Прэс-суботнік ля знакамітых вежаў

14.04.2011 - Новости

Прэс-суботнік ля знакамітых вежаў

Своеасаблівы старт шырокай грамадскай ініцыятыве пад дэвізам “Захаваем Навагрудскі замак разам!” будзе прымеркаваны да Міжнароднага дня аховы помнікаў і памятных мясцін?.

Своеасаблівы старт шырокай грамадскай ініцыятыве пад дэвізам “Захаваем Навагрудскі замак разам!” будзе прымеркаваны да Міжнароднага дня аховы помнікаў і памятных мясцін. Імкнучыся ўнесці сваю лепту ва ўсеагульны пачын, газета “Культура” выступіла з прапановай зладзіць “прэс-суботнік” ля руін замка ў дзень Рэспубліканскага суботніка, які адбудзецца сёлета 16 красавіка. Ініцыятыву журналістаў нашага выдання ахвотна падхапілі калегі з іншых СМІ і вядомыя дзеячы культуры і мастацтва краіны, дзякуючы якім праграма мерапрыемства папоўніцца новымі пунктамі.
Самую дзейсную падтрымку наша задума займела і ў Навагрудскім райвыканкаме. Намеснік яго старшыні Алена Ермакова выказала шчырую ўдзячнасць усім захадам грамадскасці па захаванні замка, запэўніўшы, што яны атрымаюць усебаковую дапамогу мясцовых улад.

 У якасці "фронту работ" начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі прапанаваў удзельнікам талакі ўзяць удзел у археалагічных раскопках. Натуральна, што такая праца патрабуе не абы-якой кваліфікацыі, і таму кіраваць закладаннем шурфоў будуць спецыялісты з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А неспецыялісты займеюць унікальную магчымасць спрычыніцца да цікавай і інтрыгоўнай справы - археалагічнага даследавання аднаго з самых знакавых помнікаў беларускай мінуўшчыны.

Плануецца, што ўдзел у суботніку возьме і навуковы кіраўнік Навагрудскага замка, знакаміты архітэктар-рэстаўратар Сяргей Друшчыц, і таму ўсе прысутныя здолеюць атрымаць адказы на любыя пытанні адносна гэтага аб'екта і запланаваных на ім работ не толькі непасрэдна на месцы дзеяння, але яшчэ і з першых вуснаў.

Сярод VIP-персон, якія адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у акцыі, - дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. У Навагрудак ён прыедзе не з пустымі рукамі. Атрымаўшы запрашэнне, ён згадаў і пра сваю карціну "Вытокі".

- Зіма, пакрытыя снегам валы, на даляглядзе - абрысы вежаў, якія вельмі нагадваюць Навагрудскія... - распавядае мастак пра свой твор. - Але выяўлены яны не як элемент пейзажу, а як метафарычны, абагульнены вобраз нашай спадчыны. І самотная постаць чалавека ў капелюшы ля ручаінкі, якая ўвасабляе вытокі беларускай гісторыі, дзяржаўнасці, культуры.... Гэтым творам мне хацелася натхніць сучасніка на роздум: што трэба зрабіць, каб той ручай ніколі не засох?..

Лепшага месца за Навагрудак для дэманстрацыі гэтага твора, бадай, і не знайсці, як, зрэшты, і лепшай нагоды. Таму ў дзень прэс-суботніка плануецца адкрыццё выстаўкі адной карціны. І гэта будзе не адзіны творчы сюрпрыз, запланаваны ў праграме акцыі.

 Сярод яе ўдзельнікаў - артыст і адзін з самых "пазнавальных" беларускіх тэлевядучых Юрый Жыгамонт, чый капялюш стаў сапраўдным сімвалам "недылетанцкага" падыходу да гісторыка-культурнага эфіру.

- Я вельмі рады, што распачалася гэтая грамадская ініцыятыва па зборы сродкаў на кансервацыю знакамітага помніка нашай мінуўшчыны, - адзначыў ён напярэдадні падзеі. - Падобныя акцыі рэгулярна і плённа ладзяцца ў іншых краінах, і я абсалютна перакананы ў тым, што і на Беларусі плён будзе адчувальны. Я часта падарожнічаю па краіне, і літаральна паўсюль, нават у дробных вёсачках, да мяне звяртаюцца людзі, якія выказваюць жаданне сваім рублём дапамагчы справе захавання і адраджэння спадчыны. Таму я ўпэўнены, што грамадства да гэтай акцыі гатова...

 ...Традыцыйныя формы супрацоўніцтва са СМІ - прэс-канферэнцыі або брыфінгі - у наш век патрабуюць значнай мадыфікацыі. Адсюль узнікла цэлая плынь крэатыву. Журналістаў імкнуцца завабіць на прэс-сняданкі, прэсланчы, прэс-гольфы... Але прэссуботнік - гэтая іншая справа, якая прадугледжвае не забавы, але "інтэрактыў" у выглядзе ўласнаручнай працы. Ці будзе запатрабавана такая форма? Гэта залежыць ад добрай волі саміх журналістаў.

Источник: «Культура»

 

Рубрики: Активный Туризм Акции

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах