Выпадковых паломнікаў не бывае

24.04.2011 - Новости

Выпадковых паломнікаў не бывае

У кожнага – свая любімая святыня. І экскурсавод паломніцкіх тураў не можа даць параду, з якога храма пачаць сваё духоўнае ўзыходжанне: «Душа пакліча туды, куды патрэбна…»

У гэтым пераканана экскурсавод Маладзечанскага рэгіянальнага турыстычнага цэнтра Валянціна Нікіфараўна ПАПКОВІЧ, якая адна з першых у нашым рэгіёне дзесяць гадоў таму пачала вазіць паломніцкія туры да праваслаўных святынь Беларусі, Расіі, Украіны.

Кожная паездка – прыступка духоўнага росту

Ідэя стварэння такога напрамку ўзнікла ў дырэктара цэнтра Людмілы Мікалаеўны Бруяка. «Мы зразумелі, што гэта вельмі патрэбна людзям, бо, напрыклад, у тыя ж Жыровічы ад Маладзечна не ідзе напрамую транспарт», — успамінае падзеі дзесяцігадовай даўніны дырэктар. Яна ведала, што Валянціна Нікіфараўна ў свой час працавала экскурсаводам у Брэсцкай крэпасці, і прапанавала ёй узяцца за духоўны кірунак.

— Толькі не гэта! – першае, што адказала на прапанову Валянціна Нікіфараўна.

Ёй, свецкаму чалавеку, больш таго, камуністцы з 35-гадовым стажам, якая нейкі час нават была на партыйнай рабоце, на той момант цяжка было ўявіць сябе ў гэтай незвычайнай ролі. Але, як кажуць, на ўсё воля Божая…

Яна заўсёды была лёгкай на пад’ём, прывыкла не абрастаць рэчамі: з мужам-пагранічнікам служылі ў самых аддаленых кутках Савецкага Саюза, жылі ў Туркменістане, Запаляр’і, на Далёкім Усходзе…

Першая яе экскурсія ў якасці гіда была ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр. Аб’явы расклейвалі на цэрквах, і жадаючых было вельмі шмат. Яна і цяпер памятае прасветленыя вочы людзей, удзячнасць старэнькай бабулі Зінаіды, якая, калі б не тая паездка, ніколі не дабралася б да святыні.

У першыя паломніцкія туры збіраліся глыбока веруючыя, ацаркоўленыя людзі. У іх экскурсавод і вучылася, давала ім свецкую інфармацыю, а яны ёй – духоўную.  

Жыровічы, Полацк, востраў Валаам, святое возера Валдай, Салаўкі, Кіева-Пячорская,Пачаеўская лаўры – кожная паездка да праваслаўнай святыні давала магчымасць расці духоўна. Да кожнай яна, гісторык па адукацыі, рыхтавалася. Па крупінках збірала інфармацыю, завучвала на памяць і, галоўнае, прапускала яе праз сваё сэрца. Перачытала вельмі шмат духоўнай, навуковай літаратуры. А яшчэ па многіх пытаннях кансультавалася ў святароў. Калі людзі імкнуцца пакла-
ніцца святыні, то такая паездка не павінна ператварыцца ва ўік-энд, у пікнік на абочыне з песнямі і анекдотамі, а тым больш са спіртным…

«Мае дарагія людзі! Сёння вы здзяйсняеце цудоўны духоўны подзвіг – ваша душа паклікала вас пакланіцца святыні, а Гасподзь аб’яднаў усіх і благаславіў», — з гэтымі словамі экскурсавод пачынае знаёмства з новай групай. Яна ніколі не звяртаецца ў аўтобусе да людзей, седзячы да іх спіной. Толькі стоячы і толькі вочы ў вочы… І адразу ўстанаўліваецца атмасфера дабрыні. Незнаёмыя, трохі насцярожаныя падарожнікі пачынаюць размаўляць, частаваць адзін аднаго. Яны адчуваюць сябе аднадумцамі. Нярэдка пасля паездкі абменьваюцца тэлефонамі, працягваюць падтрымліваць адносіны і ўжо ў наступныя туры едуць разам.  

На Валааме трэба быць асцярожным у жаданнях – яны збываюцца

Сапраўды, энергетыка гэтага святога дзівоснага па прыроднай прыгажосці  вострава, дзе знаходзіцца Спаса-Прэабражэнскі мужчынскі манастыр, вельмі моцная. Гэта адзначаюць усе паломнікі. Нездарма ж яго называюць Паўночным Афонам. «Споведзь на Валааме – гэта нешта незвычайнае, ні з чым не параўнальнае. Старац, якому ты спавядаешся, нібы бачыць усяго цябе наскрозь, і словы не патрэбныя», — гаворыць мая субяседніца.

Дзякуючы рэгіянальнаму турыстычнаму цэнтру маладзечанцы тройчы змаглі там пабываць. У ліпені плануецца чацвёртая паездка, і ёсць паломнікі, якія не прапусцілі ніводнай.    

Адна з жанчын, урач па прафесіі, пасля наведвання Пскова-Пячорскага манастыра прапанавала: «Давайце ездзіць сюды кожны год!» Ёсць маладзечанка, якая пастаянна наведвае Пачаеўскую лаўру у Заходняй Украіне: «Я атрымліваю там такую Божую ласку, нібы нараджаюся нанова…»

Прасветленымі вярнуліся з нядаўняй паездкі да святой Матроны Маскоўскай дырэктары школ, педагогі. Шчыра дзякавалі свайму экскурсаводу за тое, што яны, адукаваныя, «падкаваныя» ў многіх пытаннях людзі, адкрылі для сябе столькі новага – цэлы пласт духоўнай культуры.

Памятаюць у рэгіянальным цэнтры, як адна жанчына рызыкнула пасля перанесенага інсульту паехаць на Салавецкія астравы – яшчэ адну знакамітую на ўвесь свет праваслаўную святыню. На востраве Анзер, які называюць тайнай Салаўкоў, у агульнай складанасці трэба было прайсці 17 кіламетраў – і Бог даў ёй сілы…   

У кожнага – свая любімая святыня. І экскурсавод паломніцкіх тураў не можа даць параду, з якога храма пачаць сваё духоўнае ўзыходжанне: «Душа пакліча туды, куды патрэбна…»

У Ліпавай Калодзе – след Божай Маці, у Пустынках – выява Хрыста

Іншы раз не трэба ехаць за трыдзевяць зямель, каб далучыцца да цуда. У нашай Беларусі шмат дзівосных месцаў, пра якія ведаюць далёка не ўсе.
Валянціна Нікіфараўна расказвае, што ў вёсцы Ліпавая Калода,  непадалёк ад Калодзішчаў, на падвор’і Сабора Беларускіх Святых знаходзіцца праваслаўная святыня — камень са следам ступні Божай Маці.

У вёсцы Пустынкі на Магілёўшчыне, на самай мяжы Беларусі і Расіі, узнаўляецца  мужчынскі манастыр XIV стагоддзя. На адной са сцен будынка, які ўваходзіць у комплекс манастыра, не так даўно праявіўся лік Хрыста, і эксперты сцвярджаюць, што ён нерукатворны.   

Многія едуць памаліцца Ксеніі Пецярбургскай у Свята-Ксеніеўскі жаночы манастыр, што знаходзіцца ў вёсцы Барань, за 40 кіламетраў ад Барысава. Ксенюшка Блажэнная лічыцца апякункай жаночых лёсаў, сям’і. У яе гонар пабудавана шмат храмаў, а манастыр толькі адзін.

