<p>Нядаўна літоўскія бізнэсоўцы вырашылі пазнаёміць свет з «пахам Літвы».  Яны стварылі нацыянальны водар – духі «Lietuvos Kvapas» («Пах Літвы»). Мы зрабілі невялікае апытанне, якім пахам можна зацікавіць турыстаў.</p>

Нядаўна літоўскія бізнэсоўцы вырашылі пазнаёміць свет з «пахам Літвы». Яны стварылі нацыянальны водар – духі «Lietuvos Kvapas» («Пах Літвы»). Прычым калі верыць рэкламе прадукцыі, гэта не проста парфума, а рэальная магчымасць «адчуць Літву». Пах уяўляе сабой сумесь бергамота, водару дзікіх кветак, імбіра, маліны і грэйпфрута. Ёсць таксама лёгкія адценні амбры, кедра, сандалавага дрэва і пачулі. Бутэлечка духоў каштуе 25 еўра. Разам з духамі прапануюць таксама араматычныя свечкі з тым жа пахам. Неўзабаве будуць выпушчаныя мыла і іншыя туалетныя прыналежнасці. Гэта можа здацца дзіўным, аднак прадпрымальнікі збіраюцца выпусціць новы нацыянальны брэнд.

Агульнавядома, што мядзведзі і гарэлка ў турыстаў асацыіруюцца з Расіяй, Швейцарыю ўяўляюць па шакаладзе і гадзінніках, а Ірландыю – дзякуючы гномам і Гінэсу. Літоўцы вырашылі таксама стаць вядомымі на ўвесь свет.

Мы зрабілі невялікае апытанне: а які нацыянальны водар адметны ў нас і можа зацікавіць турыстаў?

Мікалай Чырскі, старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў»:

Думаю, што пах канюшыны найлепш кажа пра Беларусь. Асабліва белай канюшыны, только-толькі скошанай на полі.

Лілія Кобзік, рэдактар газеты «Туризм и отдых»:

З дзяцінства памятаю пах вяндліны ў бабулінай каморы. Дзіўна, але галоўнае ў гэтым паху было ўсё ж не мяса, а спецыі, якія разам з уласным водарам каморы і цемрай стваралі нейкую касмічную атмасферу. Гэты бадзёры водар спецый – каляндры, базіліка, кмену, лаўровага ліста, чорнага духмянага перцу – найбольш асацыіруецца ў мяне з Беларуссю. Можна яшчэ ў бутылечку для турыстаў дадаць бергамот і тое, што парэкамендуюць прафесіянальныя парфумеры. І хоць гэтыя расліны не характэрны для нашай мясцовасці, але менавіта такі пах я лічу найбольш адметным – можа, нават не для сённяшняй Беларусі, а для нейкай ідэальнай, прыватнай. У нас часта можна пачуць запах бэзу, але, на мой погляд, ён надта моцны, каб яго рабіць інгрыдыентам нацыянальнага водару. Дарэчы, для мяне Беларусь мае, хутчэй, мужчынскі, брутальны пах.

Васіль Сёмуха, беларускі перакладчык:

Самы прыемны водар – прыродны, асабліва ў маі. Тады кожны дзень пахне па-новаму: ажываюць расліны, распускаюцца кветкі. Па полі развозяць і раскідваюць гной. Як бы брыдка гэта ні гучала, але менавіта гэты водар у мяне асацыіруецца з Беларуссю.  

Андрэй Лянкевіч, фатограф:

Перш-наперш, трэба прыдумаць міф пра нашу краіну, а тады ўжо з’явіцца і нацыянальны пах. Без падання ці легенды гэта немагчыма. Што мы маем зараз? Няма нават агульнай гісторыі, таму няма пахаў, таму няма Беларусі.

Яўген Ліпковіч, блогер:

Справа ў тым, што Беларусь існуе ў дзвюх рэчаіснасцях – рэальнай і ідэальнай. Ідэальная рэчаіснасць – гэта тое, як бы нам хацелася выглядаць у вачах турыстаў і замежнікаў. Дык вось, паводле рэальнага нацыянальным пахам можа быць перагар – гэта я кажу як чалавек, які некалькі год працаваў на заводзе. А паводле ідэальнага, гэта пах дурніцаў – не блытаць з чарніцамі, бо дурніцы маюць свой адметны водар.

 

А на ваш погляд, які нацыянальны водар у Беларусі?