https://www.traditionrolex.com/8
<p>У Браславе вырашылі  крыху адступіць ад традыцыйнага правядзення аднаго свята  рамёстваў, а  замест яго ў пік турыстычнага сезона наладзіць некалькі  кірмашоў</p>

Як паведамляе "Браслауская звязда":

Яшчэ 10 год таму назад у Браславе пачалі праводзіць свята рамёстваў. Часцей за ўсё на яго запрашалі рыцарскія клубы. Галоўнымі ж героямі свята былі народныя майстры раёна, якія на імправізаваных выставах дэманстравалі свае вырабы, прадавалі іх. У апошнія гады, расказала мне Наталля Парахневіч, кіраўнік клуба “Ля возера”, у раёне праходзіць новае мерапрыемства – “Меч Брачыслава”. Там усе жадаючыя могуць паглядзець на рыцараў, іх турніры, даведацца пра гісторыю краю.

Вось і вырашылі крыху адступіць ад традыцыйнага правядзення аднаго свята рамёстваў, а замест яго ў пік турыстычнага сезона наладзіць некалькі кірмашоў.Тым самым больш людзей, асабліва турыстаў, змогуць паглядзець і, магчыма, набыць вырабы народных умельцаў Браслаўшчыны.

Кірмаш, на які трапіла я ў мінулую нядзелю, здзівіў мяне не раз. Першае, што кінулася ў вочы, калі пад’язджала на аўтамабілі да Дома рамёстваў, – вялікая колькасць транспарту ўздоўж дарогі. Звярнула ўвагу і на нумары аўтамабіляў: у асноўным мінскія, расійскія, латышскія і літоўскія. Напэўна, вырабы нашых майстроў вядомыя і запатрабаваныя і за мяжой.

Другое, што ўразіла, – актыўнасць наведвальнікаў кірмашу. Яны з задавальненнем ляпілі з гліны разам з Аленай Жэбрык, якая праводзіла майстар-клас па глінянай пластыцы (на здымку). За вялікім сталом нават не хапала месца для усіх жадаючых зрабіць гліняную цацку або свістульку. З цікавасцю ўсе назіралі за дзеяннямі Ларысы Дарафейчык, што шчыравала за ганчарным колам. Многіх прываблівала мэбля, сплеценая з лазы Уладзімірам і Сяргеем Лук’янцамі. Ім пакупнікі задавалі сотні пытанняў пра працэс вырабу цуда-мэблі. Жанчыны прымяралі паясы, зробленыя рукамі Людмілы Рулевіч і яе сына. Нямала было ахвочых набыць вырабы з бісеру Антаніны Жураўлёвай і Аксаны Гурынавай.

Своеасаблівы настрой у атмасферу свята ўносіў Андрэй Сахноўскі. Ён іграў на гармоніку і весяліў народ. Андрэй Андрэевіч на кірмашы таксама плёў рыбацкія сеткі. Непадалёк ад яго разгарнуў вялікую экспазіцыю прафесіянальны мастак Мікалай Стас з Мінска. Майстрыха Вера Маліне родам з Браслава, якая зараз жыве ў Латвіі, прыязджае падзяліцца з браслаўскімі майстрамі адметнай методыкай лозапляцення. На кірмашы рамёстваў яна дэманстравала свае вырабы.  
Парадавала і тое, што арганізатары свята паклапаціліся пра наведвальнікаў: побач з выставай можна было падсілкавацца ў гандлёвай палатцы райпа, пасмакаваць гарачыя булачкі з печкі хлебазавода і наталіць смагу халодным квасам.

На кірмашы рамёстваў кожны змог знайсці штосьці цікавае для сябе, набыць патрэбныя рэчы. А тых, хто яшчэ не трапіў на кірмаш, але зацікавіўся ім, арганізатары запрашаюць наведаць наступны – 14 жніўня.

Вольга Патаповіч

https://www.traditionrolex.com/8