https://www.traditionrolex.com/8
<p>Напярэдадні Купалля – аднаго з важных святаў нашых продкаў, якое адзначаецца і па сённяшні дзень, – мы вырашылі паразмаўляць з экспертам у галіне беларускіх традыцый, выкладчыкам кафедры этналогіі і фальклора БДУ культуры і мастацтваў Анастасіяй Гулак.</p>

Напярэдадні Купалля – аднаго з важных святаў нашых продкаў, якое адзначаецца і па сённяшні дзень, – мы вырашылі паразмаўляць з экспертам у галіне беларускіх традыцый, выкладчыкам кафедры этналогіі і фальклора БДУ культуры і мастацтваў Анастасіяй Гулак.

– Што сімвалізавала свята Купалля ў нашых продкаў?

22222– Сцісла адказаць на гэтае пытанне нялёгка. Карані свята настолькі глыбокія, а традыцыі яго ўвабралі ў сябе столькі, што расказаць аб Купаллі – фактычна будзе значыць раскрыць усю сутнасць традыцыйнай беларускай культуры.

Амаль усе даследчыкі сцвярджаюць: Купалле – гэта старажытнае свята, прымеркаванае да дня летняга сонцастаяння, з якім у нашых продкаў атаясамліваўся найвышэйшы росквіт прыроды. Галоўнымі тут былі абрады ў гонар бога Перуна (Сонца). У сваіх рытуалах і тэкстах Купалле ўвасобіла ў сабе традыцыі пакланення нашых продкаў агню, вадзе, зямлі (урадлівасці) і расліннасці.

Старажытнае Купалле – гэта найпрыгажэйшая сімфонія, якая яднае прыроду і чалавека, дзень і ноч, неба і зямлю, агонь і ваду, Яе і Яго.

Астранамічнае летняе сонцастаянне адбываецца 19–21 чэрвеня, і можна з упэўненасцю меркаваць, што язычнікі святкавалі Купалле менавіта ў гэтыя дні. Пасля прыняцця хрысціянства, проста кажучы, язычніцкім святам пачалі прыпісваць імёны хрысціянскіх святых, надаючы ім новы сэнс. Да святкавання Купалля паступова быў прымеркаваны дзень Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня ў каталікоў), Іаана Прадцечы (7 ліпеня ў праваслаўных беларусаў). Таму сёння аматары народнай культуры святкуюць Купалле двойчы: і ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, і з 6 на 7 ліпеня. На мой погляд, гэта не з'яўляецца парушэннем традыцыі, а наадварот, садзейнічае яе захаванню.

– Якія традыцыі і абрады існавалі на беларускіх землях у Купальскую ноч?

– Купальскія абрады вельмі старажытныя. Кароткія згадкі пра іх сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах яшчэ ў ХІІ ст., крыху больш інфармацыі можна знайсці ў хроніках ХІV-ХV ст. Аднак ім нельга цалкам давяраць. Трэба мець на ўвазе, што аўтарамі твораў аб язычніцкіх абрадах былі хрысціянскія манахі, якія знаходзіліся ў супрацьлеглым «ідэалагічным» лагеры. Толькі па запісах збіральнікаў народных традыцый XIX – пачатку XX ст. і па даследаваннях сучасных навукоўцаў мы можам меркаваць, якія ж існавалі ў Беларусі традыцыі і абрады Купалля.

Вядома, што вечарам напярэдадні свята моладзь наладжвала масавае шэсце па вуліцах вёскі. Удзельнікі ўпрыгожвалі сябе зелянінай, падпярэзваліся палыном і з песнямі, воклічамі падыходзілі да кожнай хаты, запрашаючы ўсіх на Купалле. Пасля абыходзілі жытняе поле з мэтай засцеражэння нівы ад засухі і злога чаравання. Адтуль купальскі гурт на чале з Купалкай выходзіў з сяла. Святкаванне звычайна адбывалася на традыцыйным месцы, на якім вясковая абшчына яшчэ са старадаўніх часоў адзначала найбольш важныя падзеі. Часцей за ўсё такімі месцамі былі бераг ракі ці возера. Грамада падыходзіла да раскладзенага вогнішча. Трэннем здабывалі жывы агонь. Усю ноч спявалі песні, вадзілі карагоды, ладзілі гульні. Пазней скакалі праз вогнішча, каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл, і парамі ішлі шукаць папараць-кветку. Значнай дзеяй Купалля было спальванне ў вогнішчы ці патапленне ў вадзе выявы Купалкі (Мары, ці Марэны). У гонар сонца на шастах або спускаючы з гары падпальвалі прасмоленае кола. Ачышчаліся вадою: абліваліся, ныралі з берага, купаліся.

