<p>Рэкламаваннем сваёй аграсядзібы гаспадары пакуль сур'ёзна не займаюцца.  Звычайна  людзі адно аднаму расказваюць пра дзівоснае месца, што  знаходзіцца ў 12 км ад  Жыткавічаў/</p>

Сядзібу "Нязведаны рай" Таццяна Масла прымае ад бацькі ў спадчыну. Ён відавочна рады, што справа пераходзіць у надзейныя рукі. Аляксандр Масла — вядомы на Палессі рэзчык па дрэве. Яго драўлянымі скульптурамі аздоблены многія тэрыторыі, рэльефныя драўляныя карціны прысутнічаюць у інтэр'еры многіх сядзіб. У Белавежскай пушчы ім упрыгожана рэзідэнцыя Дзеда Мароза, у Нацыянальным парку "Прыпяцкі" — таксама хапае яго работ. Майстар мае свой почырк, таму яго казачных звяроў пазнаюць літаральна "па твары". Вось і Таццяна, хоць быццам бы не жаночая гэта справа — па дрэве рэзаць, ад бацькі пераняла захапленне, якое стала і прафесіяй. Праўда, працуе яна пакуль з дзецьмі ў мясцовым Доме культуры. Астатні час займае сядзіба, якая на жыткавіцкай зямлі стала даволі вядомай. Пасля таго, як сюды, у двухпавярховы дамок на пяць пакояў з усімі выгодамі, размешчаны ў вёсцы Сяменча, пачалі ездзіць госці адпачываць і любавацца творамі гаспадара.

Аляксандр Лявонцьевіч скупы на разважанні. Гаворыць, што ў іх родзе ўсе майстрамі былі. Бацька яго быў і бондар, і сталяр, і каваль, і адначасова абутак рабіў прыгожы. Сам Аляксандр у дзяцінстве шмат маляваў. Асабліва любіў карыкатуры. Сёння работы Аляксандра Маслы разыходзяцца па свеце вельмі хутка, набываюць новых гаспадароў, якія перадаюць адно аднаму весткі аб каларытным майстры з глыбінкі. Таму і працуе ён з самай раніцы, якая ў яго пачынаецца на досвітку. Гэты заробак — асноўная крыніца даходаў, і з яе яны перацякаюць у сядзібу, якая толькі зараз становіцца прыбытковай для гаспадароў. Хоць афіцыйна аграсядзіба заснавана яшчэ ў 2007 годзе. Цяпер тут ёсць усё, што неабходна для ціхага адпачынку на прыродзе: сажалка з карпамі, добрая кухня, лазня, більярд, шашлык, спадарожнікавае ТБ. Сядзіба знаходзіцца за 5 км ад возера Чырвонае і за 25 км — ад возера Белае. Вадаёмы і лес побач, для аматараў, зразумела, і рыбалка, і ціхае паляванне будуць арганізаваны. А яшчэ паходы і магчымасць знаёмства з мясцовымі гістарычнымі помнікамі, якімі багата жыткавіцкая зямля.

— Побач жа і Нацыянальны парк "Прыпяцкі", і старажытны Тураў, і жамчужына нашага краю — возера Чырвонае, — нагадвае Аляксандр Лявонцьевіч.

Ёсць тут, на тэрыторыі аграсядзібы, нават свой музей. Так, сапраўдны музей твораў Аляксандра Маслы. Дарэчы, жывёліны, што знаходзяцца ў музеі (а пад яго прыстасавана вялізнае памяшканне на тэрыторыі сядзібы) зроблены не толькі з дрэва. У руках Аляксандра Лявонцьевіча нават смецце ператвараецца ў цуды мастацтва. А металічныя адыходы — тым больш. Таму тут і пеўні казачныя да бойкі рыхтуюцца, і ваўкі выюць (фота), і дыназаўры-цмокі зверху назіраюць, і слімакі поўзаюць, і анёлы спяваюць, і рэтрамабілі дзіўныя вачамі-фарамі падміргваюць. Нават супрацоўніца прэс-службы абласнога ДАІ Кацярына Радзівонава праверыла тэхнічны стан машыны і пераканалася ў надзейнасці тэхнікі (фота). Дарэчы, машына сапраўды рухаецца без праблем і многія жадаюць здзейсніць прагулку на гэтым "кабрыялеце".
рай 1

