https://www.traditionrolex.com/8

Прычына – высокі ўзровень радыяцыі

Палац былога генерал-губернатара Фінляндыі Мікалая Герарда, які месціцца ў вёсцы Дзям'янкі Добрушскага раёна, не падлягае ўключэнню ў турыстычныя маршруты праз высокі ўзровень радыяцыі на той зямлі.

Вёска Дзям'янкі адна з самых брудных кропак Добрушскага раёна. Адсяляць людзей тут пачалі ў канцы 80-х. З тых часоў панскі дом, як называюць яго мясцовыя, таксама стаў экспанатам змрочнага чарнобыльскага музея.

Маёнтак Дзям'янкі з 1876 года належаў Мікалаю Мікалаевічу Герарду. Ён быў даволі вядомай асобай у Расійскай імперыі, распавядае дырэктар Добрушскага краязнаўчага музея Аляксандр Агееў.  Мікалай Мікалаевіч займаў пасады міравога суддзі Пецярбурга, старэйшага старшыні Варшаўскай судовай палаты, члена Дзяржаўнага Савета. А ў 1905 1908 гадах Герард быў генерал-губернатарам Фінляндыі.

У канцы XIX стагоддзя ў Дзям'янцы Мікалай Мікалаевіч пабудаваў сабе шыкоўную трохпавярховую сядзібу, разбіў парк.

У доме выкарыстаны элементы псеўдарускага стылю. Прастакутная вежа дэкараваная зубцамі. Прыцягвае ўвагу архітэктурнае аздабленне вокнаў, сцен, кутоў будынка, выкананае ў духу старажытнарускага дойлідства, – працягвае дырэктар музея.  Прыродны ландшафт на месцы палаца дазволіў Герарду стварыць арыгінальную паркавую кампазіцыю, размешчаную на двух узроўнях.

Верхні і ніжні ярусы парку злучаліся лесвіцай. У маёнтку раслі не толькі мясцовыя віды дрэў і кустоў, але і рэдкія, нават экзатычныя: горкі каштан, каласістая ірга, татарскі бружмель, чорная хвоя, вастралісты клён Шведлера. Многія з іх захаваліся.

Пасля рэвалюцыі 1917-га маёнтак быў нацыяналізаваны, і ў палацы арганізавалі дзіцячы дом-інтэрнат. У далейшыя савецкія гады да Чарнобыльскай катастрофы ў сядзібе размяшчалася спецшкола, а летам маёнтак выкарыстоўваўся пад піянерскі лагер.

«Пасля таго, як здарыўся выбух, людзей з Дзям’янаўкі выселілі, зараз там ніхто не жыве. І побач з палацам праходзіць пост – праезд на тэрыторыю забаронены», – тлумачыць кіраўнік аддзела культуры Добрушскага райвыканкама Рыгор Козыраў. Па ягоных словах, будынак зараз закансерваваны, але развіваць турызм у гэтым накірунку пакуль немагчыма. «Увесь час праводзіцца маніторынг, каб вызначыць узровень радыяцыі. Мы спадзяёмся, што Савет Міністраў перагледзіць зоны адсялення, мы лічым, што радыяцыя змяншаецца. У такім выпадку межы паста зменяцца і да палаца ізноў змогуць прыязджаць людзі», – кажа чыноўнік.

Нягледзячы на сцвярджэнне ўлад, што будынак закансерваваны, ягоны стан увесь час пагаршаецца. І былая генеральская сядзіба сёння выглядае непрэзентабельна. Масіўны чатырохарачны мост, вялізны і велічны парк ды сам будынак патрабуюць неадкладнага клопату, каб магчымым у будучыні турыстам яшчэ засталося на што паглядзець.

https://www.traditionrolex.com/8