<p>Свята-конкурс майстроў ганчарства адбылося ў мінулую суботу ў Івянцы</p>

Як паведамляе «Працоўная слава»

Нягледзячы на несуцяшальныя прагнозы сіноптыкаў, Івянец сустрэў гасцей і ўдзельнікаў свята цудоўным летнім надвор’ем: без дажджу, яскравым сонцам, а часам і прыемнай прахалодай. Ды і само месца правядзення мерапрыемства – былая сядзіба памешчыка Драгунцава з векавымі ліпамі, каменнымі будынкамі – не проста веяла даўніной, але і запрашала вярнуцца да традыцый, да напаўзабытага рамяства нашых продкаў. Дзевяць раёнаў вобласці прывезлі на конкурс сваіх майстроў.  На свяце пабывалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама В.У.Шчэцька і начальнік аддзела культуры А.Л.Акушэвіч.

За чатыры гадзіны, адведзеныя для спаборніцтваў, можна было ўвачавідкі пабачыць, як звычайны кавалак гліны ва ўмелых руках майстра ператвараецца ў прыгожую рэч. Усе зробленыя вырабы, а гэта каля 50 сапраўдных твораў мастацтва, былі выстаўлены на чатырох сталах, і не толькі члены журы, але кожны з прысутных мог ацаніць работу. Сярод вырабаў пераважала дробная пластыка, а вось на ганчарным коле працавалі толькі маладыя майстры з Івянца і майстар-прафесіянал Лагойскага раёна. Дарэчы, каля іх пастаянна збіралася самая большая колькасць прысутных.

гончар 2

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 47 чалавек, якія прадставілі звыш 60 работ. І ніводзін з канкурсантаў не застаўся незаўважаным журы. Вынікі былі падведзены па 11 намінацыях, у кожнай вызначыліся свае дыпламанты і лаўрэаты. Прыемна адзначыць, што ганчары з Івянца атрымалі 6 заслужаных узнагарод. Так, у намінацыі «За хуткасць, якасць і большую колькасць вырабаў за адведзены прамежак часу» дыпламантамі прызнаны тры маладыя керамісты: Сяргей Качына, Яўген Серафімовіч і Валерый Лапа, а лаўрэатам стаў Уладзімір Зялёнка. Максім Каробкін атрымаў дыплом у намінацыі «За лепшы выраб дэкаратыўнай глінянай пластыкі». Дыплом лаўрэата і каштоўны падарунак у намінацыі «Лепшаму сямейнаму калектыву ганчароў – майстроў-керамістаў» быў уручаны Алегу Капусту. А вось Ілля Андронаў, Ілля Дашко, Аляксей Мойса і Уладзімір Сасноўскі атрымалі заахвочвальныя дыпломы за ўдзел у конкурсе.

Гончар 3

Падводзячы вынікі, старшыня журы Я.М.Сахута адзначыў, што калісьці Івянец быў ганчарнай сталіцай, і ён павінен адрадзіць сваю былую славу. Бо менавіта тут жыве пераемнасць на сямейным узроўні, што дае магчымасць жыць і развівацца любому рамяству. Прыемна і тое, што большая частка ўдзельнікаў – гэта дзеці, некаторым з якіх усяго па 5-6 гадоў: здавалася б, яны і гліны ў руках яшчэ добра трымаць не ўмеюць, а якія прыгожыя цацкі вылепілі!

Свята гліны і агню праходзіла на Івянецкай зямлі ўжо ў трэці раз, таму невыпадкова прагучала прапанова і надалей праводзіць яго менавіта ў гэтым мястэчку. Дарэчы, ідэю падтрымала і кіраўніцтва Мінаблвыканкама. Больш таго, будзе прапрацоўвацца пытанне, каб у Івянцы наладзіць рэспубліканскае свята ганчарства, бо лепшага месца і жадаць не трэба.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Ігара ЛЯВІНСКАГА