Ёсць чаму здзіўляцца — фантазіі майстра, які заразіў сваім захапленнем не толькі дачку, але і рабочых, што зараз дапамагаюць Аляксандру Лявонцьевічу. Вось і Таццяна зусім не шкадуе, што пасля вучобы спачатку ў мастацкім вучылішчы Мінску, а потым у Гродзенскім універсітэце вярнулася дадому, у палескую глыбінку:

— Пастаянна людзі едуць, стасункаў хапае. На некалькі дзён прыязджаюць. Так што клопатаў вышэй за галаву. Толькі што ад'ехалі 12 чалавек, чакаем наступную групу. Пакуль нават цэны не змянілі: 40 тысяч з чалавека за дзень атрымліваецца.

Аляксандр Лявонцьевіч вядзе ў рыцарскую залу. Гэтая банкетная зала, дзе можна праводзіць самыя розныя вялікія святы, упрыгожана сапраўдным камінам, які "ахоўваюць" рыцары. Па сценах, як і трэба, — паляўнічыя трафеі. Практычна ўсё, як і паўсюль на тэрыторыі сядзібы, зроблена рукамі гаспадара. Аляксандр Лявонцьевіч душу ўкладвае ў кожную сваю работу. Ніхто не ведае, як вобразы нараджаюцца, як кампазіцыя будуецца. Ён проста жыве ў сваім свеце дзіўных жывёл. І дорыць яго нам. Прынамсі, за плячыма няма спецыяльнай мастацкай адукацыі. Завочна ён скончыў Мазырскі педінстытут па спецыяльнасці "Чарчэнне і маляванне". Колькі работ зрабіў за жыццё? Яму і ў галаву не прыходзіла спрабаваць лічыць. І ўсе — любімыя. Праўда, кажа, з дрэвам усё ж больш падабаецца працаваць, асабліва з дубам:

— Цвёрды матэрыял дуб, але ж лепш захоўваецца, хоць і складана з ім працаваць.

рай 2

Тут і не дзіўна: гаспадар сам нагадвае менавіта дуб. Вялікі, камлюкаваты, які вельмі ўпэўнена трымаецца на зямлі і карані пускае далёка-глыбока. Дарэчы, побач яшчэ адзін "дубок" — трохгадовы ўнук Уладзіслаў, які ўжо ўмее трымаць у руках малаток. І яму гэтая справа таксама падабаецца. Што тычыцца сваёй аграсядзібы, то Аляксандр Лявонцьевіч лічыць, што гэты вясковы бізнэс можа стаць урэшце прыбытковым для глыбінкі:

— Цяпер ёсць самыя першыя вынікі. З часам апраўдае.

Рэкламаваннем сваёй аграсядзібы гаспадары пакуль сур'ёзна не займаюцца. Звычайна людзі адно аднаму расказваюць пра дзівоснае месца, што знаходзіцца ў 12 км ад Жыткавічаў. Ад Гомеля будзе, відаць, прыкладна столькі ж, колькі і ад Мінска — каля 250 км. Аднак многія знаходзяць звесткі аб аграсядзібе ў інтэрнэце. З улікам развіцця электроных тэхналогій, "Нязведаны рай" — не такі ўжо і далёкі. Больш за 80 спасылак на адным з пашукавікоў ёсць ужо сёння. Неўзабаве гаспадары і сайт свой плануюць стварыць.

Прынамсі, экскурсіі, калі трэба, не толькі на роднай мове, але і па-англійску або па-нямецку праводзіць Ганна Канстанцінаўна, жонка гаспадара. Госці высока ацэньваюць адпачынак і цёплы прыём, а маладыя часта прыязджаюць сюды спецыяльна — каб фатаграфавацца на фоне самабытных твораў палешука Аляксандра Маслы.

Iрына Асташкевич ("Звязда"). Фота аўтара.