https://www.traditionrolex.com/8
<p>Прайшоў 11-ы турысцкі злёт філіялаў ААТ “ААБ “Беларусбанк” Гомельскай вобласці.</p>

 

На Петрыкаўшчыне прайшоў 11-ы турысцкі злёт філіялаў ААТ “ААБ “Беларусбанк” Гомельскай вобласці. 15 каманд з розных рэгіёнаў Гомельшчыны прыехалі ў ваколіцы аграгарадка Ляскавічы, каб весела адпачыць у найпрыгажэйшых мясцінах Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, паспрачацца ў спартыўных конкурсах і выпіць кубак найсмачнейшай юшкі, зваранай на вогнішчы з толькі што злоўленага ў водах прыгажуні-Прыпяці дзёрзкага акуня.

Праграма злёту сёлета мела спартыўны ўхіл і ўключала ў сябе спаборніцтвы па розных відах спорту. З трох дзён здаровага адпачынку на ўлонні прыроды, а гэта з 8 па 10 ліпеня, самай, бадай, насычанай азартам спартыўнага спаборніцтва была субота. У гэты дзень адбылася большасць мерапрыемстваў праграмы злёту. Настольны тэніс, рыбалка, міні-футбол, дартс, шашкі і шахматы, спартакіяда кіраўнікоў, лёгкаатлетычнае мнагаборства, нават плаванне, што з улікам падазрона “слізкага” надвор’я першапачаткова выглядала чымсьці з катэгорыі трэніровак касманаўтаў, а насамрэч прайшло з сапраўдным адрэналінавым вадаспадам. Калі зірнуць на пералік гэтых спартыўных відаў, то смела можна раўняць мінулы злёт з самай сапраўднай алімпіядай, дзе, зразумела, былі і свае чэмпіёны, якія падкрэслілі, што патэнцыял чалавечых здольнасцяў насамрэч невычарпальны і не абмяжоўваецца толькі шэрагам лічбаў на экране калькулятара.

Несалодка давялося судзейскай брыгадзе, якую склалі трэнеры, настаўнікі і супрацоўнікі нашых устаноў адукацыі і спорту Сяргей Шпак, Сяргей Елька, Міхаіл Сухарэнка, Генадзь Петрушэнка, Сяргей Карасевіч, Мікалай Хамец, Дзмітрый Мазырка, Аляксандр Буднік, Ігар Шастапалаў, Уладзімір Кульба, Уладзімір Блінец, Валянціна Глушко і галоўны суддзя злёту – Аляксей Каюкала. Як адзначыла на ўрачыстым закрыцці мерапрыемства начальнік абласнога ўпраўлення банка Таццяна Міхайлоўская, спаборніцтвы па дзевяці відах спорту сярод 420 удзельнікаў былі праведзеныя на высокім узроўні і бездакорна!

Дарэчы, і нешматлікая дружына Петрыкаўскага цэнтра банкаўскіх паслуг не засталася без узнагарод. Па выніках спаборніцтваў па шахматах Валерый Шпігановіч заняў другое месца, а Наталля Сінчанка была трэцяй у спаборніцтвах па шашках. У петрыкаўскай каманды восьмае месца ў агульным заліку – самая, што называецца, залатая сярэдзіна.

Перамогу ж у злёце святкавалі банкаўскія работнікі абласнога ўпраўлення. Другое месца заняла каманда мазырскага філіяла №317, трэцяе – філіяла №322. 12-ы летні абласны турзлёт банкаўскіх работнікаў наступным годам прыме Мазыр.

Ва ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця і закрыцця абласнога турысцкага злёту прынялі ўдзел намеснікі старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Віталь Пілер і Генадзь Панамарэнка.

У. ЕСІПАЎ

Источник: "Петрыкаўскія навіны"

https://www.traditionrolex.com/8