https://www.traditionrolex.com/8
<p>“Рыхтуй сані летам” – вырашылі ўдзельнікі рыбалоўнага клуба “Перакат” з Мінска і прыехалі ў Тартак у якасці валанцёраў.</p>

“Рыхтуй сані летам” – вырашылі ўдзельнікі рыбалоўнага клуба “Перакат” з Мінска і прыехалі ў Тартак у якасці валанцёраў.

Як паведамляе "Астравецкая праўда", “перакатчыкі” “валанцёрылі” на нашых рэках у лістападзе-снежні мінулага года: аберагалі ад браканьераў кумжу і ласося, якія прыходзілі на нераст у нашы маленькія рачулкі з Балтыкі. Да чарговага нерасту яшчэ далёка, але маладыя людзі з рыбалоўнага клуба ведаюць праблемы, якія падсцерагаюць “чырвонакніжніц” на нашых рэчках. Асноўная з іх – бабровыя плаціны, якія рыбам з-за мелкаводдзя рачулак не ўдаецца пераадолець. Менавіта з імі, папярэдне ўзгадніўшы свае дзеянні з раённай інспекцыяй аховы навакольнага свету, і вырашылі змагацца хлопцы.

Валанцёры разбілі свае палаткі ў Тартаку пад крылом “галоўнага адваката” ласосевых Вацлава Блажэвіча. Апрануўшы рыбацкія боты, яны заходзяць у рэчку ад месца ўпадзення яе ў Вілію і ідуць па вадзе да вытокаў, па дарозе разбураючы бабровыя дамбы.

Намаганнямі валанцёраў з клуба “Перакат” ачышчана большая частка ракі Сянканка, далей у планах – Дудка.

Гледзячы на дзеянні сталічных гасцей, не вытрымалі і мясцовыя жыхары: Вацлаў Блажэвіч арганізаваў сваю каманду, якая знішчыла плаціны на рэчцы Тартак.

– Мы разумеем, што аднавіць плаціну для баброў не складана, – кажа кіраўнік і каардынатар акцыі Ніна Палуцкая. – І таму хочам падрэгуляваць іх колькасць. У верасні, калі адкрыецца паляванне на баброў, зноў жа пасля ўзгаднення з раённымі эколагамі і аддзяленнем таварыства паляўнічых і рыбаловаў, мы збіраемся арганізаваць здабычу бабра на Тартаку і Нідзянцы. У рыб-“чырвонакніжніц” пашырыцца прастора для нерасту. А гэта проста неабходна, таму што ў мінулым годзе з-за абмежаванасці тэрыторыі кумжы нярэдка разбуралі гнёзды сваіх супляменніц, каб мець магчымасць  аднераставаць.

Застаецца дадаць, што акцыя адбываецца ў рамках праекта “Захаванне атлантычных ласосяў”, а сам праект падтрымліваецца Швецыяй.

Ганна ЧАКУР

https://www.traditionrolex.com/8