https://www.traditionrolex.com/8
<p>Мінуў месяц з таго часу, як запусцілі першую ў Беларусі хуткасную электрычку.</p>

Цягнік швейцарскай кампаніі Stadler звязвае Заслаўе і Мінск. Разам з пасажырамі ў ім ездзяць супрацоўнікі аддзела сэрвіснага абслугоўвання УП «Беларуская чыгунка». Яны праводзяць анкетаванне, каб выявіць, што трэба зрабіць, каб забяспечыць камфортны праезд.

Старшыня аддзела Андрэй Кашко кажа, што пасажыры вельмі высока ацэньваюць новы цягнік. «Мы зусім не маем нараканняў ад пасажыраў. Людзі вельмі ўражаныя і хуткасцю цягніка, і ўнутраным змесцівам – зручныя крэслы, кандыцыянер, мінімальны шум пры руху. Многія ездзяць у Заслаўе, каб проста пабачыць, што гэта за цягнік такі новы», – паведаміў ён.

У новым электрацягніку 4 нізкападлогавых вагона. Адчыняюць і зачыняюць дзверы пасажыры самастойна, націснуўшы кнопку выхаду. У салоне ўстаноўленыя кандыцыянеры. Інфармацыйныя табло нагадваюць аб патрэбным прыпынку. За бяспекай пасажыраў сочаць не толькі супрацоўнікі міліцыі, але і камеры відэаназірання.

Ва ўпраўленні Белчыгункі кажуць, што пакуль электрычка працуе ў тэставым рэжыме. «Цягнік мусіць прайсці праверку на эксплуатацыю. Таксама мы прыглядаемся да патрабаванняў пасажыраў, каб у будучыні можна было масава запускаць такога кшталту цягнікі па новых маршрутах», – адзначыў намеснік старшыні вытворча-тэхнічнага аддзелу Андрэй Іваноў.

Вядома, што «Беларуская чыгунка» набыла яшчэ два цягнікі. Спачатку яны будуць ездзіць па тым жа маршруце, а ў будучым звяжуць сталіцу з іншымі гарадамі. Ва ўпраўленні чыгункі зараз распрацоўваюць новыя маршруты. Ёсць верагоднасць, што імі стануць гарады-спадарожнікі: Дзяржынск, Рудзенск і Смалявічы.

За месяц у гарадской хуткаснай электрычцы праехала больш за 40 тысяч чалавек. Каля 40% пасажыраў аддаюць перавагу менавіта новаму транспарту, мінуючы старыя цягнікі і маршруткі. Дарэчы, паездка ў адзін бок каштуе ўсяго 2 тысячы рублёў. Так што патрапіць у Заслаўе, каб убачыць цудоўныя краявіды, старажытную царкву і касцёл, або проста пракаціцца з вецярком, стала прасцей і хутчэй.

https://www.traditionrolex.com/8