<p>…Іркуцк. Усходнесібірскі горад з насельніцтвам больш за паўмільёна   чалавек, які стаіць непадалёк ад унікальнага, вядомага на ўвесь свет   возера Байкал. І ці мог хто з нас нават уявіць, што ў гэтым далёкім ад   нас краі — адно з самых вялікіх беларускіх культурных таварыстваў у   Расіі?</p>

…Іркуцк. Усходнесібірскі горад з насельніцтвам больш за паўмільёна чалавек, які стаіць непадалёку ад унікальнага, вядомага на ўвесь свет возера Байкал. І ці мог хто з нас нават уявіць, што ў гэтым далёкім ад нас краі — адно з самых вялікіх беларускіх культурных таварыстваў у Расіі?

Як паведамляе "Полоцкий вестник":

Алег Рудакоў нарадзіўся ў вёсцы Бяздзедавічы Полацкага раёна. Ваеннае вучылішча, потым — армія, пасля — гістарычны факультэт Іркуцкага дзяржаўнага ўніверсітэта… Жыццё склалася так, што Алег Васільевіч застаўся ў Расіі. Але ён не забыўся на свае беларускія карані. З 1996 года і па сённяшні дзень Алег Рудакоў узначальвае Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Пры таварыстве працуюць дзіцячыя і маладзёжныя клубы, творчыя згуртаванні, музей-майстэрня «Беларуская хатка», а таксама адзіная ў Расіі бібліятэка беларускай літаратуры. Беларусы Прыбайкалля ладзяць самыя розныя мерапрыемствы: ад творчых сустрэч да вялікіх фестываляў беларускай культуры, прысвечаных нацыянальным святам: Купаллю, Гуканню вясны, Дзядам, Калядам… Таварыства выпускае свой інфармацыйны бюлетэнь «Маланка».

12-irkuck6

Не аднойчы ўжо Алег Рудакоў прыязджаў у Беларусь. Сёлета таварыству споўнілася 15 год, і яго кіраўнік зноў зладзіў падарожжа на радзіму. На гэты раз з ім прыехалі ўдзельніцы ансамбля «Крывічы» пад кіраўніцтвам Вольгі Галанавай. Падчас візіту ўсходнесібірскія беларусы наведалі Нясвіж, Мір, Навагрудак, Гродна, а таксама прынялі ўдзел у фестывалі беларускай культуры ў Мінску і Віцебску.

Сустрэча з палачанамі адбылася ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур цёплым ліпеньскім вечарам. Пазнаёміцца з беларусамі, якія жывуць за шэсць тысяч кіламетраў ад нашай краіны, прыйшлі як дарослыя, сталыя людзі, так і моладзь. Былі нават бацькі з маленькімі дзецьмі! Намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Галіна Барадуля павітала іркуцкіх гасцей і ўручыла кожнаму імянны сертыфікат, які сведчыць аб наведванні геаграфічнага цэнтра Еўропы. Алег Васільевіч расказаў пра таварыства, прадэманстраваў відэасюжэты, якія пра іх здымалі мясцовыя тэлеканалы (Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Яна Чэрскага зацікавіліся нават карэспандэнты «Рен-ТВ»). Палачане са здзіўленнем глядзелі, як у расійскай глыбінцы святкуюць Купалле і Гуканне вясны, скачуць праз вогнішча і спальваюць саламянае пудзіла.

…А потым заспявалі «Крывічы». Гэта было насамрэч цудоўна! Беларускія народныя песні яны збіраюць ужо шмат год. Моцныя галасы, сапраўдная беларуская гаворка… Гэта трэба было чуць: вымаўленне кожнага гуку, кожная нота, кожнае шматгалоссе ў песнях былі менавіта такімі, як спявалі нашы продкі. Творчае прывітанне беларусам Прыбайкалля перадаў ансамбль «Полацкія россыпы». Гучалі гармонікі, бубен, трашчотка…

Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з іркуцкімі беларусамі падзяліўся выкладчык Полацкага дзяржуніверсітэта В.Д.Мятла: «…Вельмі добра, што ў такіх далёкіх ад нас мясцінах гучыць беларуская мова…»

12-irkuck4

Алег Рудакоў адказаў на пытанні прысутных на сустрэчы. Удзельніцы ансамбля «Крывічы» расказалі пра тое, што іх звязвае з Беларуссю і чаму яны зацікавіліся беларускай культурай.

Каля «Ў»

…Сапраўдны сімвал беларускай мовы — літара «Ў», памятны знак якой знаходзіцца на праспекце Францыска Скарыны ў Полацку. Менавіта туды накіраваліся ўдзельнікі сустрэчы. Яны ўзяліся за рукі і закружыліся ў вялізным карагодзе пад спевы «Крывічоў» і «Полацкіх россыпаў».

Сваю творчасць прадставілі ўсім сабраўшымся паэты літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» Змітрок Куніцкі, Алесь Замкоўскі, Феакціст Фядотаў, а таксама кіраўнік аб’яднання Мікалай Балдоўскі. Зноў спявалі… Напрыканцы сустрэчы кожны жадаючы змог зрабіць фотаздымак на памяць разам з беларусамі Прыбайкалля.

«Падобныя сустрэчы мне вельмі падабаюцца, — прызнаўся Алег Рудакоў. — Здаецца, што ты ў коле блізкіх сяброў. І гэта насамрэч цудоўна!»

…Цудоўна і тое, што ёсць у свеце людзі, дзякуючы якім беларуская культура жыве нават у такіх далёкіх ад нашай краіны месцах.

Ігар ПАЛЫНСКІ