https://www.traditionrolex.com/8
<p>Спіс ўдзельнікаў фестываля зацвярдзяць чыноўнікі.</p>

Спіс ўдзельнікаў фестываля зацвярдзяць чыноўнікі.

У Вільнюсе фестываль вулічных музыкаў праводзіцца ўжо пяць год. Ідэя фэста належыць вядомаму літоўскаму рок-музыканту і акцёру Андрусу Мамантавасу.

Асаблівасць свята заключаецца ў тым, што любы прафесіянал або аматар незалежна ад умення, узросту ці ад таго, якім музычным напрамкам ён аддае перавагу, можа ўзяць актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Рок, класіка, джаз, авангард, поп, тэхна, фолк гучаць у выкананні соцень інструментаў. Музыка, танцы, пантаміма, конкурсы і мастацкія выставы — культурнае жыццё проста віруе на вуліцах горада. Паглядзець на гэта прыязджаюць аматары мастацтва з усяго свету.

Сярод турыстаў заўсёды было багата беларусаў. І нашыя музыкі ўвесь час расказвалі пра гэты фестываль з зайздрасцю. Як вядома, у Беларусі граць на вуліцы не дазваляюць.

Але сёлета ўлады Мінску пайшлі насустрач жаданням жыхароў. Вулічны фестываль музыкі будзе праходзіць 10 верасня падчас святкавання Дня горада. Але як часта бывае, наш фестываль ад самага пачатку адрозніваецца ад таго, што закладалася ў канцэпцыю свабоднай вулічнай музыкі.

Арганізатары адразу абвесцілі – перш, чым паўдзельнічаць у фестывалі, трэба падаць заяўку. Яна размяшчаецца на адмысловым сайце. Тут удзельнік павінен указаць не толькі сваё імя і кантакты, але рэпертуар і нават творчую біяграфію. Як патлумачыла арганізатар свята Вераніка Паўлоўская, гэта патрэбна для таго, каб падзяліць музыкаў паводле стылю музыкі, а таксама разлічыць, колькі каму часу спатрэбіцца на выступленне. “Нам выдзялілі невялікую пляцоўку ў Траецкім прадмесці, таму важна ведаць, каго куды можна пасадзіць, – кажа яна. – Прыём заявак працягнулі да 30 жніўня, але ўжо зараз многія калектывы паведамілі пра сябе. Калі жадаючых будзе больш, чым можа змясціць пляцоўка, будзем адбіраць найлепшых выканаўцаў”.

Наконт рэпертуара асобных рэкамендацый не выказваюць, аднак звяртаюць увагу на тое, што адхіляцца ад узгодненага рэпертуара не трэба. На сёння большасць заявак паступіла ад калектываў, якія граюць рок-музыку. Заяўкі спачатку разгледзяць у камітэце БРСМ і Моладзевай палаце пры Гарадскім савеце. Пасля рашэнне трэба яшчэ ўзгадніць з упраўленнем культуры Менгарвыканкама.

Прэс-сакратар мінскай філіі БРСМ Максім Касцян адзначае, што ўзгадняць заяўкі трэба, каб пазбегнуць канфліктаў паміж музыкамі і падзяліць Траецкае прадмесце на розныя тэматычныя зоны. У Вільнюсе таксама збіраюць заяўкі з такой жа мэтаю, але калі хтосьці не паспеў або забыўся яе падаць, не бяда – сядай у любым свабодным кутку і грай сваю музыку. У Мінску так не атрымаецца. Арганізатары папярэджваюць: не паспеў падаць заяўку – можаш быць толькі слухачом. Для чаго ствараюцца такія фармальнасці, не зразумела. Але пачытаўшы анкету ўдзельніка, неўзабаве думаеш, колькі таленавітых музыкантаў адмовяцца ад удзелу проста з-за абсурднасці пытанняў: творчая біяграфія, прафесійная катэгорыя, удзел у міжнародных спаборніцтвах... Як гэта інфармацыя можа паўплываць на слухача? І, галоўнае, як яна спалучаецца з канцэпцыяй Андруса Мамантаваса наконт свабоднай вулічнай музыкі? Падаецца, што мінскі фестываль спрабуюць зрабіць стэрыльным.

https://www.traditionrolex.com/8