Адзін з самых старажытных манастыроў у Беларусі – Свята-Елісееўскі ў вёсцы Лаўрышава на Навагрудчыне. Пасля службы, манастырскай трапезы айцец Яўсевій пад адкрытым небам праводзіць  своеасаблівыя «прэс-канферэнцыі», неацэнныя ў духоўным плане. Калі ў 2008 годзе ў гэтым храме здарыўся пажар, маладзечанцы ўжо на наступны дзень сабралі грошы і рэчы, паехалі самі, каб падтрымаць, дапамагчы манастырскай браціі справіцца з бядой.
Заўсёды з радасцю прывячаюць нашых землякоў айцец Арсеній і айцец Сергій з аднаго з самых старых храмаў у Беларусі ў вёсцы Сынкавічы Гродзенскай вобласці.

Унікальны паломніцкі тур па трох манастырах Мінскай вобласці – Ляды - Дамашаны - Навінкі…
Немагчыма пералічыць усе святыя месцы, у якіх за дзесяцігоддзе пабывала Валянціна Нікіфараўна. Якой бы стомленай ні вярталася з чарговай паездкі, адчувае прыліў небывалай энергіі.

У мінулым годзе яна пабывала ў Іерусаліме, бо, як сама гаворыць, гэта быў покліч душы, імкненне ісці наперад, развівацца духоўна. Убачанае і пачутае за 11 дзён на святой зямлі асэнсоўвае і цяпер, перадае духоўныя пазнанні сваім паломнікам.

Людзі павінны ведаць пра цудадзейныя справы

За гэтыя 10 гадоў Валянціна Нікіфараўна неаднойчы была сведкай, калі паломнікі адчувалі значнае аблягчэнне і нават збаўленне ад хвароб.

Жанчына з Мінска амаль што не хадзіла з-за артрозу каленных суставаў. Яна ніколі ў жыцці не спавядалася, але з дапамогай маёй субяседніцы рашылася ў час наведвання храма ў горадзе Карма Гомельскай вобласці, дзе знаходзяцца мошчы святога Іаана Кармянскага… Пасля гэтага забылася на сваю хваробу.

Каля дзясятка разоў у паломніцкі тур у Жыровіцкі мужчынскі манастыр ездзіў мужчына, у якога праблемы са слыхам. Раней ён чуў толькі на 20 працэнтаў. Адзін вопытны ўрач даў яму параду: ездзі ў Жыровічы і акунайся ў святой крыніцы так, каб вада трапляла ў вушы, нос, рот. Пасля восьмага разу ён стаў чуць нашмат лепш. Праверыўся ва ўрачоў – слых аднавіўся да 80 працэнтаў.

Вялікая памочніца людзям і святая Ксенія Пецярбургская. Валянціна Нікіфараўна часта расказвае паломнікам гісторыю адной жанчыны. У яе 26-гадовай дачкі не было маладога чалавека. Маці гэта не магло не трывожыць. Аднойчы ў царкоўнай лаўцы яна купіла гісторыю жыцця Ксеніі Пецярбургскай, чытала і плакала – так яна яе расчуліла. Пайшла ў храм, доўга малілася перад яе іконай і прасіла, каб яна дапамагла ўладкаваць асабістае жыццё яе дачкі. І паабяцала, што калі здарыцца цуд, абавязкова паедзе на Смаленскія могілкі ў Пецярбургу і закажа малебен у знак падзякі.

Праз тры месяцы дачка атрымала прапанову рукі і сэрца ад дастойнага мужчыны, цяпер у яе ўсё добра, двое дзетак. А маці, як і абяцала, паехала ў Пецярбург, аддзякавала святую.  

Валянціна Нікіфараўна расказвае падобныя гісторыі паломнікам, лічыць, што людзі павінны ведаць пра цудадзейныя справы. А яшчэ не стамляецца напамінаць: «Перш чым нешта прасіць ва Усявышняга, не забывайцеся падзякаваць яму за бясцэнны падарунак – сваё жыццё. І калі будзеце пра гэта памятаць, заўсёды будзеце ведаць, як і з чым звяртацца да Бога…».

Анжаліка Крупянькова ("Маладзечанская газета")

Рубрики: Активный Туризм Экскурсии

Страны: Беларусь

Компании: Молодечненский региональный туристический центр


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах