<p><span style="font-size: x-small;">Члены  маладзёжнага аб’яднання мальтыйскага ордэна  з Германіі прапанавалі стварыць  "філіял” гэтай маладзёжнай арганізацыі у  Смаргоні.</span></p>

Здавалася б, якое дачыненне мальтыйскі ордэн можа мець да Беларусі? Многія нашы суайчыннікі пра такую рэлігійную арганізацыю нават не чулі ніколі. Ды і адкуль? Дзейнічае ордэн пераважна ў Заходняй Еўропе, але і там абыходзіцца без гучных акцый і асабліва не рэкламуе сваю работу. І вось члены маладзёжнага аб’яднання мальтыйскага ордэна з Германіі яшчэ ўвосень звязаліся з нашым каталіцкім цэнтрам моладзі і прапанавалі стварыць "філіял” гэтай маладзёжнай арганізацыі тут, у Смаргоні.

Знаёмства

Спачатку сама моладзь каталіцкага маладзёжнага цэнтра паставілася да гэтай ідэі даволі скептычна: яшчэ не хапала лішніх клопатаў. Але тады немцы прапанавалі проста пазнаёміцца. На гэта ўсе пагадзіліся, і ў мінулы чацвер група з сямі чалавек прыляцела з Берліна, каб убачыць таямнічую Беларусь, у якой яны даўно хацелі пабываць, пазнаёміцца са сваімі ўсходнімі равеснікамі і абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва.

Чаму яны выбралі менавіта каталіцкую моладзь? Справа ў тым, што мальтыйскі ордэн з самага пачатку быў каталіцкай арганізацыяй, толькі нядаўна да яго пачалі далучацца людзі іншых веравызнанняў: праваслаўныя, пратэстанты, нават мусульмане і іудзеі.
Разам з немцамі ў Смаргонь прыехала некалькі зацікаўленых маладых людзей з Мінска. Пачалі, безумоўна, са знаёмства. Моўны бар’ер пераадолелі досыць хутка: вельмі дапамаглі два перакладчыкі, але беларусы і немцы і без іх стараліся знайсці агульную мову. У канцы першага сумеснага дня немцы маглі ўжо сказаць "дабранач” і "дзякуй”, а беларускія юнакі і дзяўчаты таксама вывучылі некалькі нямецкіх слоў.

Гісторыя і сучаснасць мальтыйскага ордэна

Гэты ордэн быў заснаваны ў 1099 годзе ў Іерусаліме. Яго першапачатковай задачай была дапамога (у тым ліку і медыцынская) паломнікам, якія ішлі пешшу ў Святы Горад. Чамусьці з Іерусаліма іх выгналі, пасля чаго яны пераехалі на Радос, на Кіпр, а затым і на Мальту, дзе і атрымалі такую назву. Ужо з Мальты распаўсюджвалі сваю дзейнасць па свеце, арганізавалі службу дапамогі.

Як расказалі госці, у Германіі мальтыйскі ордэн існуе з 1953 года. У гэтай краіне ордэну належаць некалькі бальніц. Перыядычна яны праводзяць курсы аказання першай дапамогі, каб людзі не губляліся ў крытычнай сітуацыі, а маглі дапамагчы адзін аднаму. 32 гады таму з ордэна выдзелілася маладзёжная арганізацыя. Маладыя людзі ў якасці санітараў дапамагаюць у бальніцах і на "хуткіх”, навучаюць асновам першаснай медыцынскай дапамогі школьнікаў, займаюцца дабрачыннасцю. Карацей, чыстую і лёгкую работу сабе не выбіраюць.

Да нас прыехалі маладыя людзі рознага ўзросту. Многія з іх выбралі для сябе прафесію медыкаў, таму такая праца – найлепшы спосаб пазнаёміцца з рэаліямі свайго будучага жыццёвага шляху. Некаторыя проста бачаць сваё прызванне ў служэнні людзям, як, напрыклад, Анна. Яна працуе ў парламенце, займаецца праблемамі спорту, арганізацыяй алімпійскіх гульняў. Але сваю высокую пасаду разглядае як дадатковую магчымасць дапамагаць тым, хто нечым абдзелены.

Чым здзівіла Беларусь?

Як бы гэта ні прагучала банальна, але здзівілі людзі. Тое, што аднесліся да прыезджых не па-дзелавому, а як да добрых сяброў. Здзівілі таксама гатоўнасцю да супрацоўніцтва і адкрытасцю.

На другі дзень знаходжання ў Смаргоні была запланавана экскурсія па горадзе і сустрэча з кіраўніцтвам раёна. Экскурсію давялося перарваць з-за дажджу, а вось старшыня райвыканкама Мечыслаў Гой прыняў гасцей з радасцю. Ім расказалі пра тое, што робіцца ў плане дабрачыннасці ў нашым раёне, пацікавіліся, як наладжана работа ў Берліне. Немцы з задавальненнем разглядалі план будучага мемарыяльнага комплексу Першай сусветнай вайны.

Мальт

Да апошняга сумеснага вечара рыхтаваліся і гаспадары, і госці. Прадстаўнікі абедзвюх краін гатавалі нацыянальныя стравы, думалі, як найцікавей прадставіць свае родныя мясціны. І гадзіны вечара праляталі незаўважна, развітваліся ўжо каля адзінаццаці. А раніцай у суботу беларускія юнакі і дзяўчаты праводзілі новых сяброў у Мінск, адкуль у нядзелю яны вылецелі ў Берлін, пакінуўшы добрае ўражанне і жаданне рабіць разам адну добрую справу.

Вiялета Арцюкевiч ("Навіны Смаргоншчыны")