https://www.traditionrolex.com/8
<p>У   фестываля   «Залессе  запрашае   сяброў»   хітрасны   падтэкст   —    заахвоціць   мясцовых   жыхароў   адкрыць  сваю  справу.</p>

Как сообщает «Народная газета»:

У фестываля «Залессе запрашае сяброў» хітрасны падтэкст — заахвоціць мясцовых жыхароў адкрыць сваю справу.

У мінулую суботу ў Залессі Смаргонскага раёна можна было пакаштаваць беларускай мачанкі, паспрабаваць адвару «для кахання» і пачуць замежныя гурты. Далёка не на кожнае свята вёскі прыязджаюць нават з суседніх населеных пунктаў і раёнаў, не кажучы пра іншыя краіны. А вось на фестываль-кірмаш «Залессе запрашае сяброў» завіталі госці нават з Расіі, Польшчы і Літвы. Бо, па-першае, свята гэтае даўно ўжо выйшла за межы мястэчка. А па-другое, Залессе заўсёды вабіла людзей. Шчырасцю жыхароў, маляўнічасцю краявідаў і, вядома, сваёй гісторыяй.

— Залессе — дзіўны куток Смаргоншчыны, які проста патрабуе свята, — расказаў «НГ» старшыня Залескага сельскага Савета Зянон Грышкевіч. — Традыцыйна штогод напачатку жніўня тут праводзіўся Дзень чыгуначніка. Два гады таму свята перарасло ў фестываль «Залессе запрашае сяброў». Мне прыемна яго арганізоўваць, хоць гэта і вельмі складана. Дапамагаюць райвыканкам, спонсары, у тым ліку мясцовыя прадпрымальнікі, — прызнаўся старшыня. Ён яшчэ не паспеў зняць фартушок, які дзяўчаты-вядучыя павязалі яму на адкрыцці фестывалю. І, было бачна, ні кроплі гэтага не саромеўся. Наадварот, адчуваў сябе гаспадаром на залескай зямлі, гасцінна сустракаючы людзей, якія ўсё прыбывалі і прыбывалі на свята.

Куратар праекта Ала Шыцікава, якую неяк удалося выхапіць з віхуры святочных падзей, расказала, што асноўная мэта фестывалю — аб’яднаць выхадцаў з Залесся, што жывуць не толькі ў нашай, але і ў іншых краінах — Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі...

— Думаю, у нас гэта атрымалася, — прызналася Ала Мікалаеўна. — Людзі прыязджаюць да нас з розных куткоў Беларусі і іншых краін. Залесцы апантаныя сваёй вёскай. Яны яе любяць, шануюць і ганарацца тым, што тут нарадзіліся.

Зелле для кахання

У неабыякавасці залесцаў да малой радзімы можна было ўпэўніцца на суботнім свяце. Свае падворкі на фестывалі арганізавалі асобна моладзь, чыгуначнікі і сілікатчыкі (Залессе лічыцца прамысловым мястэчкам). Амбулаторныя работнікі, якія жывуць і працуюць у вёсцы, здзівілі «аптэчкай». Тут можна было паспрабаць рознакаляровых напояў «для апетыту» і «для голасу», «ад сквапнасці» і «ад усіх напасцяў»... Асабліва папулярным сярод «хворых» аказаўся адвар «для кахання» ў бутэльцы-сэрцы.

А якія залесцы дружныя: падворкі рабілі нават цэлымі вуліцамі! Жыхары Савецкай, да прыкладу, арганізавалі міні-кірмаш «на хатку немаўлятку».

— У мінулым годзе ладзілі імправізаванае вяселле, сёлета — радзіны. Завабліваем гасцей на наш падворак песнямі ды смачнымі стравамі, — паказвае жыхарка вуліцы Савецкай Людміла Бандарэнка на стол з хатняй выпечкай. А побач — прылаўкі з беларускімі каўбасамі, поліўкай, мачанкай, квасам і медавухай.

Ала Шыцікава прызналася:

— Ідэя фестывалю мае крыху хітрасны падтэкст — заахвоціць залесцаў адкрыць сваю справу, новыя працоўныя месцы. Людзі напяклі ўсялякіх прысмакаў, прынеслі садавіну, сала... Тым самым яны павялічваюць сямейны бюджэт. Мне падаецца гэта вельмі важным у сённяшніх эканамічных адносінах. Калі ты вядзеш хатнюю гаспадарку і маеш які лішак, яго трэба прадаць.

Безумоўна, пад час свята можна было не толькі пачаставацца, але і набыць сувеніры, вырабленыя майстрамі народнай творчасці. Паглядзець выступленні калектываў і сольных выканаўцаў з Залесся, суседніх рэгіёнаў, а таксама этнаграфічнага калектыву «Цаглінкі» з Польшчы і фальклорнага гурта «Кірмаш» з Масквы.

Новае жыццё «Паўночных Афін»

Усе фестывальныя дзеянні адбываліся на пляцоўцы былога санітарнага комплексу. Чаму не на тэрыторыі сядзібы вядомага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара паланэза «Развітанне з радзімай»? Традыцыйна свята ладзілася менавіта там, але сёлета ў сядзібе праводзяцца рэстаўрацыйныя работы. І гэтаму нельга не парадавацца. Той, хто бываў у Залессі апошнія гады, бачыў, што будынкі сядзібнага комплексу паступова прыходзяць ва ўсё большы заняпад. Вядома, глядзець, як на вачах разбураецца такое багацце, далей было проста немагчыма.

Смаргонскі краязнаўчы музей, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя Агінскага і Саюз прадпрымальнікаў Беларусі стварылі дабрачынны фонд «Паўночныя Афіны» па рэканструкцыі і рэстаўрацыі сядзібнага комплексу. Ідэю фонда падтрымалі ў Літве і Польшчы. Залескі сельсавет прыняў удзел у праекце ЕС і Праграмы развіцця ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». Мяркуецца, еўрапейскі грант у рамках праграмы паспрыяе паўторнаму ператварэнню Залесся ў тыя Паўночныя Афіны, якімі мястэчка называлі ў пачатку ХІХ стагоддзя. Чакаецца, у Залессі будуць адноўлены старыя парк і сажалка, з’явяцца музейны комплекс, канцэртная зала і аранжарэя. Залесцы спадзяюцца, што аднавіць сядзібу ўдасца да 2015 года, калі будзе святкавацца 250-годдзе іх любага кампазітара.

Людміла МІНКЕВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8