https://www.traditionrolex.com/8
<p>У межах грамадскай штогадовай акцыі «Фэст экскурсаводаў» адбыўся першы роварны шпацыр па мінскіх гарадскіх ваколіцах.</p>

Напэўна, і жук і жаба вам сёння распавядуць, якія неверагодна цудоўныя экскурсіі на роварах праводзяцца за мяжой ва ўсіх еўрапейскіх гарадах – акрамя Мінска. Непарадак. Чаму б не праводзіць? Узяць ровары напракат для турыстаў – няма праблем (такіх пракатаў зараз хапае), прапанаваць замежным турыстам велапраменад замест традыцыйнага аўто – толькі задаволеныя будуць, яны ж звыклыя да такога...

Але нарэшце бахнула і ў нас! У межах грамадскай штогадовай акцыі «Фэст экскурсаводаў» адбыўся першы роварны шпацыр па мінскіх гарадскіх ваколіцах. Маршрут і тэма – мясціны і справы Караля Чапскага, гарадскога галавы на перыяд 1890–1901 гг. Пілотны выезд быў здзейснены яшчэ ў пачатку мая, але з-за халадэчы ўсё тады прайшло даволі камерна. Але ў гэты чацвер, 30 ліпеня, урэшце адбыўся доўгачаканы паўтор таго велапраменаду. Пасля збору каля помніка Багдановічу перад Оперным недзе дваццаць «вершнікаў на жалезных конях» рушылі да піўзавода «Аліварыя», які калісьці належаў Чапскім. Затым быў Губернатарскі сад (парк Горкага), дзе Чапскі наладзіў сапраўдны спорт-цэнтр з велатрэкамі, затым – ужо напаўразбураная старая электрастанцыя каля цырка (менавіта пры Чапскім у Мінску з’явілася электрычнасць), Новае места (раён Купалаўскага тэатра, адчыненага пры Чапскім), набярэжная Свіслачы, дзе знаходзіўся дабрачынны ламбард і прытулак для бяздомных, арганізаваныя Чапскім...

велики

Фінішавалі сімвалічна ля Ратушы, з ідэйным падсумаваннем. Акрамя аповеду пра добры дзесятак гарадскіх праектаў Чапскага, якія вывелі Мінск на ўзровень еўрапейскіх сталіц, экскурсавод гаманіў пра ровары ў Мінску XIX ст., пра Міхала Дзевачку – шматкратнага чэмпіёна ўсерасійскіх і міжнародных роварных спаборніцтваў канца XIX ст., працаўніка мінскай чыгункі.

Народ «лавіў кайф». Відавочна было, што задаволены. Надвор’ем, ідэяй, тэмай. Выказаліся за працяг велашпацыраў, за папулярызацыю «роварнай» гісторыі Мінска, а таксама за велапрабег у Станькава (пад Дзяржынскам) – родны маёнтак Чапскіх, дзе захаваліся рэшткі палацавага комплексу ў старым парку. Абмеркаванне вырашылі працягнуць у суполцы «вКонтакте»...

P.S. Чаго не хапала? Веласцежак! Незакончаным гештальтам таксама стала нявыпітая пасля экскурсіі бутэлька «Аліварыі». А так... Нават спецназавец у Аляксандраўскім скверыку абяцаў далучыцца – як толькі ў яго з’явіцца ровар.

https://www.traditionrolex.com/8