Раскапай сваю Беларусь! Нечаканасці вясковага турызму

11.04.2011 - Новости

Раскапай сваю Беларусь! Нечаканасці вясковага турызму

У вандроўку па Гродзенскай вобласці ў рамках конкурсу "Лепшая сядзіба года" з мэтай паглядзець аграсядзібы для турыстаў у Бераставіцкім, Шчучынскім і Лідскім раёнах мне пашчасціла выправіцца з вельмі цікавымі спадарожнікамі...

Калі вы глядзіце на Беларусь з акна аўто – што вы бачыце? Я бачу чыстыя палі, нізкае сіняе неба, на якім пасвіць хмары магутны беларускі гарэза-вецер. Я бачу тое, што не збераглі, і берагчы, мяркуючы па ўсім, не збіраюцца... Заўжды, калі падарожнічаю па Беларусі, узгадваю пра Уладзіміра Караткевіча і яго жонку Валянціну Браніславаўну, якія аб'ехалі ўсю нашу краіну і заўсёды ўпарта змагаліся за захаванне гістарычна-культурнай спадчыны. Калі б не было іх змагання, то сёння, магчыма, мы не мелі б таго і так нешматлікага архітэктурнага багацця, якое ўсё ж захавалася. Як сумна назіраць з акна машыны, што унікальны драўляны касцёл ХVІ–ХVІІ стст. мясцовыя ўлады літаральна руйнуюць сваёй абыякавасцю...

У нашу вандроўку па Гродзенскай вобласці ў рамках конкурсу "Лепшая сядзіба года" з мэтай паглядзець аграсядзібы для турыстаў у Бераставіцкім, Шчучынскім і Лідскім раёнах мне пашчасціла выправіцца з вельмі цікавымі спадарожнікамі: Тадэвушам Навагродскім, загадчыкам кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў гістарычнага факультэта БДУ; Таццянай Кухаронак, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, і Сяргеем Сергачовым, прафесарам, доктарам архітэктуры, выкладчыкам архітэктурнага факультэта БНТУ. Атрымалася так, што я сядзела побач менавіта з Сяргеем Аляксеевічам, які пешкі прайшоў бадай усю Беларусь і вядомы як адзін з самых выдатных знаўцаў беларускай вясковай архітэктуры. Такім чынам, я абсалютна задарма праслухала эксклюзіўны курс лекцый па гэтай дысцыпліне.

Вясков1

Гаспадар сядзібы "Бабровая даліна".
 
 — Вось ты была ў Малым Мажэйкаве?  — пытаецца ў мяне Сяргей Аляксеевіч.  — Не... А там захавалася такая выдатная царква ХVІ стагоддзя! Дарэчы, ведаеш, што цікава: менавіта Караткевіч прапанаваў называць гэтую царкву не Маламажэйкаўскай, як яе называлі дагэтуль, а Мураванкаўскай. Ён матываваў гэта тым, што царква знаходзіцца ў вёсцы Мураванка. Таму цяпер у літаратуры сустракаюцца дзве назвы гэтай царквы. Але, на маю думку, назва Маламажэйкаўская больш абгрунтаваная, бо калі паглядзець на гісторыю, а не на сучасны паштовы адрас, то аказваецца, што вёска Мураванка спрадвеку падначальвалася Малому Мажэйкаву. Таму лагічна і царкву называць Маламажэйкаўскай.

Па дарозе мы з Сяргеем Аляксеевічам яшчэ вось як забаўляліся – вывучалі Беларусь: уважліва сачылі за назвамі населеных пунктаў, якія праязджалі, і разважалі над паходжаннем цікавых назваў. Гэта, дарэчы, мой улюбёны занятак з дзяцінства. А назвы часам сустракаюцца такія чароўныя – ну проста казачныя! Быццам сеў паэт і прыдумаў. Але гэта прыдумалі ЛЮДЗІ!

— Вось назва "Філіпава" ведаеш, адкуль пайшла? А ўсё вельмі проста, — распавядае Сяргей Сергачоў. — Быў у пана сын Філіп, вырас сын, трэба яму ўласную зямлю выдзяляць. Вось пан дае сыну зямлю і кажа: "Ну, а гэта будзе Філіпава!" Адтуль і назва. Паны яшчэ і не такое прыдумлялі! Вось ёсць вёска з досыць амбітнай назвай — Парыж! Таксама лёгка прасачыць этымалогію гэтай назвы: з'ездзіў пан у Парыж, вярнуўся ў Беларусь уражаны і думае: а чым у мяне горш? Хай і тут будзе свой Парыж!

