі новыя выставы, ладзілі плэнэры. Мастакі любілі працаваць у нас. Яны казалі, што тут да іх прыходзіць проста неверагоднае творчае натхненне! Па запрашэннях музея Гальшаны наведвалі духавыя аркестры і хоры. Іх зачароўвала трапезная кляштара, дзе ў розных месцах залы галасы гучаць па-рознаму. Натуральна, пасля закрыцця філіяла музея ўсяго гэтага вельмі не хапае”.

Гольшаны 1

Усе музейныя фонды перавезлі ў Мінск. У Ашмянскі краязнаўчы музей перадалі бюст мастака — ўраджэнца Ашмяншчыны Фердынанда Рушчыца і рэпрадукцыі ягоных карцін. Іх можна пабачыць у часовых тэматычных выставах.

Былыя супрацоўнікі ўладкаваліся дзе змаглі: хтосьці выйшаў на пенсію, хтосьці знайшоў працу ў гальшанскай школе. Некаторыя штодзённа ездзяць за 20 кіламетраў у Ашмяны. Мая суразмоўца Таццяна цяпер афармляе амбулаторныя карты ў мясцовай бальніцы.

“Мы праводзілі экскурсіі не толькі ў музеі, але і паказвалі турыстам усё мястэчка. Я заўважыла, што цяпер да нас перасталі звяртацца турфірмы. Яны едуць сюды са сваім гідам, які расказвае тое, што прачытаў у Інтэрнэце і іншых крыніцах, — адзначае Таццяна Завадская. — Мы ж усімі гэтымі легендамі тут жывем! Час ад часу ўсплываюць невядомыя эпізоды з гісторыі. Хтосьці з мясцовых жыхароў раскажа нам новую легенду. Таму адзін і той жа маршрут мы паказвалі кожны раз па-новаму. Паўтары гадзіны — гэта мінімум часу, неабходны для наведвання Гальшан. Тады турысты павязуць адсюль больш-менш поўныя ўражанні” .

У сярэднім гальшанскі музей наведвалі 12-13 тысяч гасцей у год. З-за пастаяннага недахопу сродкаў на рэстаўрацыю будынак прыйшоў у аварыйны стан. Па словах былой дырэктаркі музея Чаславы Акулевіч, грошы з абласнога бюджэту накіроўваліся пераважна ў Мірскі замак, аднаўленне якога прыспешвалася.

гольшаны 3

Сёння манастыр знаходзіцца на балансе сваіх першапачатковых уладальнікаў — мясцовай каталіцкай парафіі Яна Хрысціцеля. Ксёндз Багуслаў Вайтовіч кажа, што каб трапіць у сярэдзіну жылога корпуса, “трэба мець каску на галаве і Божую ласку ў сэрцы”. Цяпер абшчына рыхтуе план рэстаўрацыі будынка. Што з ім будзе далей? Пра гэта ксёндз Багуслаў лічыць за лепшае публічна не размаўляць. Маўляў, спачатку кляштар трэба адрэстаўраваць.

Паколькі ў кляштар пабочны чалавек цяпер не трапіць, нічога не чуваць і пра прывід Белай Панны. Найчасцей яна з’яўлялася па начах у кабінеце дырэктара. Даследчыкі і журналісты, якім даво-дзілася начаваць там, расказвалі падобныя гісторыі: у акне паказваўся зграбны сілуэт жанчыны, прастора быццам змыкалася над імі, і яны адчувалі, як ходзяць па столі і сценах.

І ўсё ж у Гальшаны варта ехаць

Чым можа заняць сябе заезджы госць, пакуль лёс прыстанішча самага знакамітага беларускага прывіду застаецца невядомым? Калі вы хочаце пагля-дзець, якім было мястэчка ў розныя часы свайго існавання, накіроўвайцеся ў гісторыка-краязнаўчы музей гальшанскай гімназіі. Ён цалкам выбіваецца з межаў звыклых стэрэатыпаў пра школьныя музеі.

Працу над ім яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя пачаў гісторык, колішні дырэктар школы Эдуард Корзун. Ягоныя калегі расказваюць, што Корзун прысвяціў гісторыі родных Гальшан усё жыццё і сваю апошнюю экскурсію правёў за 40 хвілін да ўласнай смерці.

Сёння поўная назва ўстановы гучыць як “Народны гісторыка-края-знаўчы музей імя Эдуарда Корзуна”. Дырэктарам музея стала жонка ягонага стваральніка Яніна Корзун.

Гольшаны 4

У экспазіцыі выстаўлены каля 2000 каштоўнейшых экспанатаў. Пераважная большасць — арыгінальны збор старажытных манет, кніг, зброі і дакументаў. Ліст Уладзіміра Караткевіча з разгадкай таямніцы рамана “Чорны замак Альшанскі” таксама захоўваецца тут. У 1984 годзе Эдуард Корзун са сваімі вучнямі напісаў да пісьменніка: ці ў іхніх Гальшанах адбываюцца падзеі знакамітага літаратурнага твора? Караткевіч адказаў, што ў рамане “простай фатаграфіі з Вашых прыгожых Гальшан, замка, касцёла і гарадзішча шукаць не трэба. Аўтар бярэ некалькі замкаў, вёсак, старых будынкаў і лепіць з іх нешта новае, што дарэмна шукаць на геаграфічнай карце”.

Па словах Яніны Корзун, турфірмы мала цікавяцца музеем. Затое экскурсаводы з усёй краіны, якія ведаюць, што за багацце тут захоўваецца, прывозяць і школьнікаў, і дарослых. У летні перыяд дырэктарцы даводзіцца выходзіць на працу нават у выхадныя. Яніна Корзун расказала, што збіраецца пашырыць экспазіцыю і адкрыць чацвёртую залу ў музеі.
Што да руінаў гальшанскага замка, то на іх па-ранейшаму можна пагля-дзець абсалютна бясплатна. Разам з Лідскім і Наваградскім замкамі ён увайшоў у дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2011-2015 гады. Плануецца кансервацыя і музеефікацыя руін ды добраўпарадкаванне тэрыторыі. У жніўні тут пройдзе трэці па ліку фестываль сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак”.

Добрае ўражанне робяць цэнтральныя вуліцы Гальшан. Каштоўна тое, што захаваліся не асобныя дамы, але цэлая гістарычная забудова пераважна ХІХ стагоддзя. Калі хочаце трапіць у тагачаснае беларускае мястэчка, Гальшаны — адзін з лепшых таму прыкладаў. Паўтара года таму гісторыкі прапаноўвалі надаць гістарычнаму цэнтру Гальшан статус архітэктурнага помніка. Як паведаміў намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Аляксандр Саванец, гэтая ідэя мясцовымі ўладамі пакуль не разглядалася.

“Наша мястэчка ніколі не прыходзіла ў заняпад!”

Таццяна Завадская гаворыць, што Гальшаны — гэта  месца з цудадзейнай энергетыкай.

 “У гістарычных крыніцах я не знаходзіла інфармацыі пра тое, што нават у самыя цяжкія часы мястэчка прыходзіла ў заняпад. Нягледзячы на любыя жыццёвыя абставіны, мясцовыя жыхары заўжды мелі заробак”, — расказвае Таццяна.

Сёння ў Гальшанах некалькі прадпрымальных асобаў распачалі досыць перспектыўныя справы.
Пасля пажару ў сярэдзіне XVIII стагоддзя некаторыя гаспадарчыя будынкі касцёла прадалі мясцовым жыхарам. Адзін з іх пэўны час быў карчмой з інтрыгоўнай назвай “У чорта”.  Цяпер патомны знахар Пётр Давідовіч стварае ў гэтых сценах агратурыстычную сядзібу. Гаспадар плануе тут своеасаблівы санаторый.

“Я збіраюся лячыць людзей, чым уласна і займаліся мае продкі, — распавёў Пётр Давідовіч. — Сёння вельмі распаўсюджаныя хваробы,  звязаныя з недахопам кальцыю ў арганізме. Усе п’юць таблеткі, але найлепшыя лекавыя сродкі створаны там,  дзе мы жывем, — гэта нашы травы. Праз травяныя ванны арганізм убірае неабходную колькасць карысных рэчываў, у тым ліку кальцыю”.

Калі Пётр са сваімі памочнікамі ўпарадкавалі тэрыторыю вакол былой карчмы, знайшлі нямала цікавых рэчаў: кавалкі каменя-пальчаткі і плінфы, якой калісьці была выкладзена падлога ў замку і касцёле, фігуркі святых, фрагменты дэкаратыўных дэталяў алтара. Сапраўдныя артэфакты занялі сваё месца ў т. зв. антычнай зале будучага дома знахара. Сярод іншых цікавостак турысты ўбачаць тут амулеты і сувеніры. Вырабы з розных камянёў — ручная праца Пятра Давідовіча. Па яго меркаванні, гэтыя рэчы добра ўплываюць на энергетычнае поле чалавека.

У прыватных руках цяпер знаходзяцца будынкі кінатэатра, а таксама былых гміны і школы. А гэта значыць, што дамы не будуць пуставаць.

"Газета Слонімская"

https://www.traditionrolex.com/8