Варажба на Купалле таксама адыгрывае значную ролю.

– Якія існавалі варожбы?

– Спробай зазірнуць у будучае, прадбачыць яго, разгадаць знакі, якія пасылае прырода, прасякнуты практычна ўсе абрады і гульні моладзі. Праз магічныя абрады шукалі адказы на пытанні, якія турбуюць моладзь усіх часоў: калі чакаць шлюбу, як яго паскорыць, як забяспечыць працяг роду. З гэтымі праблемамі нашы продкі звярталіся да духаў агню і вады.

Скокі парамі праз агонь таксама былі варажбою: калі рукі маладых не разыдуцца або ўслед ім паляцяць іскры, тады яны ажэняцца. Вянок, як зараз фата, быў галоўным сімвалам вяселля. Вядома, што дзяўчаты на Купалле плялі вянкі з кветак і пускалі іх у ваду. У які бок аднясе вада вянок, у той бок дзяўчына і пойдзе замуж. Мяркуюць, што абрад кідання вянка ў купальскай абраднасці ў час, калі прырода знаходзіцца ў стане найбольшага росквіту, сімвалізуе гатоўнасць дзяўчыны да ўступлення ў шлюб.

Сярод распаўсюджаных былі і варожбы па ўбачаным у сне. Для іх выкарыстоўваліся пэўныя рэчы ці пясок, трыпутнік, некаторыя кветкі. Гэтыя рэчы звычайна клаліся пад падушку. Раніцай убачанае ў сне інтэрпрэтавалася дзяўчынай у тым ці іншым сэнсе. Тут поле для творчасці вельмі вялікае. Можна імправізаваць!

– Ці праўда, што купальская ноч лічылася часам вольных сэксуальных адносінаў?

– Верагодна. Аднак не трэба перабольшваць значэнне гэтага пытання, бо «свабодныя сэксуальныя адносіны» не вызначалі галоўны сэнс абраду.

– Ці былі спецыяльныя стравы, якія гатавалі на Купалле?

– Як відаць з тэкстаў купальскіх песень і з этнаграфічных апісанняў, на Купалле гатавалі варэнікі з грэцкай мукі, верашчаку, кулагу, яешню. Часта ўзгадваецца ў песенных тэкстах словазлучэнне "белы сыр". Ужывалі ў гэтую ноч таксама цыбулю і часнок, каб адагнаць нячысцікаў, пілі квас, піва, крупнік (мядова-зёлкавы напой), гарэлку.

– Ці сустракаюцца ў сучасных звычаях святкавання купальскай ночы рэшткі старажытных абрадаў?

– Безумоўна, пад уздзеяннем часу народная свядомасць і традыцыі змяніліся. Звычайныя ў мінулым рэчы і ўяўленні зніклі або існуюць ў іншым выглядзе. Сучаснае Купалле не захавала многія свае спевы, страцілася і яго сельскагаспадарчая складаючая. Не кожны прыгадае сёння нават назвы купальскіх зёлак – браткі, багаткі, валошкі, рамонкі, салодка, канюшына, чабор, канапляны цвет, рута. Толькі спецыялісты, якія рэканструююць абрад, могуць увасобіць у сучасным свяце абрадавыя дзеянні Купалля. Аднак я ўсё ж бяруся сцвярджаць, што сутнасць гэтага свята ў агульных рысах захавалася да нашых дзён: устойлівыя павер'і пра магічную сілу купальскага агню, пра кветку папараці, пра нячысцікаў, рознага роду духаў і дэманаў, якія ладзяць у купальскую ноч свой баль. Таксама ўстойлівае павер'е аб тым, што на Купалле сонца ў час узыхода пачынае іграць, пералівацца рознымі колерамі. Не знікла ў нашы дні абрадавае купанне з мэтай ачышчэння, варажба на вянках.

У чароўнай сіле народнай традыцыі і з'яднанасці чалавека з прыродай пераканаецца кожны, хто далучыцца да начной купальскай таямніцы!

https://www.traditionrolex.com/8