Так мы і ехалі, абмяркоўваючы назвы Масты, Рэпля, Воўпа, Вярэйка, Ятвязь, Даўлюбаўшчына, Кіралі, Шаляпкі... Пакуль не даехалі да Бераставіцы, што на самай мяжы Беларусі і Польшчы. Тут недалёка ад самога пасёлка месціцца сядзіба "Ціхія сажалкі", якая і стала першым пунктам нашага агляду.

Незнаёмы дзень народзінаў

— Не думайце, гэта не падстаўныя госці, — весела сустракае нас гаспадар сядзібы Дзмітрый Гетнер і махае рукой на мужчынскую кампанію ў альтанцы. — Вось і праўда, як дзіўна супала: хлопцы якраз прыехалі на выхадныя дзень народзінаў адзначыць.

Мужчыны з вялікай сяброўскай кампані, якія сабраліся з усёй Гродзенскай вобласці, ветліва заківалі нам і запрасілі паесці палявога супу. Мы не адмовіліся. І правільна зрабілі, бо акрамя таго што пад'елі яшчэ наслухаліся цікавых жыццёвых гісторый і ўражанняў пра сядзібу непасрэдна ад наведнікаў. Больш за ўсё хлопцы ўпадабалі лазню і рыбалку. Яшчэ б! Гаспадар "Ціхіх сажалак" сам выкапаў тут возера і запусціў самых розных рыб: карпа, таўсталобіка, амура, еўрапейскага сома, сцерлядзь, шчупака і ліня. Госці могуць самі навудзіць рыбы і тут жа яе прыгатаваць!

 

Вясков2

Госці сядзібы "Ціхія сажалкі": імяніннік Станіслаў з сябрам Андрэем.
 
— Калі я капаў гэтае возера, — распавядае гаспадар Дзмітрый, — то знайшоў здаравенную медную гільзу 1924 года! Але пакуль тое-сёе, яна праляжала на двары тыдзень, і ў рэшце рэшт нехта яе ў мяне скраў.

Калі госці "Ціхіх сажалак" зразумелі, што я з газеты, то сталі неадчэпна мяне пераследаваць з адной толькі просьбай: мы заўжды марылі трапіць у газету! Ну, хіба пасля палявога супу я магла адмовіць? Тым больш імянінніку.

22 крыніцы
і 300 кг

Сядзіба "Ціхія сажалкі" знаходзіцца ля вёскі Ёдзічы. Той, хто прыязджае сюды адпачываць, мае магчымасць яшчэ і назіраць вясковае жыццё, якое нетаропка цячэ вунь там, за кустоўем, і прываблівае таямнічым мігценнем скрозь галінкі дрэўцаў. А то чуваць і брэх сабак, і кукарэканне пеўня. Адным словам, мясціны неверагодна цікавыя. А для гараджаніна дык і наогул экзатычныя.

— Я купіў гэты дом у дзеда вось чаму... — прызнаецца гаспадар сядзібы. — Дзед жыў на гэтым хутары даўно. З вайны ў яго ў назе асколак сядзеў. Аднойчы, незадоўга да таго, як я купіў ягоны дом, у дзядулі забалелі зубы і ён пайшоў у паліклініку. Там падумалі, што ён іншапланецянін! У яго нават медыцынскай карткі не было! Ён ніколі ні на што не хварэў! Ён піў ваду з крыніцы, што тут б'е, і еў уласную гародніну і садавіну. І ўсё! Вось я і вырашыў набыць гэтую зямлю менавіта з-за вады. Раней ваду з гэтай крыніцы набірала ўся вёска. Мне дзед расказаў, што яшчэ пры пане сюды прыязджаў яго кіраўнік і казаў, што недзе тут знаходзіцца невычэрпнае падземнае возера. Таму сюды з усіх навакольных палёў звозілі камяні, каб прыглушыць гэтую крыніцу — так яна неўтаймоўна біла. Гавораць, што некалі тут білі 22 крыніцы. І ў мяне перыядычна скрозь зямлю прабіваюцца новыя маленькія крынічкі.

