<p>Крым, які даўно з'яўляецца адным з любімых беларусамі месцаў адпачынку, абяцае ў новым сезоне змяніцца да непазнавальнасці.</p>

Крым, які даўно з'яўляецца адным з любімых беларусамі месцаў адпачынку, абяцае ў новым сезоне змяніцца да непазнавальнасці. Пра гэта расказаў першы намеснік міністра курортаў і турызму Аўтаномнай Рэспублікі Крым Аляксандр Ліеў. Усе пляжы зноў стануць бясплатнымі, гэтак жа, як і падыход да культурных аб'ектаў. Лежакі, за якія трэба плаціць, могуць займаць цяпер не больш за 30 працэнтаў пляжа — больш ніхто не будзе браць грошы "за паветра".

Кіраўніцтва Украіны павярнулася да Крыма тварам і збіраецца разбурыць стэрэатыпныя ўяўленні аб гэтым курорце. У прыватнасці, тое, што гэта толькі пляжны адпачынак. Гэта прывабнае ўзбярэжжа Чорнага мора ў бліжэйшыя гады плануецца ператварыць у медыцынскі рэабілітацыйны курорт. Крым — гэта 656 здраўніц і пансіянатаў, 2,5 тысячы міні-атэляў і міні-пансіянатаў, 74 СПА-цэнтры, 6 аквапаркаў і 12 тысяч помнікаў культурнай спадчыны. 300 з шасці дзясяткаў санаторыяў і пансіянатаў да новага сезона абнавілі свой нумарны фонд, з іх 167 — цалкам правялі рэканструкцыю. У рамонт дарог укладзена больш за 100 мільёнаў долараў, і цяпер аўтааматары могуць дабрацца да месца адпачынку, не рызыкуючы сваім аўтамабілем.

Да новага сезона Крым закупіў 61 новы тралейбус, на якім адпачываючыя могуць дабрацца з Сімферопаля ў Ялту. Яны новыя ва ўсіх сэнсах слова: з каляровымі тэлевізарамі і барамі ды іншымі выгодамі. Да канца года новых тралейбусаў там будзе 220. Кіраўніцтва Украіны не шкадуе грошай і на рэканструкцыю Сімферопальскага аэрапорта і будаўніцтва ў гэтым горадзе новага чыгуначнага вакзала. З гэтага лета, дарэчы, наша авіякампанія "Белавія" аднаўляе рэйсы ў Сімферопаль. Яны былі адменены тры гады таму, паколькі не акупляліся. "Белавія", дарэчы, стала першай авіякампаніяй, якой Сімферопальскі аэрапорт прадаставіў зніжку на абслугоўванне ў 20 адсоткаў. 17 чэрвеня гэтага года запланаваны першы рэйс "Белавія" ў Сімферопаль, якія цяпер будуць выконвацца двойчы на тыдзень — па аўторках і пятніцах. Такім чынам, плануецца разбурыць стэрэатып аб тым, што Крым — гэта адпачынак эканом-класа, і прывабіць людзей, якія цэняць камфорт. Згодна з новым заканадаўствам, паводле слоў Аляксандра Ліева, зменшацца выпадкі, калі прадпрымальныя людзі зараблялі грошы "на паветры". Усе гарадскія пляжы будуць бясплатнымі і адкрытымі, акрамя пляжаў санаторыяў, дзе праводзіцца лячэнне, і дзіцячых пляжаў. Кардонаў пры падыходзе да культурных аб'ектаў таксама не будзе.

— Раней, каб падысці да Ластаўчынага гнязда, трэба было заплаціць тройчы. Зараз такія з'явы караюцца, было нават некалькі крымінальных спраў, — расказаў Аляксандр Ліеў.

Аздараўленне ў санаторыі ўзроўню трох зорак будзе каштаваць сёлета ў высокі сезон (ліпень-жнівень) каля 50 долараў з чалавека ў дзень. Сюды ўваходзяць пражыванне, трохразовае харчаванне і медыцынскія паслугі. Тое ж самае, толькі ў пачатку сезона і падчас "аксамітавага" сезона — каля 30-40 долараў з чалавека. За пражыванне ў прыватным сектары давядзецца заплаціць каля 10 долараў з чалавека.
Алена АЎЧЫННІКАВА ("Звязда")