https://www.traditionrolex.com/8
<p>Камень заўважылі пагранічнікі мабільнай пагранзаставы ў Астравецкім раёне.</p>
Камень заўважылі пагранічнікі мабільнай пагранзаставы ў Астравецкім раёне. І адразу ж патэлефанавалі Алесю Юркойцю, бо аднойчы ён звяртаўся да іх за дазволам – на пошук гэтых камянёў. Супрацоўнік мытні жыхар Варнян Алесь Юркойць несупынна вывучае гісторыю роднага краю. З дазволу пагранічнікаў Алесь пабываў на месцы.

– Пра існаванне такіх камянёў я ведаў даўно – нават у савецкія часы, калі не было мяжы паміж Літвой і Беларуссю, расказвалі пра пятнаццаць вялікіх незвычайных валуноў на гэтым месцы, – гаворыць Алесь. – Першую спробу адшукаць іх я зрабіў восем гадоў таму. Тады пра іх існаванне мне паведаў мясцовы ляснік – сказаў, што на свае вочы бачыў. Праўда, тады мне давялося браць дазвол на пошукі ў пагранічнікаў – праз гэта месца пралягла мяжа. Той раз  размова ішла пра сем-восем вялікіх камянёў. І тады мы нічога не знайшлі – шукалі летам, трава была высокая. А вось зараз адзін камень знайшлі пры аглядзе мяжы памежнікі. Яны патэлефанавалі мне – начальнік мабільнай пагранзаставы капітан Іван Сяргееў дапамог аформіць дазвол, мне дапамаглі наведаць знаходку і сфатаграфаваць яе.
– Што сабой уяўляе знаходка?
– Гэта камень пірамідальнай формы з выбітымі на ім наўскос трыма крыжамі. І ніякіх надпісаў. Акрамя гэтага, больш камянёў мы не знайшлі.
– Як лічыце, што гэта за камень?
– Версій у мяне некалькі. Калі ляснік не памыліўся і такіх камянёў было раней шмат, то можна меркаваць пра могільнік позняга сярэднявечча – 17-18, але не пазней за 19 стагоддзе. Можа быць, могільнік вайсковы, бо вялікіх паселішчаў тут не было. Калі ж камень адзін, то гэта можа адзін з тых камянёў, якія ставілі пры дарозе. У сярэднявеччы тут праходзіла дарога з Вільні на Быстрыцу, якая ў тыя часы была досыць вялікім паселішчам і мела свой мытны пункт. Так ці інакш, але трэба даследаваць і вывучаць. Канешне, ідэальна было б тут правесці археалагічныя раскопкі, тады б высветлілася, могільнік гэта ці не. Але зрабіць гэта складана – камень жа знаходзіцца на самай мяжы, хоць і з нашага боку. Пакуль я  шукаю інфармацыю і пра камяні ўвогуле, і пра гэты, што знайшоўся ў нашым краі. Але тое, што камень унікальны і за ім хаваецца нейкая гісторыя, не падлягае сумненню.
***

Наталія Валынец ("Гродзенская прауда")

https://www.traditionrolex.com/8