Каб быць такім жа здаровым, як той дзядуля, што некалі жыў на гэтай зямлі, адной вады мала. Трэба яшчэ і гаспадарка. А гаспадарка ў Дзмітрыя вялікая. Ён сам пасадзіў сад, які зараз налічвае больш за дзве тысячы дрэў. Тут растуць яблыкі, персікі, чарэшні, акацыі, абрыкосы, грушы. Пасаджаны чорныя парэчкі, розныя гатункі малін. Расце і паўднёвая айва, багатая на вітамін С. А клубніцы ў "Ціхіх сажалках" бываюць бадай круглы год.

— Здараецца, што снег выпадае акурат на чырвоныя клубніцы, — хваліцца гаспадар.

Жывуць "Ціхія сажалкі" ў асноўным за кошт гаспадаркі. Дзмітрый Гетнер трымае парсючкоў. Прычым трымае іх згодна з новымі еўрапейскімі стандартамі: падлогу ў хляве ўсцілае пілавіннем, якое ўсмоктвае пахі і вільгаць, і таму парсючкі заўжды дагледжаныя і чыстыя. Сярод жыхароў хлява больш за ўсё ўражвае свінаматка: мажная "кабета", якая дала жыццё ўжо не аднаму дзясятку парсюкоў. Важыць яна больш за 300 кілаграмаў.

Старадаўняя сістэма ацяплення

Калі ў гасцей ёсць жаданне, то гаспадар "Ціхіх сажалак" наймае экскурсавода, каб паказаць мясцовыя славутасці. Сярод галоўных — касцёл ХVІІ ст. у Бераставіцы, які першапачаткова будаваўся як кальвінскі збор. Сёння ён стаіць напаўразбураны і нікому не патрэбны. А ў Мураванай застаўся панскі маёнтак з унікальнай сістэмай ацяплення.

— Сутнасць яе ў тым, што палілі ў асноўнай печы ў падвале, а цяпло разыходзілася па ўсім двухпавярховым доме, — тлумачыць Дзмітрый Гетнер. — Гэта дасягалася за кошт таго, што перагародкі паміж пакоямі ў доме былі пустыя, па іх і разыходзілася цяпло. Гэта унікальная канструкцыя беларускіх майстроў! Я сам захапляюся будаўніцтвам, не раз рабіў печы — гэта вельмі складана. То яна грэць не хоча, то дыміць. А там нічога не дыміла і грэла цудоўна! Некалі ў гэтым маёнтку была вучэльня. А потым пацёк дах, усё пачало развальвацца, вучэльню перанеслі.

Археалагічныя раскопкі для турыстаў

У вёсцы Кульбачына Шчучынскага раёна месціцца сядзіба вясковага турызму "Бабровая даліна". Мы з Сяргеем Аляксеевічам ніяк не маглі разгадаць таямніцу назвы гэтай вёскі, пакуль не пагаварылі з гаспадаром сядзібы Алегам Сямашкам.

Сядзіба "Бабровая даліна" — гэта проста вясковая хатка з простым беларускім інтэр'ерам і экстэр'ерам. Тут ёсць і хлеў, і альтанка з мангалам, і лазня. Але галоўнае для вясковага турызму, на думку гаспадара сядзібы, гэта вяртанне да каранёў. Таму, акрамя ўлюбёнай на "карпаратывах" лазні, "Бабровая даліна" — гэта яшчэ сямейны актыўны і культурна-асветніцкі адпачынак. Тут можна павудзіць рыбу, пакатацца на роварах, пагуляць у валейбол, пазагараць на пляжы і паплаваць у возеры. Але самае цікавае наперадзе. Алег Сямашка адмыслова для турыстаў распрацаваў экскурсію па сваёй аграсядзібе, якая распавядае пра побыт беларускай сям'і. "А-а-а! Пра гэта раскажуць у любым краязнаўчым музеі!" — запярэчыце вы. Магчыма, але ў музеі вы не патрымаеце ў руках сапраўдны калаўрот і не паспрабуеце ў сапраўднай драўлянай бойцы збіць уласнымі рукамі з малака масла!

Калі мы разглядалі хатку "Бабровай даліны" знутры, то нашу ўвагу прыцягнулі металічныя наканечнікі для стрэл, што вісяць на сцяне пад шклом.

— Ого! Адкуль гэта ў вас?! Такая каштоўнасць! — захапляецца Сяргей Сергачоў.

— Ды не, гэта несапраўдныя, — шчыра прызнаецца гаспадар сядзібы. — Гэта копіі, іх па маёй просьбе зрабілі ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Рэч у тым, што ў нас тут побач гарадзішча Х—ХІ стст., і гэта копіі наканечнікаў, якія там знайшлі. Так што можна ладзіць і археалагічныя раскопкі для турыстаў. Гарадзішча, па-мясцоваму Акоп, знаходзіцца ў добрым стане. Гэта земляны вал вышынёй 2-3 метры і дыяметрам 70 метраў. Пакуль я не ўяўляю, як гэта можна зрабіць юрыдычна, бо прыватныя асобы не могуць браць у арэнду зямлю, на якой знаходзяцца археалагічныя помнікі, але я хачу навесці там парадак: трохі высекчы кустоўе, зрабіць зручную шырокую сцяжынку, каб вадзіць туды экскурсіі.

Гаспадар гаворыць пра археалагічныя раскопкі напалову жартам, а мне гэта здаецца неблагой ідэяй. Такі від адпачынку стаў бы сапраўдным эксклюзівам: даць людзям магчымасць самім нешта раскапаць, паглыбіцца (у самым простым сэнсе!) у гісторыю, памацаць сваімі рукамі няўлоўны пыл стагоддзяў. Праўда, гэта ўсё рабіць трэба вельмі акуратна, каб не нашкодзіць, не парушыць археалагічныя слаі. Магчыма, зрабіць побач з сапраўдным гарадзішчам нейкую імітацыю старадаўняга гарадзішча, у якім людзі маглі б знаходзіць копіі старадаўніх прадметаў. А дасведчаны археолаг расказваў бы ім, што гэта за прылады і навошта яны,  як правільна весці раскопкі, каб не нашкодзіць помніку археалогіі. Уявіце, які эксклюзіў! Пра такія паслугі вясковага турызму я яшчэ не чула! Я ўтаймоўваю сваю фантазію і дзялюся думкамі з гаспадаром.

— Магчыма, усё магчыма. — Ён абяцае падумаць над гэтым. — Усё самае цікавае яшчэ наперадзе. "Бабровай даліне" ўсяго два гады.

Калі мы едзем у кірунку трэцяй сядзібы, Сяргей Аляксеевіч пытаецца, ці зразумела я паходжанне назвы Кульбачына. Я выказваю думку, што яна матываваная старажытным гарадзішчам, бо гарадзішча — гэта ўзвышэнне, адКУЛЬ добра БАЧНА — Кульбачына. Мой настаўнік пагаджаецца, што, напэўна, так і ёсць, і радуецца добрай вучаніцы. Сядзіба "Аlb'а Ruthеnіа", што ў Лідскім раёне, куды мы заехалі напрыканцы нашай вандроўкі, таксама не пакінула нас абыякавымі: беларускамоўныя гаспадары, гарохавы суп і дранікі на абед, жывая народная музыка і шмат чаго іншага. Пра яе "Звязда" пісала ў артыкуле "Альбарутэнія" Бартосікаў, альбо Як рабіць твар краіны" ў нумары за 25 сакавіка 2011 года.

Р. S. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў Беларусі не ўсё так гладка з агратурызмам. Нягледзячы на тое, што колькасць аграсядзіб павялічваецца, нельга сказаць, што беларусы масава наведваюць аграсядзібы з мэтай культурнага адпачынку, яднання з прыродай і вяртання да каранёў. Прычын таму некалькі. Адна з іх: высокія кошты. І калі параўнаць з беларускімі заробкамі, і калі параўнаць тыя ж паслугі для турыстаў у суседзяў: Польшчы, Літве, Украіне. Калі сярэдні кошт абеду на аднаго чалавека ў беларускіх аграсядзібах складае $10, то на гарналыжным курорце ў Польшчы альбо ў шыкоўнай украінскай рэстарацыі — 10—15 тысяч у пераводзе на нашы грошы! Але ў шыкоўнай рэстарацыі не трэба даплачваць за знаходжанне, а арэнда аграсядзібы на суткі ў сярэднім каштуе $80-100 на кампанію. І нават так: фіксаваных коштаў у аграсядзібах часта няма, кошт залежыць ад наведнікаў і іх пажаданняў. А пажаданні ў наведнікаў часцей за ўсё такія: лазню на суткі без гаспадара. І не трэба ім ніякіх экскурсій і праграм. А гэта разбэшчвае густ турыстаў: аграсядзібы, не паспеўшы стаць месцамі культурнага адпачынку, становяцца месцамі калектыўных застолляў. Зрэшты, гэта асобная тэма, да якой "Звязда" яшчэ вернецца.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ ("Звязда")

Рубрики: Активный Туризм Сельский Туризм

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах